У КУВСП імя Маркава ўборачная перасягнула экватар
02.08.2018
—
Сельское хозяйство
|
Хуткімі тэмпамі цяпер ідзе ўборачная кампанія ў КУВСП імя Маркава. З самага пачатку аграрыяў, як і ў астатніх гаспадарках, стрымлівалі дажджы, але, тым не менш, надвор’е ўсталявалася і камбайны кожны дзень выходзяць на абмалот зерневых. Гаспадарку мы наведалі ў апошні дзень ліпеня. Пяць адзінак камбайнаў працавалі за вёскай Савуткі ва ўрочышчы Пучынскі. Тут на 98-гектарным полі заканчвалі ўбіраць гібрыднае жыта гатунку “бона Ф1”. — Дадзены гатунак гібрыднага жыта мы леташняй восенню пасеялі ўпершыню, — тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Захаравіч Лазарэц. — І, як бачна, не памыліліся, бо важкі колас даў добрую щраджайнасць. Наогул, азімыя зерневыя ў сярэднім далі на круг 32 цэнтнеры, на некаторых участках ураджайнасць перавышала 45 цэнтнераў з гектара. За перыяд маёй працы ў КУВСП імя Маркава у найлепшыя гады валавы збор зерневых даходзіў да лічбы амаль у шэсць тысяч тон. Сёлета плануем сабраць не менш за тры тысячы. Цяпер перайшлі на авёс, яго нам трэба ўбраць з плошчы 171 гектар. Па-рознаму на палях паспявае і ячмень. Спадзяёмся, калі будзе добрае надвор’е, то прыкладна за дзесяць дзён мы павінны закончыць уборачную кампанію. Гаруча-змазачныя матэрыялы заўсёды маюцца ў наяўнасці, таму прастою тэхнікі няма і работнікі працуюць са станоўчым настроем. Далёка не першая ўборачная кампанія для камбайнераў Станіслава Странчэўскага, Віктара Катовіча, Дзмітрыя Осіпава, Аляксандра Руткоўскага. А Віктар Замбжыцкі наогул сёлета дваццаты сезон садзіцца за штурвал камбайна. Ён пачынаў убіраць збажыну яшчэ на “Ніве”, дзесяць сезонаў працаваў на славутых “Донах”, а апошнія гады — на камбайне айчыннай вытворчасці “Палессе” КЗС-1218. Лідарам жа па намалотах з’яўляецца Станіслаў Странчэўскі. На 2 жніўня камбайнер запісаў на свой рахунак 490 тон збожжа. Чацвёрты сезон запар падчас уборачнай кампаніі разам з бацькам працуе і яго сын Вадзім. На летніх канікулах у час вытворчай практыкі хлопец садзіцца за руль трактара свайго бацькі, калі той пераходзіць на камбайн. Вадзім адвозіць зерне і, дарэчы, з’яўляецца перадавіком на гэтым відзе работ. Нягледзячы на тое, што на адвозцы зерня задзейнічаны грузавыя аўтамабілі, Вадзім на МТЗ-82 значна іх апярэджвае, за дзень робіць па 10—12 рэйсаў з поля на збожжаток. На свой рахунак ён ужо запісаў 458 тон перавезенага збожжа. Хлопец у хуткім часе заканчвае навучанне ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, ён будзе інжынерам. Па стане на 2 жніўня ў КУВСП імя Маркава ўбрана 50 працэнтаў плошчы зерневых культур, намалочана 1994 тон збожжа ўраджаю 2018 года. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|