На Карэліччыне хлебны ўраджай убраны на 98% пасяўных плошчаў. Агульны каравай раёна склаў 84472 тоны збожжа. На жніве-2018 вызначыліся і свае лідары. Больш 14600 тон зерня сабраў СВК “Маяк-Заполле”. У СВК “Жухавічы” аграрыі намалацілі амаль 11800 тон збожжа. Агульны намалот СВК “Свіцязянка-2003” склаў крыху больш 11 тысяч тон зерня.
У раёне на раніцу 17 жніўня зерневыя і зернебабовыя засталіся неабмалочанымі на 366 гектарах, што складае 2% ад агульнай пасяўной плошчы.
Сярэдняя ўраджайнасць у Карэліцкім раёне – 44,6 ц/га, што з’яўляецца другім вынікам у вобласці. Першую прыступку займае Гродзенскі раён, дзе аграрыі атрымалі 45,6 цэнтнераў зерня з кожнага гектара. Найвышэйшую ўраджайнасць падчас сёлетняй уборачнай паказаў СВК “Маяк-Заполле” – 68,3 ц/га. На другім месцы – СВК “Жухавічы” з атрыманай ураджайнасцю 59,9 ц/га, трэцім – ДП “Племзавод “Карэлічы”, дзе атрымалі 54,6 цэнтнера збожжа з кожнага гектара.
На 100% гаспадаркамі раёна выкананы дзяржзаказ па продажу алеенасення рапсу, харчовай пшаніцы, харчовага ячменю і жыта. Засталося выканаць дзяржаўны заказ па броварнаму ячменю і крупяных культурах.
Салома ў раёне ўбрана на 17720 гектарах, што складае 83% ад абмалочаных плошчаў.
На 3776 гектарах праведзена лушчэнне ржышча.
Пад сяўбу азімых культур аграрыі раёна ўзаралі 4391 гектар, альбо 28% ад запланаваных 15660 гектараў.
На Карэліччыне распачалася пасяўная кампанія: на 252 гектарах закладзены будучы ўраджай азімага рапсу. Першым у раёне да сяўбы алейнай культуры прыступіў СВК “Жухавічы”, дзе па стану на раніцу 17 жніўня пасеяна 200 гектараў.
Аксана ЯНУШ