16 лістапада на святочным канцэрце ўшанавалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі Шаркаўшчынскага раёна
19.11.2018
—
Сельское хозяйство
|
Пра руплівасць і стараннасць працаўнікоў сяла мы часта пішам на старонках нашай газеты. Расказваем чытачам пра калектывы і асобных работнікаў вёскі. Іх нялёгкая праца заслугоўвае павагі і прызнання, бо кожны з іх карпатліва апрацоўвае хлебную ніву, самааддана працуе ў жывёлагадоўлі. У мінулую пятніцу ў гарадскім пасёлку прайшла ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Працаўнікі сяла, работнікі прадпрыемстваў раёна і ўсе жадаючыя змаглі наведаць выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, размешчаную на вуліцах Маякоўскага і Камсамольскай у гарадскім пасёлку. Больш дзесяці адзінак новых трактароў, зернеўборачных камбайнаў, корманарыхтоўчых комплексаў з прычапнымі агрэгатамі дэманстраваліся ў той дзень. Гэта толькі частка той новай сучаснай тэхнікі, якая сёлета прыйшла на дапамогу аграрыям Шаркаўшчыны, папоўніла машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў. Працягнулася свята ў раённым Цэнтры культуры, дзе ва ўтульнай глядзельнай зале прайшла асноўная частка ўрачыстасці. Гучала святочная музыка, удзельнікі і запрошаныя госці мерапрыемства размясціліся на сваіх месцах. Гук фанфар абвясціў пра пачатак свята. — Добры дзень, слаўныя працаўнікі Шаркаўшчынскага раёна! Шчыра вітаем усіх, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, з вялікай адданасцю высакароднай справе памнажае дабрабыт нашага краю, — ўрачыста і ўзнёсла прамовілі са сцэны вядучыя праграмы. — Паважаныя землякі, дарагія сябры, — звярнуўся з трыбуны да прысутных старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — Для шаркаўчан сельская гаспадарка — не толькі асноўная сфера занятасці і крыніца даходу, гэта яшчэ і лад жыцця, тая аснова, без якой нельга развівацца. Ад стану аграрнага сектара, кваліфікаваных спецыялістаў, адказных работнікаў галіны залежыць не толькі эканамічны, але і сацыяльны дабрабыт раёна. Усім удзельнікам сённяшняга свята добра вядома, што поспех на палях і фермах не дасягаецца лёгка. Сёлета аграрыі змаглі атрымаць 30.166 тон збожжа. Выкананы дзяржзаказы па продажы харчовага збожжа, півавараннага ячменю, рапсу. Вытворчасць рапсу павялічана больш чым на 1.000 тон. Травяністых кармоў нарыхтавана на 130% да ўзроўню мінулага года. Тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі за 10 месяцаў 2018 года склаў 112% да мінулагодняга ўзроўню. На 17% узрасла выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, прадукцыйнасць працы ўзрасла на 21,2%, што дазволіла павысіць заработную плату ў гаспадарках на 26%. Атрыманы прыбытак ад рэалізацыі малака, зерня і рапсу. Узровень рэнтабельнасці малака склаў 32,6%, зерня — 10,5%, рапсу — 9,0%. Сёлета пасеяна азімых зерневых у 2,5 раза больш, чым у 2017 годзе. У сельскай гаспадарцы, як вядома, многае залежыць ад людзей, ад іх вопыту і адносін да справы. У гэтым годзе камбайнерамі-тысячнікамі сталі Юрый Ардынскі з ААТ “Даватарскі” і Станіслаў Странчэўскі з КУВСП імя Маркава. Механізатар ААТ “Жвіранка” Віктар Цімафееў заняў першае месца ў вобласці па нарыхтоўцы травяністых кармоў у стрэйч-плёнку. Паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі, калегі! Мы з вамі пераадолелі яшчэ адзін сельскагаспадарчы год, і якія б іспыты ні пасылала нам надвор’е, мы не страцілі жаданне працаваць на зямлі і па-ранейшаму застаёмся вернымі выбранаму шляху. Асаблівыя словы ўдзячнасці выказваю нашым ветэранам аграпрамысловага комплексу. Гэта вашай працай створана тая аснова, якая дазваляе сёння развіваць АПК, перадаваць ад бацькі да сына любоў да нялёгкай сельскай працы. Дарагія сябры! Няхай усім вам, пачынаючым і вопытным, спадарожнічае поспех. Моцнага здароўя, аптымізму і дабрабыту, міру і дабра вам і вашым сем’ям! Са святам! Дзмітрый Міхайлавіч уручыў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь дырэктару ААТ “Княж” Уладзіміру Пятровічу Буда. Дырэктар ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама перадавікам сельгасвытворчасці. На сцэну для ўзнагароджвання па чарзе падымаліся кіраўнікі сельгасарганізацый і спецыялісты, механізатары і вадзіцелі, жывёлаводы і прадстаўнікі іншых прафесій, хто сваімі працавітымі рукамі робіць важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі нашага рэгіёну. Віншаванні са святам прысутным адрасаваў і першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Валянцінавіч Струй. Ён узнагародзіў Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі перадавікоў сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета, як і ў мінулыя гады, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў АПК правяло сярод сельгаспрадпрыемстваў конкурс на лепшую кампазіцыю з рулонаў саломы. Дыпломы і грашовыя прэміі за трэцяе месца ў конкурсе атрымалі КУВСП “Гарадзец” і ААТ “Агратэхсэрвіс”. За другое месца — ААТ “Буеўшчына”, “Ельня-Агра”, “Княж” і КУВСП “Гарадзец”. Пераможцамі конкурсу сталі ААТ “Даватарскі” і “Жвіранка”. На свята завітала і вядучы спецыяліст УПП “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” Людміла Латышонак. Яна ўручыла грашовыя прэміі за здадзеную прадукцыю дырэктарам ААТ “Даватарскі” (М. А. Атопкін), ААТ “Ельня-Агра” (М. М. Якімовіч) і ААТ “Княж” (У. П. Буда). Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін уручыў Падзякі Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў намесніку галоўнага бухгалтара ААТ “Агратэхсэрвіс” Марыне Зінкевіч, галоўнаму аграному-насенняводу раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валянціне Пальшынай і загадчыку мехмайстэрняў ААТ “Княж” Вадзіму Раткевічу. Ігар Віктаравіч уручыў таксама Падзякі раённага аб’яднання прафсаюзаў грузчыку філіяла “Шаркаўшчынскі кансервавы завод” Віктару Андрэйчыку і кантралёру харчовай прадукцыі гэтага прадпрыемства Алене Малковай. А якое ж свята без добрых, вясёлых і мілагучных песень, танцаў ды музыкі? На працягу некалькіх гадзін пазітыўны настрой працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці дарылі работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і раёна. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|