В агрогородке Райца две семьи справили новоселье. 21.by

В агрогородке Райца две семьи справили новоселье

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ ў чэрвені гэтага года на вуліцы Гастэлы ў аграгарадку Райца быў пустуючы кавалак зямлі. Сёння ж на гэтай плошчы радуюць вока тры новазбудаваныя аднакватэрныя дамы, у двух з якіх зусім хутка адзначаць наваселле шчаслівыя ўладальнікі асабістых квадратных метраў.


– Укладваць фінансавыя сродкі ў будаўніцтва новых вытворчых аб’ектаў і жылля – значыць ісці наперад і развівацца, – упэўнены старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач. – Кваліфікаваныя кадры застануцца ў сельскай мясцовасці тады, калі будуць упэўнены ў заўтрашнім дні: мець дастойны заробак і ўласнае жыллё. Менавіта вырашэнню жыллёвага пытання спецыялістаў гаспадаркі надаецца першачарговая ўвага. Уладзімір Галавач як сапраўдны гаспадар з’яўляецца прыхільнікам таго, што кожны сельскі чалавек павінен жыць у прыватным доме з уласным прысядзібным участкам, на якім можна пасадзіць агарод, сад, уладкаваць кветнік.


Пад уплывам такіх меркаванняў старшыні гаспадаркі і з’явілася вуліца Гастэлы ў Райцы, дзе з 2010 года было пабудавана больш за 20 асобных дамоў для спецыялістаў СВК. Перад тым, як аддаць перавагу той ці іншай будаўнічай кампаніі, быў разгледжаны не адзін варыянт індывідуальнай забудовы, выслуханы не адзін водгук жыхароў, якія ўжо жывуць у дамах зборна-шчытавой канструкцыі. Да прыкладу, старшыня СВК разам са спецыялістамі гаспадаркі ездзіў у катэджны пасёлак Ласосна пад Гродна, які некалькі гадоў таму быў здадзены пад ключ ААТ “Гроднажылбуд”. У выніку вырашылі аддаць перавагу гэтай будаўнічай кампаніі, якая ў поўнай ступені спалучае якасць пабудаванага жылля з цанавой палітыкай.

Камфорт новабудоўляў пашчасціла адчуць асабіста. Утульна, светла і прасторна. У кожным доме плошчай 81,7 квадратных метраў створаны выдатныя ўмовы для пражывання: тры вялікія жылыя пакоі і кухня, устаноўлены драўляныя шклопакеты, міжпакаёвыя дзверы і сантэхніка, пакладзены ламінат і керамічная плітка ў ванным пакоі, прадугледжана газавае ацяпленне. Шчаслівым навасельцам засталося толькі на свой густ паклеіць шпалеры.

– На будаўнічым рынку ААТ “Гроднажылбуд” працуе не першы год і добра сябе зарэкамендавала, – падзяліўся прараб Станіслаў Ласко. – У Гродзенскай і Мінскай абласцях нашымі спецыялістамі пабудавана больш за 100 дамоў. У Карэліцкім раёне жыллё ўзводзім ўпершыню.

На будаўніцтва кожнага дома СВК “Свіцязянка-2003” было затрачана каля 75 тысяч рублёў. Дадаткова за сродкі сельгаспрадпрыемства каля кожнай новабудоўлі ўзведзена гаспадарчая пабудова. На сённяшні дзень вядуцца работы па ўстаноўцы жалезабетоннай агароджы.


Шчаслівымі ўладальнікамі жадаемых квадратных метраў сталі сем’і Кірыла Яўцеева, які працуе тэхнікам-асемянатарам на МТФ “Райца”, і жывёлавода той жа фермы Сяргея Сташчанюка. Задаволеныя навасельцы з радасцю дзяліліся ўражаннямі.

– На працягу 7 гадоў жылі ў інтэрнаце ў Райцы. Безумоўна, умовы пражывання там былі добрыя, але ўсё ж такі асобны дом ні з чым не параўнаеш, – адзначыў Кірыл Яўцееў. – Да таго ж мы атрымалі 15 сотак зямлі, якія абавязкова добраўпарадкуем. Ведаеце, адразу бачна, што работнікі “Гроднажылбуд” працавалі, як кажуць, на сумленне. Настолькі ўсё акуратна зроблена!


Каля аднаго з новазбудаваных домікаў чуецца дзіцячы смех. Пакуль Сяргей і Людміла Сташчанюк з цікавасцю аглядаюць уласную кватэру, іх дзеці Мацвей, Паліна і Насця паспелі згуляць у даганялкі.

– Зараз месца хопіць усім, – з усмешкай падзялілася маладая матуля. – Мы вельмі рады, што атрымалі дом у аграгарадку. Тут і да работы блізка, і да дзіцячага садка рукой падаць. Ведаеце, нам вельмі пашанцавала: дзесьці ў пачатку года сталі на чаргу, а ўжо сёння маем уласны дом. Безумоўна, хочацца выказаць вялікую падзяку кіраўніцтву гаспадаркі.

Нягледзячы на дасягнутыя поспехі, у СВК “Свіцязянка-2003” на лаўрах не спачываюць, а робяць стаўку на развіццё вытворчасці і ўдасканаленне тэхналагічных працэсаў. Надзвычай важным аб’ектам гаспадаркі за апошнія два гады стала будаўніцтва даільнай залы і двух кароўнікаў на 610 месцаў, куды была пераведзена частка пагалоўя з МТФ “Райца”. На старой ферме сёння ідзе рэканструкцыя. Мадэрнізуецца і ферма “Міратычы”, дзе будзе ажыццяўляцца адкорм буйной рагатай жывёлы.

– Работы па рэканструкцыі ферм будуць працягвацца ў наступным годзе, – падзяліўся Уладзімір Галавач. – Да таго ж плануем узводзіць новае жыллё як на вул. Гастэлы, так і ў цэнтры Райцы, дзе быў знесены пустуючы дом.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ ў чэрвені гэтага года на вуліцы Гастэлы ў аграгарадку Райца быў пустуючы кавалак зямлі. Сёння ж на гэтай плошчы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика