“Рапс — гэта высокадаходная культура, вельмі рэнтабельная ўжо пры ўраджайнасці 15 цэнтнераў. Вы сёння маеце па азімым рапсе 20 цэнтнераў. Гэта высокаўраджайная культура”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю.
У нашым раёне азімы рапс займаў 2525 гектараў. З кожнага сабралі ў сярэднім па 41,6 цэнтнера алейнага насення. Значна вышэй яго ўраджайнасць у ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — 52,2 ц/га. Па 46,5 ц/га сабралі у ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная”, 45,2 — у СВК “Агракамбінат Сноў”, па 44,6 — у ААТ “Новае жыццё” і “Сейлавічы”.
На значных плошчах гэтая культура размяшчалася ў “Снове” — 710 га, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 300 га, ААТ “Лань-Нясвіж” — 290 га. Снаўчане сабралі 3207,5 тоны алейнага насення. Болей за тысячу тон — “Агракамбінат Нясвіжскі” і “ЭБ “Свеклавічная”.
Вось у галоўнага агранома апошняй гаспадаркі Яўгена Саліты мы і паціка-віліся, за кошт чаго дасягнуты добры ўраджай рапсу.
— Тэхналогію вырошчвання строга захоўвалі. Рапс промахаў не церпіць, — расказаў Яўген Вадзімавіч. — І папярэднікі падабралі правільныя, і мінеральныя ўгнаенні ўнеслі пад поўную патрэбу. Перазімавалі пасевы добра, на 90 % — за кошт восеньскай апрацоўкі рэгулятарам росту. Мы прытармазілі развіццё надземнай масы, а каранёвая сістэма, наадварот, умацавалася, таўшчэйшай стала каранёвая шыйка.
Вясной зноў апрацавалі рэгулятарам росту для раўнамернага фарміравання парасткаў (апошніх вырасла па 16-17 на кусце), раўнамернага цвіцення і паспявання насення.
Убіралі рапс збожжаўборачнымі камбайнамі са спецыяльнымі прыстаўкамі для гэтай культуры. Іх у нас чатыры. На ўборцы працавалі камбайнеры Пётр Губей, Андрэй Власін, Андрэй Макарэвіч і Вадзім Мархель. Калі малацілі рапс, сярэдняя вільготнасць насення была 18 — 22 %. Дапрацавалі яго на комплексе ЗСК-4Ш “Амкадор”. Аператары Максім Русецкі і Руслан Янушкевіч добрасумленна выконвалі сваю работу, сачылі за якасцю насення. Пры намалоце 1161 тоны пасля ачысткі і сушкі засталося 987 тон алейнага насення. Рэфракцыя склала 15 %, а гэта добры паказчык.
Усё алейнае насенне рэалізавалі перапрацоўшчыкам, прытым львіную долю — ЗАТ “Аблрапсаграсэрвіс”. Частку сыравіны яны аплачваюць грашыма, за частку адпускаюць нам шрот і макуху.
Зараз у “Свеклавічнай”, адначасова з уборкай ураджаю, рыхтуюць глебу пад новую сяўбу азімага рапсу. Механізатар Уладзімір Дайнэка рассявае фосфар і калій на полі, дзе дагэтуль рос яравы ячмень. Механізатар Уладзімір Панкрат заворвае глебу. Як і летась, азімы рапс размесціцца тут на плошчы 250 гектараў.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.