Источник материала:
Наблізіўся да свайго завяршэння сельскагаспадарчы год. Нялёгкім ён быў для аграрыяў. Надвор’е часта выпрабоўвала іх на трываласць: снежныя сумёты, дажджы і засуха ўносілі свае адмоўныя карэктывы. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргеем Валянцінавічам Струём.
— Ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць развіццё эканомікі раёна. Для аб’ектыўнай ацэнкі працы аграрыяў неабходна ўлічваць умовы, нягледзячы на якія ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў. Шматлікія цяжкасці мы пераадолелі, дзякуючы пастаяннай увазе да сельскагаспадарчай вытворчасці з боку Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, урада, кіраўніцтва вобласці і раёна.
Сельгаспрадпрыемствы змаглі сёлета атрымаць амаль 40 тысяч тон зерня, што на 35 працэнтаў больш, чым у 2018 годзе. Нягледзячы на тое, што сёлета было засушлівае лета, гаспадаркі раёна нарыхтавалі 7,7 тысячы тон сена, 70 тысяч тон сенажа, 57,5 тысячы тоны сіласу. У сярэднім на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 20 цэнтнераў кармавых адзінак.
Ёсць свае станоўчыя паказчыкі і ў жывёлагадоўлі. Атрымана больш 22 тысяч тон малака. Узраслі сярэднія надоі на адну карову да 58 кілаграмаў у параўнанні з мінулым годам. Вытворчасць БРЖ павялічылася на 3,7 працэнта.
Усё гэта дало магчымасць атрымаць сельгаспрадпрыемствам звыш 26 мільёнаў рублёў прыбытку ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. На 16 працэнтаў узрасла і вытворчасць працы, вырас сярэдні заробак работнікаў гаспадарак.
Сёлета 9 камбайнераў намалацілі звыш адной тысячы тон зерня. 11 вадзіцеляў перавезлі падчас жніва больш тысячы тон зерня кожны. Такімі паказчыкамі мы ўнеслі свой важкі ўклад у эканоміку раёна, вобласці і краіны.
Карыстаючыся магчымасцю, напярэдадні нашага прафесійнага свята віншую ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з працай на зямлі! Хочацца ад шчырага сэрца пажадаць не толькі моцнага здароўя, дабрабыту, але і здзяйснення новых запаветных мар і жаданняў!
Сяргей РАЙЧОНАК.