Некалькі дзён таму, праязджаючы па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Вялікія Жухавічы, дзе работнікі ДРБУ-158 выконвалі бягучы рамонт участка дарогі, і, гледзячы на адноўленыя Дом культуры і сталовую гаспадаркі, добраўпарадкаваную прылягаючую тэрыторыю, адразу зразумела, што населены пункт рыхтуецца да асаблівага мерапрыемства. Так яно і ёсць. Сёння ў самым цэнтры Жухавіч праходзіць раённае свята “Дажынкі”, напярэдадні якога прынята падводзіць вынікі работы ў сельскай гаспадарцы. Аб поспехах і дасягненнях раслінаводчай і жывёлаводчай галін СВК “Жухавічы” расказвае яго старшыня Дзмітрый ЯНКОЎСКІ.
– Сёлета аграрыі гаспадаркі зрабілі ўсё магчымае, каб сабраць добры ўраджай з жухавіцкіх палёў, – дзеліцца старшыня СВК. – Была поўнасцю выканана тэхналогія вырошчвання ўсіх сельскагаспадарчых культур. Аднак адсутнасць дастатковай колькасці ападкаў сказалася на росце і развіцці раслін. Тым не менш, мы атрымалі нядрэнную ўраджайнасць зерневых культур – 67,2 ц/га. Агульны намалот зерня перавысіў паказчык мінулага года на дзве тысячы тон і склаў 13700 тон.
Рапсавыя палеткі таксама аддзячылі за прыкладзеныя намаганні. З кожнага гектара сабралі 40,8 цэнтнера, атрымаўшы ў цэлым 1368 тон алейных зярнят. Кожны гектар пад цукровымі буракамі даў 702 цэнтнера салодкіх караняплодаў.
З асаблівай павагай ставяцца ў “Жухавічах” да наліўных і сакавітых яблыкаў, а яблыневы сад з’яўляецца своеасаблівай разынкай гаспадаркі. Ураджай, які сёлета не змог парадаваць так, як у мінулым годзе, сабралі ў аптымальныя тэрміны. Атрымалі дзесьці 200 тон таварных яблыкаў, якія карыстаюцца попытам на тэрыторыі раёна. Набыць жухавіцкую садавіну можна па цане 1 рубель за кілаграм. 100 тон яблыкаў пакінулі ў якасці стабілізацыйнага фонду.
Пэўных вынікаў дасягнулі і жывёлаводы СВК “Жухавічы”. За 10 месяцаў валавая вытворчасць малака склала 10576,5 тон малака, альбо 102,3% да ўзроўню мінулага года. На адну ўмоўную рагулю надоена 6582 кг малака. Агульны дойны статак гаспадаркі – 1619 кароў, з якіх 820 утрымліваюцца на МТК “Вялікія Жухавічы-1000”.
– Штодзень ад рагулі атрымліваем 21,2 кг малака. Як вынік кожны дзень на перапрацоўку ў Навагрудак адпраўляем каля 17 тон сыравіны, – расказвае ўпраўляючая комплексу Людміла Коўзусь. – Наш працоўны калектыў – 47 чалавек. Усе яны старанна выконваюць свае абавязкі. Безумоўна, вялікая адказнасць за якасць і колькасць малака ляжыць на плячах аператараў машыннага даення, кожная з якіх за тры дойкі ў дзень абслугоўвае 620 кароў.
Адметнасцю СВК “Жухавічы” з’яўляецца комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы “Пясочная”, які з года ў год паказвае стабільныя вынікі. Калі ў 2018 годзе сярэднясутачныя прывагі былі 828 грамаў, то ў бягучым годзе гэтая лічба складае 830 грамаў. Валавая прывага склала 1329 тон. Ялавічына рэалізуецца ў асноўным на ААТ “Слонімскі мясакамбінат”.
У кожнай гаспадарцы ёсць працаўнікі, якія, узяўшыся за справу, абавязкова зробяць яе найлепшым чынам. У “Жухавічах” іх нямала. Нельга не назваць трактарыста-машыніста гаспадаркі Сяргея Зарубайку, які з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўдастоены Падзячнага пісьма старшыні райвыканкама. Старанная праца механізатара была двойчы адзначана на рэспубліканскіх “Дажынках”, удзельнікамі якіх ён з’яўляўся.
Працаўніка Сярея Зарубайку, які прыйшоў у гаспадарку ў 1995 годзе, можна смела назваць універсальным механізатарам. Падчас корманарыхтоўчай кампаніі ён умела ўпраўляецца з 9-метровай касілкай, на жніве – механізатар адзін з перадавікоў уборкі. Ды і на ўздыме зябліва яму няма роўных.
– Восенню працаваць нялёгка, асабліва пасля дажджоў, – дзеліцца Сяргей Зарубайка. – Трактар буксуе, розныя сітуацыі здараюцца. Каб якасна выканаць работу, плугі неабходна добра адрэгуляваць. Толькі тады поле будзе ідэальна роўным. Колькі за дзень магу ўзараць? У залежнасці ад даўжыні поля. Калі яна дзесьці кіламетр, то гектараў пад 30. Часам поўнага бака паліва не хапае. Зразумела, за цэлы дзень працы за рулём і вочы стамляюцца, і ногі, і спіна. Спецыяльна на работу на машыне не езджу. Добра пасля працоўнага дня пешшу прайсціся. Увогуле ў сельскай гаспадарцы лёгкай работы не знойдзеш. Але хто будзе працаваць, калі не мы?
Пасля размовы з аграрыем падумалася: “Кожны з іх: механізатар, аператар машыннага даення або жывёлавод – герой сваёй прафесіі, майстар сваёй справы, які не шукае ўзнагарод і прызнання, а шчыра працуе на роднай зямлі”.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара