Няма перашкодаў у гандлi памiж Беларуссю i Украiнай
21.08.2009
—
Новости Общества
|
Пра гэта ўчора на прэс-канферэнцыi заявiў пасол Украiны ў Беларусi Ігар Лiхавы. — Няма нiякiх перашкодаў для свабоднага гандлю памiж нашымi краiнамi, — даслоўна заявiў пасол. Паводле слоў спадара Лiхавога, сустрэча прэм'ер-мiнiстраў нашых краiн у чэрвенi ў Кiеве пацвердзiла гатоўнасць дзвюх дзяржаў не дапускаць антыдэмпiнгавых расследаванняў. Нагадаем, што раней украiнскiя ўлады выказалi заклапочанасць з нагоды росту паставак таннага беларускага цукру ў сваю краiну. Гэта было звязана з тым, што ўкраiнскiя цукравытворцы паднялi кошты на сваю прадукцыю. Такiм чынам, iмпартаваць беларускi цукар аптовым гандлярам i аптовым сеткам стала больш выгадна. З-за гэтага неслi страты ўнутраныя вытворцы. А так, як адзначыў пасол, узровень эканамiчнага i тэхнiчнага развiцця Беларусi, без сумневу, прыцягвае Украiну. Вельмi многiя беларускiя грамадзяне купляюць апошнiм часам нерухомасць ва Украiне, у першую чаргу — ля мора, купляюцца дамы, зямельныя ўчасткi, укладваюцца сродкi ў прадпрыемствы. Пры гэтым, па яго словах, у канцы 2008 — пачатку 2009 года аб'ём двухбаковых эканамiчных адносiнаў крыху знiзiўся. Гэта ў першую чаргу звязана з уплывам мiжнароднага фiнансавага крызiсу. Таксама вельмi прыцягальным i актуальным апошнiм часам выглядае праект па пастаўцы каспiйскай нафты ў краiны Балтыi. Азербайджан даў згоду на пастаўку нафты. — Тут ёсць i палiтычны складнiк, але эканамiчная мэтазгоднасць i карысць у гэтым выпадку несумненныя, — адзначыў пасол. — Пройдзе некаторы час, калi мы атрымаем танную каспiйскую нафту, у якой зацiкаўлены i еўрапейскiя, i беларускiя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Украiнскi пасол нагадаў, што летась тавараабарот Беларусi i Украiны склаўся на ўзроўнi 4,9 млрд долараў, а з улiкам паслуг — 5,3 млрд, украiнскiя фермеры закупiлi амаль 9 тыс. беларускiх трактароў. У лiку асноўных напрамкаў далейшага беларуска-ўкраiнскага супрацоўнiцтва пасол назваў энергетыку. На яго думку, пытанне актуальнае яшчэ таму, што Беларусь i Украiна — транзiцёры энергарэсурсаў. — Украiна заўжды была зацiкаўлена ў Беларусi. Беларусь заўжды застаецца для нас важным стратэгiчным партнёрам, — падкрэслiў Iгар Лiхавы. Настасся ЗАНЬКО. |