Ахвяры пандэмiчнага грыпу пакуль толькi сярод дзятвы
25.08.2009
—
Новости Общества
|
Мiнiстэрства аховы здароўя пацвердзiла яшчэ два выпадкi заражэння высокапатагенным вiрусам грыпу А/Н1N1 у дзяцей, якiя ў складзе арганiзаванай групы выязджалi на аздараўленне ў Вялiкабрытанiю: зараз яны знаходзяцца ў бальнiцы i атрымлiваюць адпаведнае лячэнне. Стан iх здароўя медыкi ацэньваюць як здавальняючы. Такiм чынам, у Беларусi зарэгiстравана ўжо 6 лабараторна пацверджаных выпадкаў iнфiцыравання вiрусам А/H1N1: адзiн — у грамадзянiна КНР i пяць — сярод беларускiх дзяцей, што выязджалi за мяжу на аздараўленне. Зараз у краiне прымаюцца ўсе меры па недапушчэннi распаўсюджвання высокапатагеннага вiрусу грыпу. Узмоцнены санiтарна-эпiдэмiялагiчны кантроль у аэрапортах i iншых пунктах пропуску на беларускай мяжы. Правяраюцца ў тым лiку i транзiтныя авiярэйсы. Праводзiцца штодзённы манiторынг захваральнасцi насельнiцтва на вострыя рэспiраторныя захворваннi. Наладжана правядзенне лабараторных даследаванняў па выяўленнi вiрусаў грыпу ў клiнiчных узорах ад хворых з вострымi рэспiраторнымi захворваннямi. Праводзяцца дыягнастычныя даследаваннi ўзораў матэрыялаў ад хворых з падазрэннем на высокапатагенны грып, якiя звярнулiся па медыцынскую дапамогу. Медыкi настойлiва раяць усiм беларускiм грамадзянам, якiя прыязджаюць з замежжа, пры з'яўленнi любых "прастудных" сiмптомаў абавязкова звяртацца ў медыцынскiя ўстановы i iнфармаваць спецыялiстаў аб сваёй замежнай вандроўцы. Надзея НІКАЛАЕВА. |