Ушанаванне продкаў
25.08.2009
—
Новости Общества
|
Можна без перабольшанняў сказаць, што гэта адзiн з самых галоўных прынцыпаў пабудовы ўсiх рытуальна-абрадавых комплексаў сямейна-родавай i каляндарнай накiраванасцi. У некаторых абрадах гэты прынцып з'яўляўся ключавым фактарам i даволi жорстка рэгламентаваў паводзiны яго ўдзельнiкаў. Вельмi часта ў паўсядзённым жыццi мы гаворым пра нашы няўдачы: <І>"Першы блiн камяком" . Пры гэтым не двухсэнсоўна наракаем на тое, што першы спечаны блiн насамрэч бывае няўдалым. Аднак гэты крылаты выраз нiяк не звязаны з "прафесiяналiзмам" гаспадынi ў выпяканнi блiноў. Ён хавае ў сабе глыбокi сакральны сэнс: у святочныя днi, калi сям'я збiралася за сталом, першы блiн адкладвалi на асобную талерку, ставiлi ў чырвоны кут — ахвяравалi продкам. На працягу трох дзён ён будзе захоўвацца ў самым сакральным месцы хаты, а затым яго аддадуць птушкам, якiя восенню паляцяць "у вы-рай" i перададуць гэты сiмвалiчны падарунак-ахвяру нашым продкам. За памiнальным сталом першую чарку адлiвалi памерламу. Нi адзiн з удзельнiкаў жалобнай вячэры не распачне трапезу да таго часу, пакуль кожная страва патрошку не будзе адкладзена ў талерку для памерлага. Жанчынам, у якiх памерлi дзецi, нельга было да Яблычнага Спаса есцi яблыкi новага ўраджаю, каб на "тым" свеце не пакiнуць душы памерлых без райскага падарунка Бога. У сувязi з гэтым на Спас жанчына асвячала ў храме сем яблыкаў, адносiла па адным на магiлы дзяцей i толькi потым магла пакаштаваць сама. Адсюль бярэ свой пачатак традыцыя, якая дажыла да нашых дзён: адразу пасля вянчання ў храме маладыя абавязкова наведваюць рытуальныя мясцiны, звязаныя з ушанаваннем або захаваннем нашых продкаў. Менавiта з гэтым правiлам звязана яшчэ адно пашыранае ў народнай культуры прадпiсанне. Людзi старэйшага ўзросту не раз гаварылi сакральную фразу: "Не чапай зямлю да Радаўнiцы (можа быць смерць у тваёй сям'i) i пасля Пакравоў". З гэтага правiла вынiкае толькi адно прадпiсанне: перш чым узяцца за рыдлёўку i пайсцi наводзiць парадак на прысядзiбным участку — iдзi i навядзi парадак на магiлах сваiх продкаў. Заручыся iх згодай-падтрымкай i толькi пасля гэтага распачынай цыкл земляробчых работ. У трэцюю суботу пасля Пакравоў (14.10) праваслаўныя вернiкi святкуюць Восеньскiя Дзяды — яшчэ адзiн дзень памяцi продкаў, на працягу якога яны ў думках або ўслых выказваюць словы ўдзячнасцi за ўзгадаваны багаты ўраджай, за ахову свайго роду. Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК. |