Сцяжынка першая да дзеда
04.11.2009
—
Новости Общества
|
Журналістка з Новасібірска Людміла Бяляўская стала лаўрэатам беларускага творчага конкурсу.
“У рэдакцыі новасібірскай абласной газеты «Советская Сибирь», куды я шмат пішу пра беларуска-расійскія сувязі, мне неяк сказалі: Людміла Уладзіміраўна, дзякуючы вашым артыкулам мы палюбілі вашу Беларусь! Для мяне гэта, паверце, вельмі высокая ацэнка журналісцкай працы…” — гэтак толькі пра адзін бок сваёй дзейнасці гаварыла мая калега Людміла Бяляўская на круглым стале “Дыялог дыяспар: шматнацыянальная Беларусь — беларускае замежжа”. Ён праходзіў на пачатку мая ў Мінску, а журналістка Расійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі” прадстаўляла яшчэ і новасібірскі Нацыянальна-культурны цэнтр “Беларусы Сібіры”, дзе яна таксама вельмі актыўна працуе. І з’яўляецца, да слова, віцэ-прэзідэнтам беларускай аўтаноміі ў Новасібірску. А яе радзіма — Беларусь. Паехала ў Сібір наша зямлячка больш за 30 гадоў таму як малады спецыяліст, там і засталася. Душою ж яна ўвесь час з намі, “на зямлі бацькоў”. Помніцца, казала: у гарадку Кіраўску, на Магілёўшчыне, жыве яе бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. І ў раённую газету “Кіравец” Людміла Бяляўская таксама піша “пра нашы сібірскія справы, пра сібірскіх беларусаў”. А тэксты перасылае землякам па электроннай пошце. Зрэшты, у скарочаным выглядзе тое выступленне было змешчана ў нашай газеце (№18 за 21 мая, ёсць у Архіве на нашым сайце ў інтэрнэце). І вось — прыемная навіна з Кіраўска. У раённай газеце сярод пазаштатных аўтараў сёлета праводзіўся творчы конкурс “Доўгія вёрсты вайны”, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падведзены яго вынікі, і ў намінацыі “Публіцыстыка, успаміны” пераможцай прызнана “Людміла Бяляўская, наш аўтар з Новасібірска, ураджэнка горада Кіраўска”. У газеце быў змешчаны яе артыкул “Першая сцяжынка да дзеда”. Людміла апісвае, як на свяце ў Дзень Незалежнасці ў Кіраўску “мой маленькі сібірскі ўнук упершыню паспрабаваў салдацкай кашы. З задавальненнем з’еў усё, што чарпанула яму з вялізнага катла шчодрая цётачка-паварыха”. А потым маленькі Вадзік і яго бабуля прынеслі такую ж порцыю яго прадзеду, Уладзіміру Дзмітрыевічу Бяляўскаму. Бо “на стадыён, дзе праходзіла раённае свята, ён пайсці ўжо не мог, падводзяць ногі”. Расчулены ветэран ва ўдзячнасць за такі сімвалічны падарунак успамінаў і вайну, і шпіталь, і тое, колькі было тых салдацкіх катлоў... Цёплым атрымаўся артыкул. Ён і пра тое, што малому цікавыя дзядуліны ўзнагароды, і пра новы юбілейны медаль, які ветэрану ўручылі сам раённы ваенкам і старшыня Савета ветэранаў раёна. Віншаванняў, дарэчы, было шмат і ад суседзяў па шматкватэрным доме, і ад работнікаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – яны прыйшлі з кветкамі, з акардэонам, што Уладзімір Дзмітрыевіч, сам цудоўны музыкант, успрыняў як вельмі дарагі падарунак. Сама ж дачка-журналістка з удзячнасцю згадвае былога старшыню Савета ветэранаў Пятра Уладзіміравіча Шчэрбіча, сацыяльнага работніка Марыю Сакадынец, клопатамі якіх аблегчваецца жыццё яе бацькі. Далей Л.Бяляўская піша, што і новасібірскія ветэраны-беларусы таксама атрымліваюць пастаянную падтрымку мясцовых улад. Пра іх баявую маладосць расказваецца і ў кнізе “Сібір’ю звязаныя лёсы”, якая выйшла ў Цэнтры культуры. “Майму ўнуку пашанцавала, – завяршае артыкул журналістка. – Сваё першае ў жыцці вялікае падарожжа ён здзейсніў менавіта ў Беларусь, пераадолеўшы не адну тысячу кіламетраў ад Новасібірска. Значнасць самой гэтай падзеі, як і асабістага яго знаёмства з прадзедам, ён усвядоміць пазней”. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналістка з Новасібірска Людміла Бяляўская стала лаўрэатам беларускага творчага конкурсу.
|
|