21 папярэджанне
01.12.2009
—
Новости Общества
|
Яна не адразу яго заўважыла на першай сваёй студэнцкай "бульбе". Праз некалькi дзён са здзiўленнем даведалася, што ёсць яшчэ адзiн аднакурснiк, якi ўвесь час спiць. А ён i сапраўды ўвесь час спаў — рэакцыя на стрэс. Трэба ўявiць сабе, што значыць праз пяць гадоў працы на заводзе i на будоўлi нарэшце паступiць ва ўнiверсiтэт i раптам убачыць, што тут — адны дзецi. Яна, як i ўсе астатнiя студэнты на свежым паветры, увесь час хацела есцi. Яны з дзяўчатамi прыносiлi са сталоўкi хлеб i цiшком цягалi ў гаспадароў мёд з бiклагi. Вечарам з дыскатэкi яе праводзiў iншы, i яны цалавалiся. Нарэшце яна яго ўбачыла. Але нiчога не адчула, акрамя цiкаўнасцi. Потым яны аказалiся ў адной баразне. Ён спытаў яе: "Праўда, што ты з Кабардзiна-Балкарыi?". — Яна звыкла сказала: "Так", i звыкла расказала пра Эльбрус, Нальчык i свайго любiмага сабаку. Аднойчы ён пiў разам з iншымi хлопцамi. Перабраў. І сказаў пра яе такое... У масавай лiтаратуры пра гэта не пiшуць. Хлопцы былi вельмi ўражаныя. Ва ўсякiм разе, адзiн гэта запомнiў. Праз некалькi гадоў пераказаў ёй. Але яна тады ўжо была замужам. За аўтарам. Яна толькi пасмяялася. Калi б гэта сказаў iншы, а яе будучы муж пачуў, без забойства не абышлося б. Яна доўга здзiўлялася шчаслiваму збегу абставiнаў. Потым яны вярнулiся з "бульбы", i яна сябравала з iншымi хлопцамi, а на яго не звяртала ўвагi. Пакуль аднойчы на занятках пад ёй не зламалася крэсла. Ён сядзеў за яе спiнай. Яна звалiлася на спiну, ногi дагары — горш не прыдумаеш. Вельмi перажывала, што ён мог убачыць яе жудасныя старажытныя панталоны пад спаднiцай. Яна ўвесь час мерзла пасля сваёй Кабардзiна-Балкарыi ў гэтай халоднай i снежнай Беларусi. Пасля гэтага падзення яны апынулiся разам у чарзе ў сталоўцы, яны размаўлялi i смяялiся. Упершыню яна нешта адчула. Можа гэта было толькi жаданне зразумець: убачыў ён цi не? А можа падзяка за яго далiкатнасць. Яна была ўпэўненая, што ўбачыў. А ён проста даўно чакаў момант, каб з ёй загаварыць. Нiчога, безумоўна, ён не бачыў, проста дзякаваў Богу, што такi момант, нарэшце, настаў. Цяпер ён мог прыйсцi праведаць яе, калi яна захварэе. I яна захварэла. I ён прыйшоў. Не адзiн, з сябрам. I яна закахалася ў яго сябра. Не тое нават, каб закахалася, але рашыла, што закахалася. Дзявочае сэрца ўвесь час шукае прадмет для сваiх мараў. Аднак той сябар яе не кахаў. Ён кахаў, i па-сапраўднаму, зусiм iншую дзяўчыну. Якой пакуль не рашаўся прызнацца. Сябар сказаў ёй, што кахае iншую. Яна вельмi расстроiлася. Нават залезла на дах iнтэрната. Паглядзела ўнiз i злезла. I паехала да яго. Ён вельмi ўзрадаваўся. Асаблiва калi яна спытала ў адчаi: "Цi ўзяў бы ты такую, як я, замуж?" — "Так!" — адказаў ён так палка, што яна на iмгненне падумала: магчыма, ён кажа праўду. Потым яны разам паехалi на практыку ў iншы горад. I ён насiў яе на руках праз лужыны. Вялiкiя былi лужыны, бо прайшлi моцныя лiўнi. I смачныя былi чарнiцы. Яна iх ела ўпершыню. У Кабардзiна-Балкарыi такой ягады няма. А потым яны ажанiлiся. Няправiльна ажанiлiся. Вырашылi яе бацькоў, якiя былi супраць, паставiць перад фактам. Калi паставiлi, то разыгралася сямейная драма, у вынiку якой яны напiсалi заяву аб разводзе. Яна з'ехала ў свой Нальчык. А ён застаўся. Iм абаiм было цяжка. Яна пiсала яму лiсты, яе мацi чытала iх, i драма разгаралася з новай сiлай... Ён пiў левамiцэцiн, на якi ў яго моцная алергiя, i ўрач забараняла яму хадзiць ва ўнiверсiтэт. Яму гэта толькi i трэба было. Праз два тыднi яны ўбачылiся. На занятках. Яны адышлi ў iншы бок калiдора, далей ад знаёмых. Яны не ведалi, што казаць. Яны маўчалi. Iх сэрцы так балелi... А потым яна працягнула руку да яго пляча i яе ўсю пранiзаў электрычны разрад. Моцны. Тады яна зразумела, што не зможа без яго жыць. Але яны паспрабавалi. Яна зняла пакой i ён прыязджаў да яе тайна. Часам начаваў у пад'ездзе. Бо яна жыла з гаспадарамi i сяброўкай. У iншым баку горада. I ён не паспяваў на грамадскi транспарт. Яна таксама тайна прыязджала да яго. Аднак яго мацi здагадвалася. Бо знаходзiла на навалачцы яе доўгiя валасы. Потым яна даведалася, што цяжарная. I вырашыла, што больш не будзе нiкому хлусiць. Прызналася сваiм бацькам, папрасiла даравання ў яго мацi i пераехала да яго. З таго часу яны пражылi разам 21 год. Сёння ён прынёс ёй у ложак флёксы. I дзецям яны купiлi торцiк. А самi пайшлi ў госцi да сяброў. Сябры купiлi фэндзюшнiцу i пазвалi выпрабаваць. Ён сказаў ёй напярэдаднi: "У нас з табой кiтайскi юбiлей. 21-е папярэджанне". Яны нядаўна прызналiся дзецям ў тым, што аднойчы ў горадзе, дзе праходзiлi разам практыку, яны скралi гучнагаварыцель. У калiдоры выканкама. Яны думалi, што ўзялi часова пакарыстацца. Але мiлiцыя наладзiла за iмi пагоню. Iх затрымалi i пагражалi паведамленнем ва ўнiверсiтэт. Абышлося. — Гэта быў першы, але далёка не апошнi вар'яцкi ўчынак, якi я зрабiў дзеля вашай мацi, — сказаў ён сынам. — Увогуле з таго часу я толькi i раблю, што дзiўлюся самому сабе. Падлеткi ўважлiва паглядзелi на бацькоў. Яны не чакалi. Яны зусiм iншыя — спакойныя i прадказальныя. Пакуль. Таму няхай ведаюць. Мацi пацiснула плячыма. Яна так рада, што аднойчы пад ёй, больш чым 21 год таму, зламалася крэсла... Нiна Рыхцiк. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна не адразу яго заўважыла на першай сваёй студэнцкай "бульбе". Праз некалькi дзён са здзiўленнем даведалася, што ёсць яшчэ адзiн аднакурснiк, якi ўвесь час спiць. А ён i сапраўды ўвесь час спаў — рэакцыя на стрэс. Трэба ўявiць сабе, што значыць праз пяць гадоў працы на заводзе i на будоўлi нарэшце паступiць ва ўнiверсiтэт i раптам убачыць, што тут — адны дзецi. |
|