У Мінску людзей прымушаюць засяляцца ў недабудаваныя кватэры
02.12.2009
—
Новости Общества
|
Як паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Людміла Шастакова, зараз у іх атрымалі магчымасць будавацца людзі, які сталі на чаргу ў 1989 годзе. Але з 18 лютага 2010 года пачне дзейнічаць указ прэзідэнта №543, згодна з якім змяняюцца ўмовы прыняцця грамадзян на ўлік асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў. Чыноўнікі ўжо падлічылі, што дзякуючы гэтаму чарга скароціцца прыблізна на 30 адсоткаў. Вось толькі Людміла Шастакова не бярэцца прадказваць, на колькі гадоў менш людзям давядзецца стаяць у чарзе.
Людміла Шастакова: “Я гэтага не магу прадказаць. Мы ж атрымліваем жыллё, а не будуем. І мы ж аб’ёмы будаўніцтва не плануем. Гэта пытанне да будаўнікоў”. Сёння на чарзе ў адміністрацыі Партызанскага раёна, паводле яе слоў, стаіць каля 14 тысяч чалавек. Менавіта ў гэтай чарзе з 1987 года чакала паляпшэння жыллёвых умоў жыхарка Партызанскага раёна Мінска Ірына. Кажа, калі станавілася, спадзявалася, што атрымае кватэру годзе ў 1997-м. Але чакала 21 год. Ірына: “Людзі чакалі гадоў 10 на той час, калі мы станавіліся. Мы разлічвалі, што атрымаем дзесьці ў 1997-м. Але ў 1986-м выбухнуў Чарнобыль і чарнобыльцаў засялілі ў Малінаўку. І нам сказалі, што чарга пераносіцца мінімум на 3 гады і мы будзем не 10, а 13 чакаць. Але потым выйшла пастанова, што можна падзяліць чаргу бацькоў з дзецьмі. Таму чарга павялічвалася і павялічвалася. Так 21 год і атрымаўся”. Умовы, у якіх давялося жыць гэтыя гады, Ірына інакш як жахлівымі не называе. Ірына: “У нас была “хрушчоўка” агульнай плошчай 40 метраў і чатыры чалавекі былі прапісаныя. Пакоі сумежныя, з мужам мы ў разводзе…Атрымліваецца, што ў нас дзве сям’і жылі ў “хрушчоўцы” ў сумежных пакоях. Вельмі цяжка, вельмі, проста жах, як цяжка! Дзеці дарослыя, самі дарослыя — жыцця ніякага ні ў дзяцей, ні ў дарослых”. Нарэшце, больш за два гады таму, падышла чарга Ірыны будаваць кватэру. Але і тут без сюрпрызаў не абыйшлося. Ірына: “Напрыканцы снежня арганізавалі ЖБК, бо трэба было даць справаздачу дзяржаве, што чарга зменшылася на столькі-та чалавек. Кааператыў арганізавалі, і пэўную колькасць людзей ужо нібыта забяспечваюць жыллём, чарга зменшылася. Але як высветлілася, нашага дома не існавала нават у праекце”. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва будаўнічага кааператыва №808 мела безліч гарантыйных лістоў ад розных будаўнічых арганізацый і праектных бюро з абяцанкамі здаць дом ў кароткі тэрмін, будаўніцтва яго не завяршылася да гэтага часу. Больш за тое, чарговы снежань падрыхтаваў людзям новы непрыемны сюрпрыз. Цяпер ад забудоўшчыка — будаўнічай арганізацыі МАПІД. Ірына: “Зараз будаўнікам трэба здаць справаздачу дзяржаве пра тое, колькі метраў здалі. Выканалі план ці не. Наш дом не гатовы, але нас прымушаюць падпісаць паперы на здачу дома — яны здаюць метраж. Яны настойваюць, прытым так агідна! “Калі вы не падпішыце, то мы ваш дом будзем рабіць абы-як, апрацоўку ўнутраную. А вось калі падпішыце, то мы вам зробім добра”. Нават слухаць брыдка”. Да таго ж, кажа, няма ніякай упэўненасці, што, атрымаўшы подпісы людзей, будаўнікі не забудуцца на тое, што дом яны не дарабілі. Увогуле, кажа Ірына, першая радасць ад таго, што чарга на кватэру падышла, знікае даволі хутка. Адразу, як пачынаеш сутыкацца са шматлікімі будаўніча-грашовымі праблемамі. Ірына: “Крэдыт таксама не так проста атрымаць. Паручыцеляў трэба знайсці, каб заробак у цябе быў вызначаны, трэба шукаць сярод блізкіх сваякоў чалавека, які б увайшоў з табой у сукупны даход, каб выдзелілі табе гэты крэдыт. У будаўніцтве шмат сваіх нюансаў. Пакуль не сутыкнешся з гэтым, не зразумееш. Вельмі складана ўсё”. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, не ўсім так шанцуе, як Ірыне альбо іншым жыхарам Партызанскага раёна, дзе кватэры ўжо будуюць тыя, хто стаў на чаргу ў 1989 годзе. Так, Алена Сафронава стала на чаргу ў Першамайскім раёне ў 1988 годзе і да гэтага часу яе чарга не падышла. Гэта пры тым, што сям’я Алены з чатырох чалавек жыве ў інтэрнаце, у пакоі плошчай 28 метраў. Алена Сафронава: “Мы падалі на падзел чаргі з паўналетнім сынам у снежні 2007 года. І на той момант, калі яны праглядалі нас у камп’ютары, выходзіла, што мы знаходзімся ў стадыі падзела чаргі. Хаця на той момант чарга была ўжо падзеленая. А паколькі мы нібыта знаходзіліся ў стадыі падзела чаргі, нас проста прапусцілі, а потым да нас не вярнуліся”. Паводле слоў Алены, ужо засяліліся ў новыя кватэры тыя, хто станавіўся на чаргу разам з ёй. Калі гэтае шчасце будзе ёй, яна нават не бярэцца прадказваць. Кажа, днямі званіла ў выканкам і там сказалі, што сёлета ёй спадзявацца няма на што. І неяк няўпэўнена адказалі на пытанне наконт верагоднасці атрымання кватэры ў наступным годзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, каб атрымаць кватэру, трэба адстаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у выканкаме не менш за 20 гадоў. І ні чыноўнікі, ні людзі не ўпэўненыя, што ў будучыні гэтая сітуацыя зменіцца да лепшага.
|
|