Асобы года. 21.by

Асобы года

28.12.2009 17:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уключыўшы тэлевізар ці прагортваючы навіны ў інтэрнэце, мы часцей за ўсё бачым паведамленні пра тэракты, тэхнагенныя і прыродныя катастрофы, маньякаў і серыйных забойцаў ва ўсіх кутках свету. Лік ахвяраў ідзе на тысячы, і гэта мала каго кранае.

Мы сутыкаемся з паўсюднай дэгуманізацыяй чалавека. Ён з інтарэсам будзе назіраць за жарсцямі вакол збіцця Берлусконі, а бяды ўласнага суседа не пабачыць.


Наталка Васілевіч, фота Юліі Дарашкевіч.

Тым не менш, застаюцца людзі, здольныя на сапраўдныя ўчынкі. Такія, як сёлета здзейсніла Наталля Васілевіч і ейныя сябры. Прачытаўшы допіс блогеркі Міхалінкі (Інгі Татур) пра праблемы інвалідаў‑вазочнікаў, Васілевіч пачала ў інтэрнэце збор сродкаў на новую механічную каляску для жанчыны.

І за год намаганнямі, як правіла, цынічнай інтэрнэт‑супольнасці ўдалося сабраць неабходную суму. Гэта рэальны прыклад людскай самаарганізацыі і спачування чалавечай бядзе. Прыклад, як можна зрабіць жыццё лепшым — няхай і для аднаго чалавека. Такія «малыя справы» мацуюць вялікую нацыю.

Дырэктар цэнтра «Экумена», праваслаўная верніца Наталля Васілевіч не першы год дапамагае Кобрынскаму дзіцячаму дому. Таксама дзяўчына адной з першых сярод выпускнікоў БДУ паставіла свой подпіс у абарону адлічанай студэнткі БДУ Таццяны Шапуцькі. Такія ўчынкі выклікаюць павагу.

Дабрадзей года ў інтэрнэце — Ігар Маханёк

Самая вядомая ў свеце онлайн‑праграма для перакладу Google Translate ўзбагацілася беларускай мовай. Гэта пашырае магчымасці выкарыстання мовы ў сённяшнім свеце. Цяпер можна аўтаматычна перакласці з беларускай на яшчэ 50 моваў. Так, сёння гэтым рэсурсам карыстаецца нямнога людзей. Але і Скарынава «Біблія Руска» была даступная не кожнаму.

Ініцыятарам беларусізацыі праграмы быў інжынер кампаніі Google Ігар Маханёк. Ён беларус, які працуе ў Швейцарыі. Вядома, пераклад не ідэальны, але пачатак дадзены. Зараз трэба будзе толькі ўдасканальваць наяўны прадукт. Адзначаючы Маханька, мы адзначаем усіх людзей, якія беларусізуюць інтэрнэт.

У іншых краінах перавод у электронны фармат і развіццё інтэрнэт‑прыладаў фінансуюцца з дзяржаўных бюджэтаў. У нас жа гэта таленавітыя людзі робяць самі. Так, Хведар Піскуноў стварыў першы электронны граматыка‑парадыгматычны слоўнік беларускай мовы «Парадыгма», а таксама праграму праверкі арфаграфіі «Літара». Сяргей Чарнавокі пераклаў на беларускую мову інтэрфейсы Гугла, інтэрнэт‑энцыклапедыі Вікіпедыя, а таксама сацыяльнай сеткі Фэйсбук. Праграміст з Ліды Алег Азароўскі самастойна распрацаваў беларуска‑расійска‑беларускі перакладчык «Белазар».

Беларусізацыя Інтэрнэта дае будучыню беларускай мове і культуры.

Спявак года — Аляксандр Рыбак

Ураджэнец Беларусі Аляксандр Рыбак стаў пераможцам песеннага конкурсу «Еўрабачанне». Але выступаў хлопец не за Беларусь, а за далёкую Нарвегію. Поспех Рыбака прымусіў беларусаў задумацца над праблемай нацыянальнай ідэнтычнасці. А песня «Казка» стала сапраўдным хітом, які грае на мабілах. Рыбак пражыў амаль усё свядомае жыццё ў Нарвегіі, але захаваў выдатнае беларускае вымаўленне. Ягонай «Купалінцы» падпяваў нават Лукашэнка.

Вязень года — Мікалай Аўтуховіч

Ад лютага ў следчым ізалятары на Валадарцы знаходзіцца ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Ягоны арышт нагадваў сцэну з баевіка. Аўтуховічу ўвесь час мянялі абвінавачванні, ніхто не разумеў, за што ж яго арыштавалі. Толькі праз паўгода ваўкавысца абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракта супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянка. Сам Аўтуховіч і ягоны таварыш Уладзімір Асіпенка лічаць, што іх пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць. У зняволенні Аўтуховіч правёў трохмесячную галадоўку.

Заляцанне года — Павел Латушка

Прызначэнне на пасаду міністра культуры Паўла Лаўтушкі стала лагічным працягам абвешчанай уладамі палітыкі лібералізацыі. Малады, еўрапейскі, беларускамоўны міністр. Але костку нацыянал‑дэмакратам кінулі зноў у сферы культуры. З’яўленне беларускамоўнага міністра транспарту ці абароны мела б куды большы рэзананс.

Спартсмен года — Вікторыя Азаранка

Светлавалосая дваццацігадовая дзяўчына з выглядам мадэлькі сёлета стала самай пазнавальнай нашай суайчынніцай у свеце. Вікторыя Азаранка выйграла тры турніры з серыі ВТА і цвёрда ўвайшла ў дзесятку найлепшых тэнісістак свету. Свой характар Азаранка прадэманстравала на выніковым турніры ў Катары, калі гуляла з траўмай, праз боль і слёзы, але ўпарта адмаўлялася здавацца.

Сябар года — Сільвіё Берлусконі

Сёлета Лукашэнка сустракаўся не толькі з азіяцкімі, паўднёваамерыканскімі і афрыканскімі і расійскімі лідэрамі, але і з еўрапейскімі. Аж двойчы ён спаткаўся з харызматычным італьянскім прэм’ерам Сільвіё Берлусконі — у Рыме і ў Мінску. Падчас прыезду ў Беларусь Берлусконі заляпіў у размове з Лукашэнкам: «Ваш народ вас любіць, пра што сведчаць вынікі выбараў». Цягам года Берлусконі трапляў і ў іншыя скандалы: то з дзяўчатамі на віле зловяць, то з жонкай развядзецца, то твар яму разаб’юць.

Параноя года — Віктар Марціновіч

Раман журналіста Віктара Марціновіча «Параноя» нечакана быў забаронены для продажу ў Беларусі. Наўрад ці гэта адмоўна адбілася на камерцыйным поспеху: прачытаць «Параною», што трапіла ў «чорны спіс», захацелі многія. А сам раман Марціновіча пра Мінск, каханне і жыццё ва ўмовах дыктатуры.

Шафёр года — Андрэй Арамнаў

Часта нечуваныя поспехі кружаць галаву маладым людзям. Так сталася з алімпійскім чэмпіёнам па цяжкай атлетыцы Андрэем Арамнавым. Міліцыя двойчы затрымлівала Арамнава п’яным за рулём аўто. Справу перадалі ў суд. Атлета аштрафавалі, пазбавілі правоў і прэзідэнцкай стыпендыі. На судзе Арамнаў паабяцаў: «Я болей так не буду». Можа, паверым?

Ахвярнасць года — Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч

Палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч ахвяравалі сабой, каб выратаваць жыцці гледачоў авіяшоу ў польскім Радаме. Беларускія лётчыкі, адчуўшы, што самалёт падае, вырашылі не катапультавацца, а адляцець далей ад людзей. Уратавацца мужчыны не змаглі. Вечная слава героям!

Кароль года — Сяргей Міхалок

«Рок‑карону» сёлета заслужана атрымаў «Ляпіс Трубяцкой». На фоне Сяргея Міхалка і кампаніі іншыя беларускія музыкі ў 2009 годзе выглядалі блякла. Чаго варты адзін канцэрт у Палацы спорту, дзе ўпершыню ў Беларусі быў выкананы забаронены хіт Belarus Freedom.

Сюрпрызмэйкер года — Пётр Пракаповіч

У 2009 год беларусы ўвайшлі з дэвальвацыяй у 20%. А бажыўся ж старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч і яшчэ вышэйшыя службовыя асобы, што падзення рубля не будзе! У першыя дні года людзі кінуліся скупляць у крамах побытавую тэхніку і мэблю. Чакалі другой, трэцяй дэвальвацыі. Але астатак года прайшоў спакойна. У тым ліку, дзякуючы стабілізацыйным крэдытам, якія браліся як на Усходзе, так і на Захадзе. Такая цана чаркі і скваркі.

Антыдоктар года — Валянціна Качан

Галоўны санітарны доктар краіны Валянціна Качан упарта адмаўляла наяўнасць у Беларусі эпідэміі грыпу. Адсутнасць афіцыйнай інфармацыі спарадзіла эпідэмію панікі. У лістападзе людзі хадзілі па вуліцах у павязках. Сёлетні грып найцяжэй пераносілі маладыя людзі. Рэальная колькасць яго ахвяраў так і невядомая. А незалежныя СМІ за аб’ектыўнае асвятленне сітуацыі з грыпам і пнеўманіяй атрымалі папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі.

Памілаваны года — Алег Праляскоўскі

Памілаваны Лукашэнкам Алег Праляскоўскі ўзначаліў Мінінфармацыі. Некалі гэты чалавек засудзіў «Народную волю» на 27 мільёнаў рублёў, а з ягонай лёгкай рукі з падручнікаў па літаратуры былі скарочаныя творы «пісьменнікаў‑нацыяналістаў» — Купалы, Быкава, Барадуліна. Праляскоўскага кінулі на адказны ўчастак пад прэзідэнцкія выбары‑2010.

Рэкруты года — Іван Шыла, Франак Вячорка, Зміцер Хведарук

Сёлета ў войска былі прызваныя Франак Вячорка, Іван Шыла, Зміцер Хведарук і іншыя маладыя палітыкі. Лукашэнкаўцы спадзяваліся іх лакалізаваць, зменшыць іхнюю актыўнасць, а не выйшла. У войску кожны з хлопцаў не проста спрабаваў выжыць, але і змагаўся за правы саслужбоўцаў. І Мінабароны раз за разам ішло на саступкі. Ніхто з палітпрызыўнікоў не зламаўся, кожны адстаяў права карыстацца ў войску беларускай мовай.

Камбінатар года — Анатоль Ляўковіч

Старшыня сацыял‑дэмакатычнай партыі Анатоль Ляўковіч сёлета трапляў у гісторыі. У першы раз — калі рассыпаўся ў кампліментах афіцыйнай уладзе ў інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия». Гэта ледзь не каштавала Ляўковічу месца старшыні партыі. У другі раз Ляўковіч трапіўся на лісце да лідэра партыі «Справедливая Россия» Сяргея Міронава, дзе выступаў большым інтэгратарам за Лукашэнку і прапаноўваў стварыць грамадскую палату саюзнай дзяржавы. Афера, вартая Астапа Бэндэра.

Цудатворца года — Усэйн Болт

Ямайскі бягун Усэйн Болт на чэмпіянаце свету ў Берліне выйграў стометроўку з фантастычным вынікам — 9,58 секунды! Трыумф чалавечага цела.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек года — Наталля Васілевіч і іншыя дабрачынцы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика