Анжаліка Борыс сустрэнецца з Лехам Качынскім
22.02.2010 11:36
—
Новости Общества
|
Дэлегацыя неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс сустрэнецца сёння з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Як паведаміла намеснік старшыні неафіцыйнага СПБ Анжаліка Арэхва, дэлегацыя выехала ў Варшаву 21 лютага. У яе склад, апрача Борыс, увайшлі старшыня галоўнага савета арганізацыі Анджэй Пачобут, намеснік старшыні Мечыслаў Яскевіч і прэс‑сакратар Ігар Банцар. Усе трое былі асуджаны 15 лютага на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю ў Гродне несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі незарэгістраванага СПБ, якая падверглася націску ўладаў. Раніцай 20 лютага яны выйшлі на волю. Сустрэча прадстаўнікоў СПБ з прэзідэнтам Польшчы адбудзецца па ініцыятыве Качыньскага. 16 лютага Качыньскі накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім выказаў «рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі». Ён нагадаў аб міжнародных абавязацельствах Беларусі і двухбаковым дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве. На думку Качыньскага, асабістае ўмяшанне ў інцыдэнт Аляксандра Лукашэнкі стала б доказам, што ён »хоча захаваць добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі». Нагадаем, раскол Саюза палякаў на Беларусі адбыўся ў 2005 годзе. Частка арганізацыі афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Неафіцыйнае крыло СПБ на чале з Анжалікай Борыс падтрымліваюць польскія ўлады. Цяперашні беларуска‑польскі канфлікт узнік у сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы (Валожынскі раён Мінскай вобласці), на які прэтэндуюць два крылы СПБ. 17 лютага суд Валожынскага раёна абавязаў дырэктара Дома польскага Тэрэсу Собаль пакінуць будынак і перадаць яго кіраўніцтву мясцовай арганізацыі зарэгістраванага СПБ Станіславу Бурачэўскаму. Кіраўніцтва неафіцыйнага СПБ мае намер абскардзіць рашэнне суда. У Варшаве рыхтуецца спіс беларускіх грамадзян, замешаных у парушэнні правоў польскай меншасці ў Беларусі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы. У Мінску заяўляюць пра неабгрунтаванасць прэтэнзій Варшавы. Як заявіў на мінулым тыдні ў інтэрв’ю БелТА ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, «беларускія ўлады не ўмешваюцца ў сітуацыю з Домам польскім у Івянцы». Каментуючы магчымае ўвядзенне Польшчай эканамічных і палітычных санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, ён падкрэсліў: «Беларусы не могуць быць прадметам торгу, тым больш на ўзроўні кіраўнікоў краін». Віцэ‑страшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан заявіла, што дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да Саюза палякаў падрываюць намаганні Еўрасаюза па наладжванні адносін з Беларуссю. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэлегацыя неафіцыйнага Саюза палякаў выехала ў Варшаву 21 лютага. |
|