Сімволіка вярбы ў традыцыйнай культуры славян. 21.by

Сімволіка вярбы ў традыцыйнай культуры славян

24.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вярба часцей за ўсё расце паблізу вады, у лагчынах, там, дзе багата вільгаці. Пачынае цвісці вельмі рана, але гэтыя кветкі незвычайныя. Невялічкія шэрыя пупышкі на галінках нагадваюць поўсць ката ці маладой авечкі, таму ў народзе вярбу яшчэ называюць "коцікамі".

   У народнай культуры ўсходніх і заходніх славянаў гэта дрэва мела дваістую характарыстыку. З аднаго боку, яна стала сімвалам хуткага росту, урадлівасці, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставіліся як да карыснага і свяшчэннага дрэва: галінкі маладой вярбы неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, сімвалізуючых адраджэнне (ці зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя і ўраджаю.

   Паводле вераванняў старажытных русічаў, вярба лічылася галінкай Перуна ці перуновай лазой. Таму, калі ў час веснавых сельскагаспадарчых работ выконваліся абрады па выкліканні такой неабходнай вільгаці, іх удзельнікі павінны былі прыбіраць сваё адзенне галінкамі вярбы, а на галаву надзяваць вянок з вярбы. Пры дапамозе лазы ці галінак вярбы на падворку адшуквалі ваду, каб выкапаць калодзеж.

   Старое дрэва вярбы заўсёды выклікала перасцярогу. Лічылася — месца, дзе расце гэта дрэва, нячыстае, таму што там жывуць чэрці і вадзяныя. У беларусаў існавала павер'е пра тое, што ранняй вясной чэрці залазяць на старую вярбу, каб пагрэцца. Але пасля таго, як маладыя галінкі вярбы людзі прынясуць у храм, каб асвяціць, чэрці пападаюць зноў у ваду. Таму, каб не трапіць у рукі да нячыстай сілы, да Вербнага тыдня забаранялася хадзіць на балоты, да вады — у так званыя "гіблыя" мясціны, выпускаць карову з двара і г.д. Старыя людзі казалі, што "з таго, хто парушыць забарону купацца да Веснавога Міколы, вырасце вярба".

   У паданнях і казках старая вярба, якая схілілася па-над вадой, таксама лічылася прыстанішчам вадзяных, русалак і іншых "нячысцікаў". Самы старэйшы з іх сядзіць на макушцы вярбы і выглядае "ахвяру" — маладую дзяўчыну ці хлопца, якія прыходзілі да вады, каб паплакаць ці паскардзіцца на свой лёс.

   На Беларусі лічылі: калі вярба вырасла да такіх памераў, што ў ёй стварылася дупло, там абавязкова паселіцца чорт са сваёй жонкай. Пра тых, хто моцна закахаўся, казалі: <І>"Улюбіўся, як чорт у сухую вярбу" .

Суседства вярбы з "гіблым" месцам і традыцыйныя ўяўленні пра яе сувязь з нячыстай сілай паспрыялі таму, што яна з цягам часу стала своеасаблівым рытуальным цэнтрам выканання шэрагу спецыфічных магічных дзеянняў. На старую вярбу адсылалі "33 няшчасці" і самыя цяжкія захворванні. Напрыклад, таго, хто хацеў пазбавіцца цялеснай бяды, трэба было апаясаць саламяным перавяслам, а потым ноччу, каб ніхто не ведаў, гэтае перавясла неслі да старой вярбы. Лічылася, калі старая вярба высахне, тады і хвароба знікне. Некаторыя знахары прапаноўвалі "звянчаць" хваробу чалавека са старой вярбой. Для гэтага на старую вярбу прымацоўвалі запаленую свечку і чыталі спецыяльную замову.

   Паколькі вярба расла каля вады і выконвала ролю сімвалічнай мяжы паміж зямной і воднай прасторамі, гэта дрэва забаранялася садзіць каля дома, на агародзе, у садзе. Гаварылі так: "Хто вярбу саджае, сам сабе заступ рыхтуе". Лічылася: як толькі ствол вярбы стане такім, што з яго можна будзе выцясаць чаранок для рыдлёўкі, той, хто яе пасадзіў, адразу памрэ.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вярба часцей за ўсё расце паблізу вады, у лагчынах, там, дзе багата вільгаці. Пачынае цвісці вельмі рана, але гэтыя кветкі незвычайныя. Невялічкія шэрыя пупышкі на галінках нагадваюць поўсць ката ці маладой авечкі, таму ў народзе вярбу яшчэ называюць "коцікамі".    У народнай культуры ўсходніх і заходніх славянаў гэта дрэва мела дваістую характарыстыку. З аднаго боку, яна стала сімвалам хуткага росту, урадлівасці, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставіліся як да карыснага і свяшчэннага дрэва: галінкі маладой вярбы неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, сімвалізуючых адраджэнне (ці зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя і ўраджаю.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика