Аб'яўляецца перасадка. 21.by

Аб'яўляецца перасадка

09.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска адкрыўся Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак

Таму, хто страціў здароўе ў выніку злоўжывання алкаголем ці ўжывання наркатычных рэчываў, разлічваць на транспланталогію не выпадае. Хоць якраз гэта катэгорыя людзей актыўна даводзіць "да краю" сваю печань, падстраўнікавую залозу, сэрца, ныркі...

"Усе нашы пацыенты ў абавязковым парадку маюць даведку ад нарколагаў, — тлумачыць кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алег РУМО. — Акрамя таго, пацыент сур'ёзна абследуецца, атрымлівае належнае лячэнне. Мы шмат ведаем пра яго сям'ю... Калі ж чалавек дапіўся да цырозу, то пра перасадку гаварыць не даводзіцца".

Аднак вышэйпералічаныя органы могуць пакутаваць ад цэлага шэрагу захворванняў, якія таксама падводзяць жыццё іх носьбіта "да краю". Тая ж печань можа гінуць ад цырозу ці раку, не звязанага з ужываннем алкаголю; ад прыроджанай паталогіі, вострай недастатковасці. Пры ўсіх такіх станах апрыёры патрабуюцца перасадкі печані.

У мінулым годзе Германія ў сваіх 26 медцэнтрах выканала 1066 трансплантацый печані, Расія ў 7 цэнтрах — 89, Беларусь у адным — 25. У разліку на 1 мільён жыхароў атрымліваецца 12 (Германія), 0,6 (Расія) і 2,6 (Беларусь).

Як адзначае Алег РУМО, у ідэале наша краіна павінна выконваць штогод 100—150 аперацый па перасадцы печані, 250—350 — нырак, 150—170 — сэрца, 30 — падстраўнікавай залозы. Гэта будзе ўзровень трансплантацыі заходніх краін. Для таго, каб так было, патрабуюцца дзве рэчы — дастатковая колькасць донараў і фінансавыя магчымасці...

Калі б не перасадкі печані, прагноз у першых пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак быў бы агульны — дрэнны. А так мінчанін Віктар, якому ў сакавіку лёс і ўрачы падарылі "новую" печань, ужо збіраецца дадому — да жонкі і дачкі, каб дапамагаць ім, "каб проста жыць"... Як гэты малады мужчына адчуваў сябе з такім дыягназам як цыроз печані на фоне віруснага гепатыту В? "Лепш не ўзгадваць, — кажа Віктар. — Была жаўтуха, слабасць... А пасля аперацыі ўжо на трэці дзень хадзіў па рэанімацыі і адчуваў сябе зусім інакш...".

Паводле слоў спецыялістаў, рызыка адарвання донарскага органа вялікая, але сучасныя магчымасці дазваляюць паспяхова выяўляць, лячыць гэты стан і спрыяць добраму прыжыўленню. Многае залежыць і ўласна ад органа. Самы талерантны ў згаданым сэнсе орган — печань. Большую рызыку не прырасці маюць ныркі, яшчэ большую — сэрца. Наогул рызыка адсутнасці прыжывання донарскага органа вагаецца на ўзроўні 5—10 працэнтаў выпадкаў.

Аддзяленне трансплантацыі, з якога выпісваецца Віктар, разлічана на 30 ложкаў і прызначана для выканання трансплантацый печані, нырак, падстраўнікавай залозы і мультывісцыральных комплексаў, а таксама для аперацый на печані, жоўцевыводных пратоках і падстраўнікавай залозе пры дабраякасных і злаякасных захворваннях. У гэтае аддзяленне пацыенты шпіталізуюцца для папярэдняга абследавання і лячэння.

Аперацыйны блок цэнтра — гэта 12 аперацыйных для выканання трансплантацый і звычайных хірургічных аперацый.

— Чатыры аперацыйныя з ламінарнай столлю прызначаныя менавіта для трансплантацый, — кажа загадчык аддзела анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксандр ДЗЯДЗЬКО. — Спецыяльная сістэма забяспечвае стэрыльнасць паветра над аперацыйным сталом. Моцны абмен паветра папярэджвае інфіцыраванне ран. Усё ж такі аперацыя можа цягнуцца каля 10-15 гадзін... Вокнаў, як бачыце, тут няма. Сцены — бясшоўныя, каб у швах не "сялілася" інфекцыя... У гэтай зале трансплантацыя не праводзілася. Асноўнае абсталяванне — замежнае...

Аддзяленне рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі прызначана для ўкаранення ў транспланталогію сучасных ашчадных метадаў лячэння, аснашчана першым ў краіне біпланавым ангіёграфам. Аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі мае ў сваім складзе палату на тры ложкі з ламінарным патокам паветра для хворых пасля трансплантацый, сучасную дыялізную залу, абсталяваную апаратам "штучная печань", і звычайныя рэанімацыйныя палаты. Лабараторыя клетачных тэхналогій прызначана для правядзення навуковых даследаванняў у галіне клетачных біятэхналогій і лячэння розных захворванняў метадам клетачнай тэрапіі.

— Пачалося ўсё з таго, што ў 2005 годзе з'явілася Рэспубліканская інвестыцыйная праграма па арганізацыі работ па рэканструкцыі і стварэнні Рэспубліканскага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак на базе нашай клінікі, — расказвае галоўны ўрач 9-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы Валерый КУШНІРЭНКА. — У 2007 годзе ў новай рэдакцыі быў прыняты Закон "Аб трансплантацыі органаў і тканак", паводле якога чалавек, які не выказаў пры жыцці нежаданне быць донарам, з'яўляецца пасля сваёй смерці патэнцыйным донарам. Створана структура па заборы донарскіх органаў. Паралельна мы займаліся навучаннем спецыялістаў — як тут, на месцы, так і ў Маскве, вядучых цэнтрах па трансплантацыі ў Германіі.

Мы атрымалі два корпусы, якія адпавядаюць самым сучасным патрабаванням у свеце. Плануецца рэканструкцыя галоўнага корпуса з дзвюма прыбудовамі. Як вядома, на базе нашай клінікі працуе цэнтр трансплантацыі касцявога мозгу, ствалавых клетак. Паколькі патрэба ў трансплантацыі касцявога мозгу і ствалавых клетак досыць высокая, то плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса. У цэлым рэканструкцыя клінікі павінна завяршыцца да 2017-2018 года. Праблемы? Будуць, вядома, але, галоўным чынам, фінансавыя, бо гэты від медыцыны патрабуе вялікіх грашовых затрат...

Трансплантолагі не любяць гаварыць пра тое, што маюць на мэце зрабіць. Спачатку трэба зрабіць, потым сказаць, перакананы спецыялісты. Тым не менш, ёсць у іх і ідэі, і планы. Напрыклад, перасадка некалькіх органаў адразу, таго ж сэрца і лёгкіх. Будзе працягвацца перасадка ствалавых клетак пры такім захворванні як рассеяны склероз, будуць і далей выконвацца ўсе віды трансплантацыі касцявога мозгу. Дарэчы, зараз ствараецца Рэспубліканскі рэгістр донараў касцявога мозгу, ідзе праграма па заборы пупочнай крыві. Гэтыя віды забораў робяцца, зразумела, у жывых. Што да трупнага донарства, то такі орган павінен адпавядаць "простым" патрабаванням: быць якасным, здаровым, без вірусных і анкалагічных захворванняў. Пры магчымасці ў аднаго чалавека забраць можна (і трэба, дадаюць трансплантолагі) сэрца, лёгкія, печань, ныркі, падстраўнікавую залозу, фрагменты кішэчніка... У такім выпадку няцяжка падлічыць, колькім людзям можна падарыць жыццё.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска адкрыўся Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак Таму, хто страціў здароўе ў выніку злоўжывання алкаголем ці ўжывання наркатычных рэчываў, разлічваць на транспланталогію не выпадае. Хоць якраз гэта катэгорыя людзей актыўна даводзіць "да краю" сваю печань, падстраўнікавую залозу, сэрца, ныркі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика