Баракі знясуць. Людзей пераселяць. 21.by

Баракі знясуць. Людзей пераселяць

09.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Прыбіральня ў нас на вуліцы. Гарачай вады няма. У кватэрах нашага старога двухпавярховага жылога дома вільготна, адсутнічае выцяжка. Вось заходзьце да мяне ў кватэру, самі ўсё ўбачыце, адчуеце", — распавядае карэспандэнту "Звязды" Эма Макараўна Аксёнава — жыхарка дома № 24 па вуліцы Чапаева ў Віцебску. Адсюль літаральна некалькі хвілін хады — і ты ўжо на праспекце Фрунзэ, дзе знаходзіцца Летні амфітэатр — галоўная сцэнічная пляцоўка "базару". Сам праспект на вачах мяняецца ў лепшы бок: дамы — у "футрах", у дварах парадак наводзяць. А тут, на Чапаева і суседняй вуліцы Міра, усё быццам спынілася ў часе. "Я да каго толькі ад імя суседзяў не звярталася па дапамогу, каб нешта з нашым домам зрабілі — кажа Эла Макараўна. —  Хочаце, зараз тоўстую папку з лістамі афіцыйных адказаў пакажу. Пабудаваны дом у 1950-х. Ніякага капітальнага рамонту. Кіраўніцтва жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка №4 нічым дапамагчы не можа. Няма грошай на рамонт, і ўсё тут. А колькі ж разоў каналізацыю прарывала, столь у адной з кватэр падала... Я ўчора пабывала на прыёме ў губернатара. І ўвечары мне патэлефанавалі, сказалі, што прыедзе ён да нас".

Такога старажылы Віцебска, бадай, і не ўспомняць, каб губернатар прыехаў да жыльцоў дома, якія жывуць у кватэрах без нармальных умоў і без перспектыў у бліжэйшыя гады палепшыць умовы жыцця. Пакуль чакалі губернатара, жыхары гэтага дома і суседніх, такіх жа праблемных, былі вельмі эмацыйныя.

— Дах у доме працякае, — расказвае "Звяздзе" яшчэ адна жыхарка праблемнага дома № 24 Лілія Паўлаўна Захарава. — Я астматык. Шкодна хвалявацца, прабачце. А даводзіцца пастаянна. Вось ноччу выклікала спецыялістаў "Водаканала". Дом прызнаны неадпаведным санітарным нормам. Але чыноўнікі канстатавалі, што жыць тут можна. Пабудаваць новую кватэру? Пенсія ў мяне 240 тысяч. Як жа я магу пабудаваць новае жыллё нават на самых ільготных умовах без дапамогі?

— А ў нас у кватэры на плошчы 25 квадратных метраў жывуць пяць чалавек, — расказвае цяжарная жанчына Вольга Яўсеенка. — Дзіця хутка нараджаць. Не хапае заробкаў у нас, каб будаваць нават ільготнае жыллё.

У двары натоўп. Губернатара народ сустрэў апладысментамі.

— Праблема будзе вырашана ў 2010—2011 гадах, — гаворыць старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр КОСІНЕЦ. — Такіх старых дамоў, як №№ 22, 24, 9, 11, 13, 15/2 па вуліцы Чапаева і №№ 3 і 5 па вуліцы Міра, у Віцебску больш за 350. У вашых васьмі разам узятых дамах жывуць 548 чалавек. Мне дакладвалі: каб зняць праблему, трэба чакаць доўга — прыблізна да 2023 года. Але, я ўпэўнены, вырашэнне праблемы нельга зацягваць на такі доўгі тэрмін.

Тут на месцы старых дамоў пабудуем новыя сучасныя вышынныя дамы. Вам усім дадуць магчымасць перасяліцца ў новае жыллё. Вось тут кіраўнікі будаўнічых арганізацый. Яны гатовы выдзеліць, на доўга не зацягваючы, вам кватэры. А там, дзе зараз вашы дамы, распачнуць будаўніцтва новых жылых дамоў і частка кватэр будзе прададзена па камерцыйных цэнах.

Як растлумачыў "Звяздзе" першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама па пытаннях будаўніцтва Уладзімір Каташук, людзі, якія з'яўляюцца наймальнікамі жылля, атрымаюць аналагічнае; тыя, хто прыватызавалі, таксама не будуць у крыўдзе. Паводле слоў намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама па пытаннях ЖКГ, транспарту і сувязі Дзмітрыя Шэрыкава, людзі з праблемных дамоў на вул. Чапаева і Міра цяпер атрымаюць новае жыллё без асаблівых праблем. Тым жа пенсіянерам, якія маюць права палепшыць жыллёвыя ўмовы, улічваючы стан дома, раней прыйшлося б шукаць паручыцеляў, каб аформіць і атрымаць той жа банкаўскі крэдыт на будаўніцтва. Цяпер пры дапамозе аблвыканкама паляпшэнне жыллёвых умоў значна спросціцца.

Старых дамоў і з печкамі ў Віцебску сотні. Губернатар даручыў актывізаваць працэс перасялення з іх. Калі раней штогод перасялялі ў новае жыллё прыблізна з пяцідзесяці кватэр, цяпер пастаўлена задача пастарацца вылучаць 150—200 кватэр. Насельнікам названых вышэй дамоў пашанцавала, што кіраўнік вобласці заняўся вырашэннем іх праблемы. Апошняя — тыповая для краіны. Колькі яшчэ такіх дамоў, дзе няма гарачай вады, прыбіральня на вуліцы? Няўжо толькі губернатар павінен займацца праблемнымі дамамі? Ці не трэба большую актыўнасць праяўляць кіраўнікам адміністрацый гарадскіх раёнаў, райвыканкамаў?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Прыбіральня ў нас на вуліцы. Гарачай вады няма. У кватэрах нашага старога двухпавярховага жылога дома вільготна, адсутнічае выцяжка. Вось заходзьце да мяне ў кватэру, самі ўсё ўбачыце, адчуеце", — распавядае карэспандэнту "Звязды" Эма Макараўна Аксёнава — жыхарка дома № 24 па вуліцы Чапаева ў Віцебску. Адсюль літаральна некалькі хвілін хады — і ты ўжо на праспекце Фрунзэ, дзе знаходзіцца Летні амфітэатр — галоўная сцэнічная пляцоўка "базару". Сам праспект на вачах мяняецца ў лепшы бок: дамы — у "футрах", у дварах парадак наводзяць.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика