Адкуль у Беларусі свой Дублін і Парыж?
09.04.2010
—
Новости Общества
|
Вёсачкі з такімі назвамі лёгка знайсці на мапе Беларусі. Як аказалася, наш край багаты на неверагодна прыгожыя назвы, аналагаў якім няма нідзе ў свеце. У асаблівасцях беларускай тапанімікі дапамог разабрацца гісторык-тапаніміст, выкладчык БДЭУ Іван Сацукевіч:
Вёска з рамантычнай назвай Парыж ёсць у Віцебскай вобласці. Такое прывітанне з Францыі хутчэй за ўсё проста жарт памешчыка, які валодаў гэтай зямлёй у ХІХ стагоддзі. Ён, відаць, захапіўся французскімі матывамі і назваў вёсачку ў гонар вядомага горада. У ХХ стагоддзі вёску аб’ядналі з суседняй і па назве другой вёскі назвалі Навадруцк. Але некалькі гадоў таму вядомы ксёндз Ёзаф Булька правёў рэферэндум сярод мясцовых жыхароў, і большасць прагаласавала за вяртанне гістарычнай назвы. Цяпер гэтая вёска называецца Парыж, і ў яе цэнтры нават ёсць свая Эйфелева вежа (праўда, зробленая з уласцівай беларусам рацыянальнасцю — пад лініі электраперадач, затое падсвечаная і падфарбаваная). У Беларусі некалькі дзясяткаў тысяч вёсак. Тапанімісты падзяляюць іх на групы — у залежнасці ад іх паходжання. Некаторыя вёскі маюць назву ў множным ліку: Віскулі, Пухавічы, Ваўкі. У аснове такой назвы — імя, прозвішча, мянушка чалавека, які валодаў гэтай зямлёй альбо жыў тут. Напрыклад, быў нейкі чалавек, якога звалі Воўкам. Чаму яго так звалі, ніхто не ведае. Можа, ён быў нелюдзімы, можа, страшны. Яго дзеці выраслі, і суседзі сталі называць гэтую зямлю Ваўкі. Ніякай сувязі з жывёламі тут няма. У аснове такіх назваў як Кунцаўшчына, Курасоўшчына (з канчаткамі на -оўшчына, -еўшчына) таксама прысутнічае імя чалавека. Дарэчы, ўжо дакладна вядома, што мінская Курасоўшчына — у мінулым землі, якія належалі нейкаму князю Курашу, а сучасная Кунцаўшчына належала, хутчэй за ўсё, нейкаму Кунцэвічу. Некаторыя назвы вёсак паказваюць асаблівасці мясцовасці ці ландшафту. Напрыклад, вельмі распаўсюджана назва Навінкі — гэта новая зямля, якая пачала распрацоўвацца. А калі вёска завецца Старынка — гэта значыць, што зямлю тут пачалі распрацоўваць значна раней за суседнія ўчасткі. Вельмі папулярныя ў Беларусі назвы з коранем "бор": Бараўцы, Бараўляны, Баравуха, Забор’е. Тут нескладана здагадацца, што гэтыя назвы звязаныя з лесам. І калі тыя ж Бараўляны — гэта славянская назва, то, напрыклад, Гердуцішкі, Кальварышкі, Аленішкі — назвы, якія ўзніклі праз лінгвістычны кантакт паміж славянскім насельніцтвам і балтамі, якія тут жылі. Назвы з такім канчаткам распаўсюджаныя на Гродзеншчыне, паблізу з Літвой. Калі назвы вёсак і гарадоў амаль усе маюць славянскае паходжанне, то назвы рэк і азёр Беларусі вельмі разнастайныя. Ёсць славянскія, але іх вельмі мала: Свіслач, Іслач і інш. А вось азёры Нарач, Дрысвяты, Снуды, Струста маюць як балцкія, так і яшчэ больш старажытныя фіна-ўгорскія карані. Гэтым азёрам далі назвы людзі, якія жылі тут каля 5 тысяч год таму! — Назвы вёсак зашыфроўваюць пэўны патаемны код паходжання тэрыторый, асваення гэтых тэрыторый чалавекам, прычым самых розных эпох, — сцвярджае Ігар Сацукевіч. — На жаль, у Беларусі знікаюць сотні прыгожых і непаўторных назваў. Няспынна выміраюць вёскі: старыя людзі паміраюць, маладыя перабіраюцца ў горад. Вёска знікае альбо аб’ядноўваецца з іншай. Разам з вёскай знікае і назва. Яна застаецца ў спецыяльных слоўніках і на старых мапах... Масавая кампанія па перайменаванні населеных пунктаў праводзілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў Савецкім Саюзе. Пад яе падпадалі ўсе "ідэалагічна няправільныя" гарады і вёскі, якія не адлюстроўвалі савецкую рэчаіснасць. Такім чынам, тысячы непаўторных беларускіх назваў былі заменены на Ленінскія, Кіраўскія, Камсамольскія. Як грыбы пасля дажджу з’яўляліся "Зорьки", "Рассветы", "Цветочные" і "Вишневые" вёскі, Савецкія і Кастрычніцкія вуліцы. Некаторыя назвы былі нібыта і прыгожыя, але не паказвалі ні гісторыю паходжання, ні геаграфічныя асаблівасці населеннага пункт. Была, напрыклад, вёска Магільна на Нёмане. Яе перайменавалі ў Нёман. Але новая назва не паказвае, чым гэтая вёска адрозніваецца ад любой іншай з тых, што стаяць на Нёмане. У канцы 80-х жыхары правялі рэферэндум і вярнулі гістарычную назву мястэчку! Самая масавая кампанія, калі па ўсім Саюзе было перайменавана больш за 20 тысяч населенных пунктаў, адбывалася ў 1964-м, у апошні год праўлення Мікіты Хрушчова. Тады на Беларусі было перайменавана некалькі соцень вёсак: Святы Дух, Чортаў Камень, Аўгсбург, Фальбаркі і шмат іншых. Было страчана таксама шмат назваў гарадоў. Няма сёння горада з назвай Койданаў, замест яго ў 1932 годзе з’явіўся Дзяржынск. Існуе легенда, па якой нашыя продкі разграмілі крымскага князя Койдана, які рабаваў на гэтых тэрыторыях. Яго пахавалі на крутых горках (з ХІІ ст. мястэчка называлася Крутагор’е), пасля чаго і з’явілася назва. Засталася станцыя Койданава, але гэтая назва адлюстроўвае не столькі легенду, колькі іншы працэс, які адбываўся ў Беларусі ў ХХ стагоддзі — русіфікацыю, калі беларускія назвы "падганялі" па гучанні пад рускую мову. У беларускай мове наваў з канчаткам -о быць не можа. На жаль, такім чынам беларускае мястэчка Янава пераўтварылася ў касмапалітычнае Іванава. І такіх прыкладаў нямала. У 1924 годзе беларусы страцілі горад Ігумен, што знаходзіўся на рэчцы Ігуменка. Ідэалагічныя чыноўнікі заўважылі крамолу ў назве Ігумен і палічылі яе за царкоўны тэрмін. Але на тым месцы не было ні царквы, ні манастыра. Горад бярэ сваю назву ад рэчкі. А вось чаму так называецца рака — невядома. Так старажытны горад Ігумен стаў Чэрвенем. Яшчэ адзін прыклад. Быў на Віцебшчыне прыгожы гарадок Дрыса. Намаганнямі вялікіх розумаў яго перайменавалі ў Верхнядзвінск. Самае цікавае, што, з пункту гледжання геаграфіі, гэта абсалютна няправільна, таму што там знаходзіцца не верхняя плынь Дзвіны, а сярэдняя! Назвы беларускіх гарадоў адчулі і ўплыў так званай паланізацыі. Напрыклад, Круляўшчызна і Татаршчызна без польскага ўплыву засталіся б Каралеўшчынай і Татаршчынай. Канчатак "шчызна" — выключна польскі, але і да сёння на Беларусі існуе купа вёсак і станцый з такімі канчаткамі. Сёння мы кажам "Навагрудак", і тут таксама відаць уплыў польскай мовы: у ёй праглынаюцца некаторыя галосныя гукі. Змененая назва гучала як Навагрудэк. Польскі канчатак —эк змяніўся на —ак, а некалі гэта быў Наваградак. Яшчэ адзін прыклад — Гродна. Да ХVІІ стагоддзя горад насіў назву Гародня. Пад уплывам паланізацыі страціў галосную літару і пераўтварыўся ў Гродна. Тое самае адбылося з горадам Драгічын. Ён, відаць, быў вельмі дарагім для жыхароў і называўся Дарагічын, але і ён не ўхіліўся ад праглынання літары. Жыхары сучаснага Брэста ведаюць, што назва іх горада змянялася некалькі разоў. Няцяжка здагадацца, чаму былое распеўнае Берасце стала Брэстам. Усе гэтыя назвы — адгалоскі самапаланізацыі беларускай шляхты, што мела месца ў ХVІІ-XVІІІ стагоддзях. Шмат спрэчак вядзецца вакол назвы сталіцы Беларусі. Большасць даследчыкаў лічыць, што сапраўдная назва горада — Менск. А сённяшняя назва — зноў жа паланізм. Справа ў тым, што для таго, каб перадаць мяккасць папярэдняга зычнага, у польской мове трэба выкарыстоўваць дадатковую літару. Менск па-польску пісаўся такім чынам: Mіensk. Напэўна, з цягам часу літару -е- проста перасталі пісаць, і калі ў XVІІІ стагоддзі расійскія чыноўнікі прыйшлі ў горад, на паперы яны ўбачылі ўжо Mіnsk. Яны не спыталіся пра назву ў мясцовых жыхароў, а яшчэ 100 гадоў таму, на пачатку ХХ стагоддзя, жыхары навакольных вёсак называлі гэты гарад Менскам. І сталіцай БССР да 1939 года быў менавіта Менск. Праўда, па-руску пісалася "Минск", а па-беларуску — "Менск". Гэта можна пабачыць у кнігах тых гадоў. І толькі ў 1939 Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову, у якой уніфікаваў назву сталіцы БССР, і ў абедзвюх мовах горад пачалі пісаць праз -і-, як у рускай мове. Тое ж самае адбылося з беларускімі мястэчкамі Лёзна і Мёры. Тут гістарычная памылка навідавоку. Пад уплывам паланізацыі гэтыя назвы сталі пісацца лацінкай з улікам марфалагічных асаблівасцяў польскай мовы — Lіozna і Mіory. А калі рускія чыноўнікі знайшлі ў паперах гэтыя запісы, яны проста пратранскрыбіравалі іх. І сёння мы маем у рускім варыянце "Миоры" і "Лиозно", а ў беларускім — Мёры і Лёзна. Хоць правільна было б пісаць праз літару —ё- абодва гарады і ў рускай, і ў беларускай мовах. Такім чынам, мы карыстаемся чыёйсьці грубай памылкай, зробленай стагоддзі таму. Аднак мілагучныя беларускія назвы, які, здавалася б, назаўжды зніклі, у Мінску ажываюць. — У горадзе з’яўляюцца новыя вуліцы і мікрараёны, якія трэба называць. Пры Мінгарвыканкаме працуе Камісія па найменаванні і перайменаванні вуліц, паркаў, сквераў Мінска, членам якой я з’яўляюся. Яна падымае гістарычныя даведкі і слоўнікі і вырашае, якую назву даць той ці іншай вуліцы, скверу, мікрараёну, — кажа Іван Сацукевіч. — Камісія імкнецца даваць гістарычна абумоўленыя назвы, напрыклад у гонар вёскі альбо фальварка, якія былі на месцы цяперашняга мікрараёна, ці ўладальніка той зямлі. Такім чынам, ёсць магчымасць захаваць цэлы пласт тапонімаў, гістарычных, непаўторных, мілагучных назваў. Напрыклад, новы мікрараён Брылевічы насупраць Малінаўкі па праспекце Дзяржынскага хацелі назваць па назве вёскі, якая знаходзіцца побач — Дружба. Але гэтая назва штучная. Сама вёска вельмі старажытная, чым нават больш старажытная за сам горад Мінск. Там знаходзіліся курганы ХІ стагодддзя. Гэта значыць, што ў той час вёска ўжо існавала. Называлася яна Рылоўшчына, ад імя ўладальніка зямлі, якога звалі Рыла. Магчыма, імя гэтага чалавека было Кірыла, з цягам часу першыя літары адпалі, і зямля стала называцца Рылоўшчына. Побач з гэтай вёскай быў фальварак Брылевічы. І замест бязлікага варыянта Дружба мікрараён атрымаў прыгожую гістарычную назву. Вуліца Брылеўская — старажытны напрамак на той фальварак. Новы мікрараён на ўсходзе Мінска за Уруччам на месцы былога ваеннага гарадка спачатку вырашылі назваць Усходнім. Але ў Мінску ёсць станцыя метро Усходняя, мікрараён Усход, вуліца Усходняя, аўтавакзал Усходні. Таму члены камісіі вырашылі назваць яго Вялікі Лес — па агульнай назве вёсак, якія некалі знаходзіліся тут. І сапраўды, тут знаходзіўся велізарны лес, які цягнуўся ад месца сучаснай плошчы Якуба Коласа ўздоўж Маскоўскай шашы далей на ўсход. За апошнія 2 гады Камісія назвала больш за 30 безыменных сквераў, прысвойваючы ім назвы былых фальваркаў, урочышчаў, прадмесцяў, якія там некалі знаходзіліся. Такім чынам узніклі скверы Тучынскі, Грушаўскі, Ляхавіцкі, Старажоўскі, Пярэспенскі, Старосцінская Слабада, Маламядзвежынскі і многія іншыя. Часам здараецца, што людзі не хочуць жыць на вуліцы з назвай, якую выбрала Камісія. Калі ў 2004 годзе ў межы Мінска ўключылі некалькі вёсак — Цна, Зацень, Кунцаўшчына і інш. — трэба было перайменаваць адначасова больш за 60 вуліц. У вёсцы Цна адну з вуліц Камісія па шэрагу прычын хацела назваць Курапацкай, але жыхары склалі ліст, у якім прасілі не называць такім чынам вуліцу, бо для іх Курапаты — гэта вельмі сумная памяць (адпаведна называецца мемарыял на месцы, дзе ў савецкія часы расстралялі вялікую колькасць людзей). Члены камісіі пайшлі насустрач і далі вуліцы іншую назву. Быў падобны ліст з вуліцы Агародніцкай, якая знаходзіцца ў вёсцы Зацынь. Жыхары "не хацелі жыць на нечых агародах". Людзям растлумачылі, што назва паходзіць ад вольных сялян, якія не мелі зямлі і бралі такія надзелы альбо агароды ў арэнду ў памешчыка ці горада. Гэта назва дайшла з далёкіх часоў, яна гістарычна матываваная, таму гэтую просьбу камісія вымушана была адхіліць. Зараз вырабляюцца шыльды з назвамі вуліц на беларускай мове. Тут ёсць праблема: калі вуліцы называлі, асабліва ў савецкі час, абсалютна не думалі, як гэта будзе гучаць па-беларуску. І вось ёсць вуліца Радужная, а па-беларуску яна Вясёлкавая; шукае нехта вуліцу Железнодорожную, а на шыльдах толькі Чыгуначная, і ніводзін замежны турыст не здагадаецца, што вуліца Обойная — гэта тое ж самае, што і Шпалерная. — Для вырашэння гэтай праблемы перш за ўсё трэба перастаць пладзіць памылкі і падбіраць назвы аднолькавыя альбо блізкія па гучанні ў абедзвюх мовах. А тыя, якія ўжо ёсць, трэба пісаць аднолькава па-беларуску і па-руску, абапіраючыся на беларускі варыянт, — лічыць Ігар Сацукевіч. — Напрыклад, тая ж Чыгуначная вуліца па-руску павінна быць Чигуночной. Трэба прымаць рашэнне, якое б уніфікавала назвы і вёсак, і мястэчак, і гарадоў, і вуліц з тым, каб пазбегнуць памылак і проста анекдатычных сітуацый. (Кшталту пераклад мястэчка Чэрвень як Июнь, рэальны выпадак! — Аўт). Пісаць трэба рускі варыянт зыходзячы з беларускай транскрыпцыі. Гэта нармальная міжнародная практыка. Назвы павінны гучаць аднолькава, бо нашыя назвы каштоўныя для свету не як расійскія, а менавіта як беларускія тапонімы. Падрыхтавала Вольга БАРАНЧУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска з рамантычнай назвай Парыж ёсць у Віцебскай вобласці. Такое прывітанне з Францыі хутчэй за ўсё проста жарт памешчыка, які валодаў гэтай зямлёй у ХІХ стагоддзі. Ён, відаць, захапіўся французскімі матывамі і назваў вёсачку ў гонар вядомага горада. У ХХ стагоддзі вёску аб’ядналі з суседняй і па назве другой вёскі назвалі Навадруцк. Але некалькі гадоў таму вядомы ксёндз Ёзаф Булька правёў рэферэндум сярод мясцовых жыхароў, і большасць прагаласавала за вяртанне гістарычнай назвы. Цяпер гэтая вёска называецца Парыж, і ў яе цэнтры нават ёсць свая Эйфелева вежа (праўда, зробленая з уласцівай беларусам рацыянальнасцю — пад лініі электраперадач, затое падсвечаная і падфарбаваная). |
|