Не ў дзядулях з традыцыйнымі кашамі прычына, а ў легалізацыі браканьерства!..
10.04.2010
—
Новости Общества
|
У нумары "Звязды" ад 8 красавіка быў змешчаны артыкул Сяргея Расолькі "Ці быць сеткам-2. Але ўжо з "нацыянальным" каларытам". Гаворка ў ім вялася пра другую (пасля няўдалай леташняй) спробу фактычнага, на думку многіх рыбаловаў-аматараў, узаконьвання сетак (чытай у больш шырокім сэнсе — браканьерства). Прычым цяпер ініцыятары гэтага кроку ўзялі на ўзбраенне такія паняцці, як... "самаробныя (ручной працы) традыцыйныя нацыянальныя прылады лоўлі рыбы, вырабленыя з прыродных матэрыялаў". Менавіта з іх дапамогай можа быць, як прапануецца, арганізаванае платнае аматарскае рыбалоўства ў фондзе рыбалоўных угоддзяў, з дадзеных у арэнду ці бескарыслівае карыстанне. Канчатковая мэта — прыцягнуць замежных турыстаў (зарабіць грошай). Рашэнне яшчэ не прынятае, новаўвядзенне прапанавана абмеркаваць у сродках масавай інфармацыі. Трэба нагадаць, што менавіта рыбаловы-аматары летась сталі той сілай, якая спыніла (як высветлілася, на час) ініцыятараў заахвочвання такога спосабу "лоўлі" з сеткамі. Усім неабыякавым мы прапанавалі выказацца і цяпер. Водгукі паступілі імгненна. @ Натуральнае ўзаконьванне браканьерства. Хто на месцы будзе разбірацца — самаробная прылада ці заводская? Асабіста я — супраць. Alex. @ Для разумення сутнасці праблемы трэба напачатку паставіць пытанне і адказаць на яго: а навошта мы ўвогуле абмяжоўваем спосабы лоўлі? Адказ: каб падтрымаць багацце і разнастайнасць рыбных запасаў нашых вадаёмаў. Лагічна. Цяпер давайце высветлім, якія метады, спосабы лоўлі наносяць найбольшы ўрон гэтым самым запасам? У першую чаргу гэта — лоўля падчас нерасту ўсімі відамі сетак і прыладаў з сеткаматэрыялаў, лоўля з выкарыстаннем электрычнасці, восцямі... і лоўля звычайнай вудай! І калі першыя віды прыладаў аднесены да браканьерскіх і забароненыя, дык вуда ўвесну дазволена паўсюдна. Калі б я не бачыў і не ведаў, колькі ў красавіку-маі дзясяткаў тысяч засумаваўшых па адкрытай вадзе рыбаловаў накіроўваюцца на бераг, і колькі імі вылоўліваецца рыбы, я б не турбаваўся! Для рыбы няма розніцы, як яе дастануць з вадаёма — адзін браканьер з дапамогай 10 сетак ці 1000 рыбаловаў-аматараў з дапамогай 1000 вудаў, донак ці спінінгаў. Сённяшнія Правілы найбольшую ўвагу надаюць забароне некаторых прыладаў і цалкам патураюць у частцы кантролю за вылавам масай рыбаловаў-аматараў. Я маю досвед і веды і магу законна здабыць у год 250 кілаграмаў, а калі рыбачу з сынам ці з усёй сям'ёй, дык і 1000 кілаграмаў рыбы. Пры традыцыйна масавым захапленні рыбалкай нашага насельніцтва і пры паблажлівых, другасных адносінах да кантролю за ўловам, і пры рэвалюцыйным прагрэсе ў сучасных прыладах — воблерах, шнурах, кручках, прынадах, прыкормах, а таксама сродках дастаўкі — машынах, маторах, лодках, эхалотах... магу меркаваць, што асноўны ўрон рыбнаму пагалоўю нашых вадаёмаў наносіць звычайнае аматарскае рыбалоўства. Браканьеры і прамлоўля ўжо гадоў 5, як адсталі... Што трэба рабіць? Трэба рабіць рыбалку платнай.Трэба мэтанакіравана рабіць рыбалку эканамічна не выгаднай. Трэба вяртаць рыбаловаў са шляху здабычы і "адбіцця выдаткаў" на шлях захаплення! Без гэтага, пры захаванні сённяшняй рэвалюцыі ў прыладах і спосабах, пры далейшай аўта- і матарызацыі рыбаловаў, разам з нашым традыцыйным масавым рыбалоўствам, у нас проста фізічна не застанецца рыбы! Народныя ж, самаробныя, традыцыйныя спосабы лоўлі пры абмежаванні памеру і колькасці, пры вызначэнні дакладных месцаў выкарыстання (толькі аддаленыя ад гарадоў поймы рэк, буйныя азёры і водныя сістэмы), пры вызначэнні часу лоўлі (чэрвень—верасень), абмежаванні нормы ўзяцця — 5 кілаграмаў, пры абавязковым выкананні ўмовы — уласнай вытворчасці (з пянькі, лёну і дрэва) не змогуць нанесці колькі б значнай шкоды папуляцыі рыбаў. Гэтую лоўлю трэба дазволіць абавязкова, бо гэта — нашы традыцыі і культура. Гэта трэба ведаць, паважаць і берагчы! Шышоў Ігар Анатольевіч. @ "калі б я не бачыў і не ведаў, колькі ў красавіку-маі дзясяткаў тысяч засумаваўшых па адкрытай вадзе рыбаловаў накіроўваюцца на бераг і колькі імі вылоўліваецца рыбы, я б не турбаваўся!" Бываю і сярод гэтых рыбаловаў. Норму — 5 кілаграмаў — набіраюць адзінкі. Часта з дзясяткаў рыбаловаў, якія сядзяць побач, нармальна ловяць адзін-два. Астатнія адпачываюць. А вось для арандатараў і браканьераў рыбалка — гэта праца. Прыбытак. Часта адзіны. І паверце, я ведаю азёры, якім за час іх існавання не было нанесена столькі ўрону, колькі за пару гадоў арэнды: жыўца нельга было злавіць! Калі самі арандатары і пагарэлі на лоўлі сеткамі ў нераст і вадаём у іх адабралі — адбыўся цуд! Нягледзячы на "арміі сквапных аматараў" аднекуль стала з'яўляцца рыба. І нішто сабе! Дык вось не ў дзядулях з традыцыйнымі, ледзь не з лёну плеценымі прыладамі, прычына — а ў ЛАЗЕЙЦЫ, якую расцягнуць да такіх памераў, што гэта насамрэч стане легалізацыяй браканьерства!.. З павагай да ўсіх праціўнікаў браканьерства, у тым ліку ўзаконенага! Аматар. @ Трэба падзяліць паняцці пра рыбалоўства. Што ёсць аматарская рыбалка і што ёсць промысел. І адпаведна падзяліць прылады. Ёсць прылады для лоўлі аматарскія, ёсць прамысловыя, да якіх я аднёс бы і стаўкі, калабахі, донкі, жэрліцы, і аналагічныя пасіўныя прылады. Вернемся да новаўвядзенняў: жакам, бучам, брэдням... Забытыя быццам бы прылады хочуць адрадзіць пад народным этнасам і павышэннем даходнасці арандатараў, але ці праводзілася эканамічная і прыродаахоўная экспертыза гэтых навінаў? Хто можа назваць лічбы даходнасці, прыцягнення замежнага турыста і колькі замежнікаў гэтай паслугай захочуць скарыстацца, колькі кілаграмаў рыбы гэта дабавіць да 85 грамаў, вылаўленых арандатарамі ва ўсіх рыбалоўных угоддзях на жыхара Беларусі промыслам, 1—2 грамы? Хто можа на гэтыя пытанні адказаць? Fynjyі. @ Добрымі намерамі, як вядома, мосцяць дарогу ў пекла. Чыноўнікі ад прыроды — занепакоіліся няпрофільнай для іх этнаграфіяй! З якога перапуду? Скончылі ўсе справы ў сваіх арганізацыях? Абаранілі ўсю прыроду ў запаведніках, што сталі нацпаркамі, у якіх цяпер можна, дзеля грошай, а не аховы прыроды: — пілаваць пойменныя прыпяцкія дубы; — страляць качку ў вялікай колькасці і падчас забароны — замежнікам за валюту; — паляваць на іншую дзічыну. У тым ліку — "чырванакніжную". ??? Летась яны ўжо спрабавалі працягнуць сеткі ў Правілы, але — атрымалі адпор ад рыбаловаў краіны, якія сабралі каля 8 тысяч подпісаў супраць гэтага новаўвядзення. Але, вельмі патрэбныя некаму сеткі ў аматарскім рыбалоўстве. Цяпер — пад этнаграфічным соусам. Думка пра тое, што, заплаціўшы еўра, немец у трыко і кедах будзе боўтацца з крыгай па старыцах Прыпяці, смешная! Дык навошта ж тады нашым чыноўнікам сеткі? Дабіць рыбу, што засталася, якая толькі пачала аднаўляцца пасля дзікунскага браканьерскага прэсу 90-х? Ці, спачатку працягнем ільняныя "этнаграфічныя" сеткі, а следам, праз годзік — кітайскія? Супакояцца гэтыя "этнографы" тады, калі вылавяць апошнюю плотку ў Прыпяці. За валюту. БМ-0851 (Працяг тэмы ў наступных нумарах.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары "Звязды" ад 8 красавіка быў змешчаны артыкул Сяргея Расолькі "Ці быць сеткам-2. Але ўжо з "нацыянальным" каларытам". Гаворка ў ім вялася пра другую (пасля няўдалай леташняй) спробу фактычнага, на думку многіх рыбаловаў-аматараў, узаконьвання сетак (чытай у больш шырокім сэнсе — браканьерства). Прычым цяпер ініцыятары гэтага кроку ўзялі на ўзбраенне такія паняцці, як... "самаробныя (ручной працы) традыцыйныя нацыянальныя прылады лоўлі рыбы, вырабленыя з прыродных матэрыялаў".
|
|