Грунвальдская бітва пачнецца... у Сілічах
24.04.2010
—
Новости Общества
|
Сёння, 24 красавіка ўсе ахвотныя запрашаюцца на "Грунвальд-фэст" — не толькі рэканструкцыю бітвы з крыжакамі 600-гадовай даўніны, але і вялікае свята рыцарскай культуры, зладжанае сумесна фондам "Краіна замкаў", гарналыжным комплексам "Сілічы" і ваенна-гістарычным клубам "Карона захаду". Насуперак гістарычным хронікам, баявыя дзеянні тут распачне не конніца, а лучнікі, якія прадэманструюць сваё майстэрства. Далучыцца да турніру, паведамляюць арганізатары, зможа кожны, хто пажадае, але пры адной умове — наяўнасці сваёй зброі, што пройдзе праверку ў спецыяльнай камісіі, і гістарычнай вопраткі. Навічкі ж могуць "прыстраляцца" і без гэтага на адмысловых атракцыёнах, а таксама паўдзельнічаць у камандных ігрышчах. Далей памераюцца сіламі рыцары — як у двубоях, так і ў масавых бойках — бугуртах. Дарэчы, удзел у "Грунвальд-фэсце" пацвердзілі вопытныя байцы — Федэрацыя гістарычнага фехтавання Беларусі, так што бітва абяцае быць насамрэч гарачай. Кульмінацыяй фестывалю павінен стаць штурм замка "крыжакоў" войскамі "Вітаўта". І хоць зыход гэтай бойкі ўсім вядомы, але менш відовішчнай ад таго яна не стане. Напрыканцы турніру пераможцы будуць узнагароджаныя. Паралельна з баямі ў праграме фэсту — майстар-клас па сярэднявечных танцах, конкурс гістарычных касцюмаў і даспехаў, дэманстрацыя рамёстваў — кавальскага, ткацкага, ганчарнага і г.д., кірмаш, прысмакі з беларускай кухні, а ўвечары — фаер-шоу! Забяспечыць адпаведны настрой наведнікам бярэцца цэлы шэраг фальклорных і рок-калектываў — "Рокаш", "Эквілібрыум", "Лігейя", "Ars longa", "UNІA", "Beyond the Darkness" ды іншыя. Дабрацца да Сілічаў можна як уласным транспартам, так і на аўтобусах ад метро "Усход" з арганізаванымі групамі — але пажадана папярэдне запісацца ў арганізатараў. Кошт уваходнага білета на фестываль складае 20 тысяч беларускіх рублёў для дарослых і 15 — для дзяцей і падлеткаў 6—14 гадоў. Гэты фэст, хоць і не прэтэндуе на гістарычную рэканструкцыю падзей, павінен стаць своеасаблівай размінкай у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 600-м угодкам Грунвальдскай бітвы. А ўжо ўлетку, з 15 па 19 ліпеня, плануецца паездка на сапраўднае месца падзей — "Дарога на Грунвальд", якая ахопіць Гданьск, Сопат, уласна Грунвальд, Мальбарк з яго славутым палацам і Ольштын. Між іншым, угодкі бітвы на Грунвальдскім полі адзначаюцца штогод, пачынаючы з 1998-га, маштабнай інсцэніроўкай адной са знакавых і найбольш масавых бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы. У юбілейны год чакаецца асаблівы размах — на полі збяруцца тысячы ўдзельнікаў і дзясяткі тысяч гледачоў, каб убачыць конныя турніры, рыцарскія забавы, канцэрты і інсцэніроўку галоўнай бітвы войскаў ВКЛ і Польскага каралеўства з арміяй Тэўтонскага ордэну... Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, 24 красавіка ўсе ахвотныя запрашаюцца на "Грунвальд-фэст" — не толькі рэканструкцыю бітвы з крыжакамі 600-гадовай даўніны, але і вялікае свята рыцарскай... |
|