Вайна і мір Марата Ягорава. 21.by

Вайна і мір Марата Ягорава

08.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Марат Ягораў — за рулём франтавога аўтамабіля “Віліса” на парадзе ў Берліне. Май, 2006 г.
Калі ён вярнуўся дадому ў 45-м, яго не пазнала маці
Марата Ягорава журналісты называюць “галоўным міратворцам Беларусі”. Па заслугах: франтавы радыст-разведчык, які “ўмеў на вайне рабіць усё”, кавалер многіх баявых ардэноў і медаляў, удзельнік Парада Перамогі ў Маскве ў 45-м, якому ўжо 87, амаль сорак гадоў актыўны ў міратворчым руху. Служыў пасля вайны афіцэрам у Беларусі, дэмабілізаваўся, вывучыўся на журналіста і працаваў на тэлебачанні, пісаў аповесці, апавяданні. А далучыўся да “справаў міру” з блаславення знакамітых франтавікоў-пісьменнікаў, “двух моцных беларускіх Іванаў”: Мележа і Шамякіна. Даўно ўзначальвае Беларускі Фонд міру. Менавіта як член прэзідыума Еўрапейскага форуму міру, штаб-кватэра якога ў Берліне, быў запрошаны туды і ў маі 2005-га — на ўрачыстасці з нагоды юбілею Вялікай Перамогі. І аказалася: Марат Фёдаравіч сярод лідараў-міратворцаў Еўропы — адзіны ўдзельнік Другой сусветнай…
Вядома ж, цікавасць да пасланца з Беларусі была асаблівай. Ягораву далі слова першаму, прычым без рэгламенту. І ён “у сяброўскай бяседзе” расказаў пра сваё бачанне надзённых праблем вайны, міру. Даў па тэлефоне інтэрв’ю газеце “Юнге вельт”, і назаўтра ж яно было апублікавана. А потым яго папрасілі выступіць з дакладам ва Універсітэце імя Гумбальдта: на другі дзень там збіралася грамадская эліта Берліна з нагоды 60-годдзя вызвалення Германіі ад фашызму. “У мяне была тая ноч — як перад боем… — згадвае з усмешкай Марат Фёдаравіч. — Увогуле я заўсёды гавару без паперкі. І планчык толькі накідаў: што за чым гаварыць, лічбы, прозвішчы — каб памяць не перагружаць… Выступаў хвілін трыццаць, і было гэта адно з самых складаных маіх выступленняў”.
Ён з вайны ведае: ступіць на чужую тэрыторыю — яшчэ не значыць заваяваць сэрцы. І таму шукаў словы, каб крануць лепшыя струны нямецкай душы, наладзіць мост паразумення між народамі. Менавіта з майскіх падзей 45-га і пачаў. “Я сказаў, што прадстаўляю ўвесь савецкі народ і войскі, што прыйшлі тады ў Берлін не як акупанты — як пераможцы. І першае, што нам трэба было зрабіць у разбураным, спаленым Берліне — аказаць дапамогу простым людзям: галодным, халодным… І мы зварылі ім кашу, і вывезлі на плошчы паходныя кухні. Але напалоханыя гебельсаўскай прапагандай людзі баяліся, што мы іх будзем труціць. І тады нашы кухары дэманстратыўна бралі — і елі тую кашу. А першымі, хто адважваўся падысці бліжэй, былі дзеці. Яны знайшлі нейкія чарапкі, каструлькі і пайшлі да нас… Гэта была моладзь. Гэта былі пасланнікі міру, будучыня Германіі, вашы народныя дыпламаты...” І тут з залы ўсхваляваны вокліч: “Я была сярод тых дзяцей…”
Дзесяць разоў яго сардэчную прамову — пра боль страты сяброў і цяжкі вопыт вайны, пра велізарныя разбурэнні, якія бачыў салдат на шляху ад роднага Севастопаля, абараняючы Каўказ, вызваляючы Украіну, Беларусь, Польшчу, пра рух у абарону міру і небяспеку паўзучай “мілітарызацыі свядомасці” людзей — перапынялі апладысменты. Доўга не змаўкалі яны і калі Ягораў завяршыў даклад словамі паэта Назыма Хікмета: “Калі я свяціць не буду,/ Калі ты свяціць не будзеш,/ Калі мы свяціць не будзем/ — Хто ж тады разгоніць цемру?”.
Марат Ягораў
Хто ж тады?.. Тысячы людзей па свеце пашыраюць ідэі міру, дабра, згоды. Сябрам Марата Ягорава, напрыклад, быў пісьменнік, аўтар “Аповесці пра сапраўднага чалавека” Барыс Палявы, а 12-ы чэмпіён свету па шахматах Анатоль Карпаў, які з 1992 года ўзначальвае Міжнародную асацыяцыю Фондаў міру, лічыць яго сваім духоўным бацькам. Пасябраваў Марат Фёдаравіч і з сынам аднаго з салдатаў вермахта, які загінуў у вайну на Віцебшчыне. Ягораў папрасіў калег, каб дапамаглі Іаганесу Ціле з горада Каршэнбройх, што ў Паўночнай Рэйн-Вестфаліі, знайсці магілу бацькі. “Вялікі груз на душы, адчуваю адказнасць за бацьку... Паверце, ён быў добрым чалавекам, сам ні стрэлу не зрабіў…“ — як апраўдваўся нямецкі выкладчык, калі яны сустрэліся ў Мінску. І запытаў у Ягорава, чым можа быць карысным для Беларусі. “Дапамажыце нашым дзецям...”, — прапанаваў Ягораў, маючы на ўвазе аздараўленне ў Германіі юных жыхароў з прычарнобыльскіх рэгіёнаў.
А да таго, расказвае Марат Фёдаравіч, маскоўскі генерал Варэнікаў, у вайну аднапалчанін старшага сяржанта Ягорава, адразу пасля Чарнобылю дапамог размясціць у ваенных санаторыях СССР больш за тысячу дзяцей: “Сплаціў даўжок, я ж яму, як вызвалялі Адэсу, дапамог аднойчы ордэн атрымаць”. І з сябрам Іаганесам яны ўжо шмат зрабілі разам. Ён часта бывае ў Беларусі, прывозячы гуманітарныя грузы. Помніцца Ягораву і сумесны з немцамі “Рэйс міру” ў красавіку 2001-га: ветэраны, моладзь ехалі на аўтобусе з Хатыні на Брэст, Варшаву і далей у Германію. У памяць пра 60-я ўгодкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 15-я ўгодкі Чарнобылю пад час сустрэч усюды высаджвалі “Дрэвы міру”. Шчырасцю, адкрытасцю і можна дастукацца да іншых сэрцаў. “Уявіце сабе: заехалі ў беларускі горад — а нам насустрач цэлая чарада дзетак, на трохколавых веласіпедах. Акружылі гасцей, смяюцца, і ўсе дзынькаюць, звіняць сваімі званочкамі... Гэта было выдатна!”
...Дзесяць хлопцаў-равеснікаў розных нацыянальнасцяў з адной кампаніі разам адыходзілі на фронт добраахвотнікамі. Усе як на падбор: спортам займаліся, варашылаўскія стралкі, не пілі і не курылі. Сабраліся апошні раз 1 жніўня 1941-га ў святым для іх месцы, ля “Помніка затопленым караблям”. Яны станавіліся салдатамі, і перад адпраўкай на фронт налілі кожны сабе па шклянцы крымскага віна. “Хлопцы, п’ем паўшклянкі”, — сказаў старэйшы, Косця. Адпілі і паставілі. Гэтаксама і папяросы выкурылі напалову — і паклалі. “І дамовіліся: у вайну не п’ем і не курым, а вернемся — дап'ем і дакурым”. Марат стрымаў слова: праз усю вайну — ні грама спіртнога. І франтавыя сто грам, і тытунь аддаваў сябрам, з якімі разам ваяваў.
У Мелітопалі салдата чакала мама. Яна, настаўніца, назвала яго ў гонар французскага рэвалюцыянера Жана-Поля Марата. Сын, паранены, вярнуўся з вайны без папярэджання. “Падымаюся па лесвіцы — а насустрач мама спускаецца, на працу ідзе, — голас у Марата Фёдаравіча становіцца мяккім, прыцішаным. — А тады ж, пасля вайны, усім цікава было: да каго хто прыехаў? Усе вярталіся. І яна да мяне: “Малады чалавек, а вы да каго?...” Уяўляеце, мяне праз чатыры ваенныя гады мама не пазнала! А я гавару з усмешкай: “Да Вас, Таццяна Валянцінаўна…”
А з тых дзесяці севастопальскіх сяброў жывым з вайны вярнуўся толькі ён, Марат Ягораў...

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі ён вярнуўся дадому ў 45-м, яго не пазнала маціМарата Ягорава журналісты называюць “галоўным міратворцам Беларусі”. Па заслугах: франтавы радыст-разведчык, які...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика