Рабілі ўсё для Перамогі…
08.06.2010
—
Новости Общества
|
У ліку сотняў ветэранаў Казахстана, якія атрымалі да Дня Перамогі віншаванні ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, — і былая ўдзельніца баёў за вызваленне Беларусі Бібінур Тынысбекава
На пачатак Вялікай Айчыннай Чырвоная армія несла вялікія страты, і было прынята рашэнне аб мабілізацыі жанчын. Яны праходзілі хуткую падрыхтоўку і — на франты: медсёстрамі, сувязісткамі, снайперамі, лётчыцамі, авіятэхнікамі, зенітчыцамі... Гэта было адметнае пакаленне патрыётаў, якія не пыталіся "Чаму я?". Яны заўсёды пыталі: "Чаму не я?". Многія з іх не задумваліся, што рабіць, калі Айчына ў небяспецы. Патрыятызм загадваў: "На фронт!". Да канца вайны было мабілізавана амаль 800 тысяч жанчын, у асноўным дзяўчат, якія толькі закончылі школу і якія-небудзь курсы. І сёння ветэраны падзяляюць сваё жыццё на тры этапы: "да вайны", "ваенны" і "пасляваенны". Бібінур Тынысбекава, як і тысячы яе равеснікаў, імкнулася на фронт. А як жа інакш: камсамолка, дачка афіцэра Чырвонай арміі, выпускніца… Прычым яна не проста марыла. Хадзіла на курсы медсясцёр, сувязістаў, стралкоў — вучылася ўсяму, што можа спатрэбіцца на фронце. І вось Бібінур залічаюць у школу сяржантаў на курсы авіятэхнікаў, там яна асвойвае яшчэ спецыяльнасці радыста, вадзіцеля. Пасля — франты: Паўночна-Заходні, Трэці Беларускі, Прыбалтыйскі. Цяжкасцяў сербанула, разам з іншымі дзяўчатамі-авіятэхнікамі, гаворыць, “не дай Бог нікому”… І кожны самалёт правяралі перад вылетам, і падвешвалі ўручную цяжкія бомбы. Прычым у любое надвор'е, у мароз, дождж, снег… Адказнасць велізарная: машына ў любы момант павінна быць гатова да бою. А вярнуўся самалёт з задання — яго тут жа рамантавалі, "залізвалі" раны на зямлі. І лётчыкі былі бадай што іх равеснікі, амаль хлапчукі (памятаеце фільм "У бой ідуць адны старыя"?). А як страшна было губляць прама на вачах сваіх сяброў-таварышаў… Праводзіш у неба — і ніколі не ведаеш, ці вернецца жывым экіпаж. Бібінур з жахам успамінае, як падоўгу і метадычна фашысцкія самалёты бамбілі нашы аэрадромы — ніводзін фільм, кажа, не зможа перадаць той страх, тую жудасць. Ад смерці не ратавалі бліндажы і зямлянкі. Гінулі лётчыкі, сяброўкі Бібінур — авіятэхнікі. У адзін з такіх налётаў і Бібінур была параненая, але падлячылася і вярнулася ў полк. Двойчы мела кантузіі, некалькі разоў абмарожвала рукі-ногі — і зноў, пасля медсанбатаў, вярталася да сваіх. Ці зразумее іх сённяшняя моладзь? Як гэта — ісці насустрач вайне, калі яна нясе смерць? А трэба, разважае субяседніца, вельмі моцна "прасякнуцца" духам таго часу, калі ўсе спявалі "Прежде думай о Родине, а потом о себе”... У свае васемнаццаць маленькая ростам дзяўчына з Казахстана паспела заслужыць ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступені. За час вайны Бібінур была памочнікам палітрука роты, камандзірам аддзялення, узвода, камсоргам палка. А вайна для яе скончылася толькі ў ліпені 45-га: тады яна дэмабілізавалася. А як жа каханне, пытаюся, ці было яму месца на вайне? Бібінур гаворыць: вядома ж, сімпатыі былі, і “амуры” здараліся, але не так часта, каб рабіць іх галоўнай тэмай, згадваючы пра вайну. Бо гэта быў час калі чалавек канцэнтруецца, збірае сябе "ў кулак". Ва ўсялякім разе, так было ў яе палку. І "загалоўнай" тэмай яе вайны была, як ні пафасна прагучыць, тэма любові да Айчыны. І жаданне зрабіць усё для Перамогі. Хто мог — рабіў гэта ўсё на фронце, астатнія — у тыле. І менавіта таму кожны Дзень Перамогі для ветэранаў — нібы пачатак Новага года. І для Бібінур Тынысбекавай менавіта 9 мая пачынаецца і заканчаецца адлік часу. Пасля вайны яна закончыла інстытут, працавала эканамістам на салідных пастах у дзяржорганах Казахстана, у тым ліку і ў Савеце Міністраў, ініцыявала стварэнне гарадскога Савета ветэранаў Алма-Аты. Раней ветэранка заўсёды была на парадах Перамогі, і пяць гадоў таму ездзіла на юбілей у Астану. А цяпер не ўпэўнена ў сваіх сілах, прымала віншаванні дома, у Алматы. Ёй прыемна, што памятае пра казахстанскіх братоў і сясцёр па зброі, сваіх вызваліцеляў з розных куткоў былога Саюза і Беларусь. Запрашалі беларусы на святы і сёлета: яна ж удзельнічала ў баях за вызваленне горада Віцебска. З вялікай удзячнасцю атрымлівае Бібінур Тынысбекава да вялікіх святаў віншавальныя лісты ад кіраўнікоў дзвюх братніх краін: Нурсултана Назарбаева і Аляксандра Лукашэнкі. І, вядома ж, наведвала яе сёлета шмат сяброў, сябровак, сваякоў… А першы абавязковы тост за гасцінным дастарханам — "За Перамогу!" І за тых, хто не дажыў да гэтага галоўнага дня, аддаў за Перамогу сваё жыццё… Раіса Майтанава, Казахстан Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ліку сотняў ветэранаў Казахстана, якія атрымалі да Дня Перамогі віншаванні ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, — і былая ўдзельніца баёў за вызваленне Беларусі... |
|