Па шляху з Парыжа ў Чашнікі
08.06.2010
—
Новости Общества
|
У творчасці мастачкі Вольгі Дзёмкінай спалучыліся беларускія і французскія традыцыі
Яна пабывала ў рэдакцыі “Голасу Радзімы” двойчы: пасля прылёту з Парыжа ў Мінск і перад адлётам, пасля выставаў на Віцебшчыне. Пра Вольгу Дзёмкіну ўпершыню я пачуў у канцы 70-х. Тады на выставах захапляліся яе габеленамі па матывах беларускай гісторыі — “Песня з мінулых стагоддзяў”, “Рэха”. Былі водгукі ў друку: арыгінальна, таленавіта! Шырока вядомай яна стала пасля Чарнобылю, калі па выставах прайшлі яе творы з красамоўнымі назвамі “Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся”, “Узыходжанне”, “Зорка Палын”, “Крыніца часу”. А яшчэ па эскізах Вольгі Дзёмкінай шыліся касцюмы для “Песняроў”, “Купалінак”... Потым нечакана мастачка як бы знікла з нашага “культурнага поля”, і зноў пра яе пачуў я толькі год праз дзесяць у Парыжы. У пасольстве мне паказалі вытканы ёй і падараваны габелен. Вольгу называлі “паслом добрай волі”, прадстаўніцай нашай культуры ў Францыі і найперш у Ліёне, горадзе пры Альпах, у якім яна жыве. Перад кожнай сваёй выставай, а іх у год бывае да пяці, бярэ мастачка ў пасольстве для распаўсюду літаратуру, апавядае гасцям пра Беларусь. І вось яна прыходзіць у рэдакцыю разам са старшынёй Таварыства “Беларусь-Бельгія” Тамарай Антановіч, за кубкам гарбаты ахвотна дае міні-інтэрв’ю. — Вольга Васілеўна, першае пытанне не абмінеш: як вы аказаліся ў Францыі? Вам жа і тут працавалася няблага. У замежных выставах удзельнічалі, габелены ахвотна куплялі музеі і калекцыянеры… — Паклікаў у Францыю голас сэрца. — І хто ж ён, ваш выбраннік, калі не сакрэт? — У зарубежных каталогах маіх выставаў сакрэт даўно раскрыты. Гэта скрыпач і кампазітар Жорж Пасо. Сустрэліся мы на выставе ў Парыжы, а на чацвёрты дзень знаёмства ён зрабіў мне прапанову аб мар’яжы. — Значыць, па слядах Надзеі Хадасевіч пайшлі: паехала яна ў Парыж, пазнаёмілася там з мастаком Фернанам Лежэ — і стала Хадасевіч-Лежэ. У родны Зембін, на Барысаўшчыну, пасля вайны свае творы прывозіла, копіі сусветных шэдэўраў… А вы што на Радзіму прывезлі? Выставу плануеце? — Так, дзве: у Чашніках і Новалукомлі. Мяркую там, на радзіме, у музеі Красналуцкай сярэдняй школы, партрэты сваіх бацькоў пакінуць. А з навінак прывезла тканы партрэт Уладзіміра Караткевіча — мы ў яго Год уступілі, ды і сам ён родам з Віцебшчыны. І вось па дарозе ў Парыж Вольга Дзёмкіна зноў у рэдакцыі: адлёт затрымліваўся ў сувязі з вывяржэннем вулкана ў Ісландыі. — Выставы прайшлі — супер! — дзялілася мастачка радасцю. — Мноства гледачоў, прытым вяскоўцаў. Віцебскае духавенства арганізавана прыехала. Я паказвала свае творы пра вандроўкі ў Альпы, Парыж, на Тайланд. Гаварылі ледзь не з усімі па-беларуску. — Беларуская мова жыве і на старонках пакінутых вамі каталогаў вашых зарубежных выставаў — я прагледзеў іх… Аказваецца, у Францыі да вашых габеленаў і бацікаў дадаліся жывапіс, афармляеце кнігі. Фарбы сталі больш яркімі, да беларускіх традыцый далучыліся ўплывы французскага імпрэсіянізму. Адчуваецца творчы ўзлёт! — І абавязкова адзначце, што ўсюды, дзе б ні была, падкрэсліваю: я — беларуска, не расстаюся з беларускім пашпартам. Усё раблю дзеля таго, каб людзі больш ведалі пра Беларусь. Нагадваю ім, што гэта — цэнтр Еўропы, што яна дала Францыі, свету не толькі Марка Шагала і Надзею Лежэ, але і многіх-многіх іншых таленавітых і добрых людзей. Адам Мальдзіс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У творчасці мастачкі Вольгі Дзёмкінай спалучыліся беларускія і французскія традыцыі |
|