У пошуках духоўнай апоры. 21.by

У пошуках духоўнай апоры

09.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія Чытанні адкрылі дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе. З ініцыятывай выступіла Царква. А спецыялісты загаварылі пра гуманітарную бяспеку дзяржавы. І, відаць, нездарма.

Дастаткова ўважліва паглядзець зводку крымінальных здарэнняў. Большасць паведамленняў у ёй пра тое, як маладыя, здаровыя крадуць, рабуюць, а то і яшчэ горай. Са свежых навін: у Лунінцы маладая жанчына нарадзіла здаровае немаўлятка і кінула ў надворную прыбіральню. У Брэсце распачаліся дзве судовыя справы аб забойствах старых людзей. Старых забівалі, каб адабраць грошы. Скажаце, і раней такое было? Было, ды не так і не столькі. Раней нават за калючым дротам тых, хто ўзняў руку на старога альбо дзіця, чакала доля ізгоя. Таму яны нярэдка аддавалі перавагу самагубству, каб не трапляць у турму і не станавіцца недачалавекам зоны. Значыць, нават у тым асяродку існаваў маральны бар'ер, які пераступаць было нельга. Цяпер ён, падобна, страчаны нават на волі. Бо не баяцца грамадскага асуджэння ні забойцы, ні п'яніцы, ні тыя, хто кідае альбо забівае дзяцей. Яны наогул нічога не баяцца.

Наіўна думаць, што дастаткова прачытаць гэтым людзям курс рэлігійных асноў, расказаць пра боскія запаведзі, і яны стройнымі шарэнгамі пойдуць да новага жыцця. У каго душы пустыя, тым наўрад ці дапаможаш. Але ж нешта рабіць трэба, і найперш для тых, у каго душа не пустая альбо ёсць хоць нейкі шанц яе напоўніць чалавечымі паняццямі.

Калі вялікая частка нашых людзей "клюе" на прымітыўныя серыялы і ток-шоу, на нізкапробныя дэтэктывы і рознага роду камп'ютарнае смецце... Ды што пра гэта, варта якому-небудзь гора-прапаведніку прыехаць немаведама адкуль і затуманіць мазгі, нашы людзі гатовыя ехаць на край зямлі і ў яе залезці. Усё гэта сведчыць, што духоўных арыенціраў бракуе, яны адсутнічаюць у многіх і многіх. Таму не можа заставацца ўбаку сістэма адукацыі. Людзі старэйшага пакалення ўсё ж на нечым выхоўваліся. І хай цяпер маладыя пасмейваюцца над радком з песні, які мог бы стаць дэвізам да ўсяго тагачаснага выхавання: "Раньше думай о Родине, а потом о себе". Была створана дзейсная сістэма ідэалагічнага і маральнага выхавання, наўрад ці будзе хто з гэтым спрачацца. Цяпер выхоўваць не тое што няма на чым... Але не пераадолена нейкая бессістэмнасць, хаатычнасць ва ўсім адукацыйным працэсе, выкліканая, цалкам верагодна, шматлікімі рэформамі, пераменамі, няскончанымі пошукамі аптымальных варыянтаў. З аднаго боку, здавалася б, адукацыя становіцца больш дэмакратычнай — тэсты, дзесяцібальная сістэма, заданні, што стымулююць самастойную працу, а з іншага — жорсткія рамкі, патрабаванні ў афармленні, скарачэнне гуманітарных курсаў. Са школьнай праграмы старэйшых класаў амаль прапала сачыненне як форма самавыяўлення вучня. Цяпер толькі выкладанне, блізка да тэксту: крок управа, урок улева — дрэнная адзнака. А сачыненне, як нішто іншае, вучыць дзяцей думаць, разважаць. Мой настаўнік рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе ў канцы звычайнага ўрока па якой-небудзь тэме пісаў на дошцы тры тэмы сачыненняў (на выбар) і дату, да якой належала работу здаць. Болей ніякіх каментараў не давалася. Як, у якой форме, у якім аб'ёме пісаць, вырашаў вучань. Пазней стала зразумела, што такім чынам абуджалася творчасць, думка.

Навучыць юнага чалавека думаць, мысліць, суадносіць сябе з сусветам, з грамадствам — праблема з праблем. Вось чаму я выступаю за ўвядзенне курса рэлігійнай культуры. Можа хоць некага, пэўную частку вучняў гэтыя ўрокі падштурхнуць да разважання, да пошуку ісціны, як некалі заклікаў Калеснік. Ніхто ж не кажа, што пасля ўрокаў рэлігійнай культуры ўсе павінны рынуцца ў царкву ды біцца галавой аб падлогу. Бо як сказаў аднойчы Аляксій ІІ, не той хрысціянін, хто на Вялікдзень яйкі фарбуе. А, відавочна, той, хто свядома не зробіць зла, перш за ўсё.

Матэрыяльныя каштоўнасці выйшлі на першы план у грамадстве. Рынак дыктуе няўмольныя ўмовы да дасягнення ўласнага дабрабыту, якія, мякка кажучы, не заўсёды сябруюць з маральнымі прынцыпамі. Грамадства рэзка размяжоўваецца. Ужо і ў школьным класе, і ў студэнцкай групе адметная розніца паміж дабрабытам бацькоў вучняў і студэнтаў. Скажаце: вось вам арыенцір для бедных, вучыся, старайся, дасягай. Не так усё проста. Па-першае, так званыя багатыя амаль заўсёды паводзяць сябе з выклікам. А бедныя часта адказваюць зласлівасцю. Што гаварыць пра дзіцяча-юнацкія калектывы, нядаўна была проста ўражана выпадкам з жыцця дарослага працоўнага калектыву. У адной шаноўнай арганізацыі адна вельмі заслужаная супрацоўніца атрымала рэспубліканскую стыпендыю ў выглядзе штомесячнай даплаты да заробку тэрмінам на год. Што сталася з калектывам?! Вітацца амаль перасталі. Жанчына расказвала, што ўжо мінуў той год, вярнулася яе мізэрная зарплата, а калегі ўсё яшчэ не могуць перажыць яе часовую ўдачу. Зайздрасць — другая навала дзялення на багатых і бедных. У гэтым дзяленні спецыялісты знаходзяць вытокі тэрарызму і іншых выклікаў нашага часу. Цяперашні Патрыярх Кірыл яшчэ гадоў пяць таму выступаў з вялікім артыкулам у "Известиях", дзе спрабаваў пераканаць багатых ды і дзяржавы ў неабходнасці ўсведамлення справядлівага размеркавання багацця. Інакш непазбежнымі выглядаюць войны, рэвалюцыі і г.д. Але ж чакаць, пакуль багатыя прыйдуць да такога ўсведамлення, відаць, тое самае, што чакаць другога Прышэсця.

Мая даўняя знаёмая, паспяховая бізнэс-лэдзі, успамінаючы 90-я, калі яны пачыналі, кажа, што кар'еры і багацці ўзнікалі часта на пустым месцы з нахабства і азарту. Потым былі гады напружанай працы. І вось ужо ў іх дзяцей ёсць магчымасць атрымліваць добрую адукацыю, атрымліваць у падарунак кватэры і машыны. Іх дзеці абароненыя ад жыццёвых нягод. А хто абароніць іншых дзяцей? Хто ім давядзе, што аб'ектыўна не могуць быць багатымі ўсе, што калі ты не збудаваў маёнтак на беразе вадаёма ці на маляўнічай паляне, яшчэ не значыць, што жыццё прайшло дарэмна? Псіхолагі ўсё часцей гавораць пра крызіс сярэдняга ўзросту, калі чалавек праводзіць прамежкавы вынік і пераацэнку каштоўнасцяў і наступствы гэтага крызісу. Не ўсе дастойна выходзяць з яго. Нават маленькія ўласныя крызісы пераходнага ўзросту ўсё часцей становяцца падставай для суіцыдаў. Чалавек адзінокі ў грамадстве, нават у інфармацыйным грамадстве з развітой камп'ютарнай сеткай, з магчымасцю для маладых рэалізоўваць сябе праз свой блог, праект, сацыяльную сетку. Напісана шэраг кніг, накшталт "Адзінота ў вялікім горадзе" з рэкамендацыямі, як знайсці шляхі да самарэалізацыі. Але мала хто ўмее прымерваць гэтыя рэцэпты да сябе ды праводзіць іх ва ўласнае жыццё. І зноў прыходзім да таго, з чаго пачыналі: няма апоры, духоўнага арыенціра. Трэба, каб хоць нехта на самым пачатку станаўлення чалавека дапамог разабрацца з добрым і дрэнным, з галоўным і другасным. Тут вельмі важна асоба настаўніка, таго, хто будзе выкладаць гэты курс. Недастатковай выглядае яго тэарэтычная падрыхтаванасць, трэба каб чалавек найперш з'яўляўся прыкладам быцця, а таксама валодаў душэўным тактам, уменнем пераконваць на звычайных жыццёвых прыкладах.

Ну а для тых, хто абаронены клопатамі бацькоў, хто паспяхова вучыцца і не мае асаблівых праблем, а таксама хто лічыць сябе атэістам, думаю, курс не будзе лішнім. Хоць бы таму, што праз нейкі час яны будуць кіраваць дзяржавай, бізнэсам, пісаць законы. Законы, як вядома, ад Рымскага права, Статута ВКЛ ствараліся менавіта на аснове рэлігійных традыцый грамадства. У асобных краінах, відаць, дрэнна вывучалі гэтыя традыцыі, калі напісалі такія законы. Я кажу зараз пра Фінляндыю са скандальнай гісторыяй пра дэпартацыю бездапаможнай хворай 82-гадовай жанчыны. Па тамтэйшых законах дарослыя маці і дачка не з'яўляюцца блізкімі родзічамі. Таму бабульцы і адмовілі даць пасведчанне на права жыхарства, і не даюць магчымасці дачцэ дагледзець маці. Да слова, партнёры па аднаполым шлюбе там прызнаюцца блізкай раднёй... "Такі закон", — разводзіць рукамі прэзідэнт краіны і прызнаецца, што не можа дапамагчы хворай старэнькай, хоць і надзвычай ёй спачувае. І тут у нашага чалавека, зразумела чаму, узнікае крамольная думка: "То на халеру такая дэмакратыя, калі ніхто не можа спыніць законную бесчалавечнасць?" Вось вам і тэма для ўрока рэлігійнай культуры: закон, дэмакратыя і традыцыі. Толькі не варта ўводзіць урокі ў 5-6-м класах, я думаю трэба не раней за 7-ы клас.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія Чытанні адкрылі дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе. З ініцыятывай выступіла Царква. А спецыялісты загаварылі пра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика