Дзіяна Арбеніна: Прыйшоў час пачаць вяртацца туды, дзе я нарадзілася. 21.by

Дзіяна Арбеніна: Прыйшоў час пачаць вяртацца туды, дзе я нарадзілася

02.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спявачка разам з гуртом "Начныя снайперы" адсвяткуе свой дзень нараджэння ў Мінску

Папулярная расійская група "Начныя снайперы" ў Беларусі лічыцца амаль што сваёй. Таму што Дзіяна Арбеніна — наша зямлячка, ураджэнка Беларусі, у Мінску жывуць яе родныя, ды й яна сама памятае пра свае беларускія карані. Гэтай зімой у жыцці Дзіяны Арбенінай адбылася цудоўная падзея — яна нарадзіла блізнятаў. І вельмі хутка вярнулася на сцэну, зараз "Начныя снайперы" шмат гастралююць. Адна дата ў гісторыі групы вельмі адметная — 8 ліпеня, гэта дзень нараджэння Дзіяны. І даўно склалася традыцыя ладзіць спецыяльныя святочныя канцэрты з рознымі прыдумкамі ў гэтыя дні. Раней падобныя канцэрты адбываліся ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Аднак сёлета 7 ліпеня пройдзе канцэрт у мінскім клубе "Рэактар", і сам дзень нараджэння Дзіяна Арбеніна сустрэне на роднай зямлі.

— Мне здаецца, што для музыканта абсалютна натуральна — у самы неабаронены дзень у годзе, дзень нараджэння, знаходзіцца там, дзе яму лепей за ўсё. Гэта значыць, на сцэне. А датычна Мінска — мне моцна хацелася выступіць на радзіме яшчэ ў мінулым годзе, калі мне спаўнялася 35. І мы нават рабілі нейкія крокі дзеля гэтага, звязваліся з горадам Валожынам, дзе я нарадзілася. Аднак не атрымалася, бо у іх быццам нейкія праблемы ўзніклі са стадыёнам, дзе мы хацелі адыграць канцэрт.

І сёлета мы пайшлі іншым шляхам. Я ляцела ў самалёце на адзін з канцэртаў, у газеце прачытала пра клуб "Рэактар" і падумала — чаму б не сыграць там і нарэшце адсвяткаваць дзень нараджэння не толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, а яшчэ і на сваёй радзіме?

— Такія святочныя канцэртныя праграмы ў вас звычайна асаблівыя. А чым на гэты раз будзеце здзіўляць?

— Гэта якраз вельмі дарэчнае пытанне. Я ж не выступала некаторы час з-за нараджэння дзяцей, і ў Мінску мы проста не паспелі яшчэ сыграць нашу праграму "Армія-2010", не даехалі яшчэ да Мінска. І вось цяпер такая дылема — альбо цалкам сыграць новую праграму, альбо прысвяціць канцэрт канкрэтна святу, дню нараджэння. А мне пасля нараджэння ўласных дзяцей здаецца, што больш значнага дня ў жыцці людзей не бывае ўвогуле!

Думаю, трэк-ліст у Мінску будзе эклектычным, прагучаць і песні, якіх яшчэ не было ў Мінску — з апошняга па часе альбома "Армія", і многа тых песень, якія людзі ведаюць і любяць.

— А наколькі дакладная фраза, што вы сустрэнеце свой дзень нараджэння ў Мінску? Вось адыграеце ўвечары 7 ліпеня канцэрт, і па гадзінніку апоўначы дзе сустрэнеце наступны дзень, дзень свайго нараджэння?

— Якраз на сцэне. Існуе такі жарт, пра вечны рухавік — перацяканне дня ў дзень. Дык гэта пра нас. Мы выйдзем на сцэну недзе пасля 9 гадзін вечара і будзем іграць да паўночы. Менавіта на сцэне і сустрэнем дзень нараджэння.

— Проста ў вас гэты час будзе вельмі насычаны — пасля Мінска на наступны дзень канцэрт у Піцеры, потым адразу ў Маскве, а 10 ліпеня — ужо рок-фестываль "Нашэсце".

— Праўда, насычаны. Аднак я гэтаму вельмі радая, таму што для мяне гэта шчасце. Калі б можна было яшчэ і дзяцей узяць з сабою, дык было б зусім выдатна. Але яны яшчэ занадта маленькія.

Пасля таго, як у Мінску наступіць поўнач, — мы адзначым, і ў 6 гадзін раніцы ў нас самалёт у Санкт-Пецярбург, так што ўсё паспеем.

— А калі вы ўжо збіраецеся браць блізнятаў з сабою на гастролі, у якім узросце?

— Не ведаю, цікавыя такія падрабязнасці ці не. Неўзабаве ў іх пачнецца прыкорм, і яны пачнуць пакрысе самі сябе займаць, і мне будзе трохі лягчэй. Таму што я маю намер зрабіць так, каб яны моцна між сабою сябравалі і раслі самастойнымі і разумнымі. Думаю, недзе пасля годзіка мы паступова саспеем, будзем вазіць з сабою няню і ўсё астатняе — так, каб нічога не перашкаджала дзецям камфортна існаваць са мною побач і на гастролях.

— Многія, думаю, былі трохі здзіўленыя, калі вы літаральна праз два месяцы пасля нараджэння дзяцей пачалі не проста выступаць, а нават актыўна гастраляваць. Так засумавалі па сцэне?

— Менавіта, менавіта так. Вы ж разумееце, не ўсё ў жыцці можна спланаваць дакладна, і так атрымалася, што эпіцэнтр маёй цяжарнасці прыпаў на час выхаду новага альбома "Начных снайпераў" "Армія", на верасень-кастрычнік. Я спачатку думала сыграць яшчэ ў верасні, але потым зразумела, што гэта небяспечна для дзяцей, якія яшчэ не з'явіліся на свет, і мы ўсе канцэртныя справы прыпынілі. І я дачакала да красавіка, калі мы пачалі тур.

— Вашыя канцэрты заўсёды вельмі эмацыянальныя. Аднак — можа ў сувязі з такімі зменамі, у сувязі з нараджэннем дзяцей — у вас з'явіліся і нейкія іншыя адчуванні на сцэне, іншыя паводзіны?

— Змены, што адбываюцца ў жанчыне, калі яна становіцца маці — проста каласальныя. Для мяне апынулася так, што проста перавярнуўся свет. Нават не пра сцэну — проста пра жыццё магу сказаць. Я пачала разумець, хто чаго варты з тых людзей, што побач са мной. Хто з іх шчаслівы, хто нешчаслівы. Хто хлусіць, хто мае сумленне. Дзеці — гэта такі каталізатар пачуццяў, і гэта цяпер як лакмусавая паперка для праверкі адносінаў. У жыцці, такое адчуванне, мне нарэшце ўсё стала зразумелым, усё стала на свае месцы. І, вядома, гэта адбілася на тым, як я пачуваю сябе на сцэне. Магу сказаць — зараз усё ў мяне правільна ў жыцці. І калі б не адбылося такой шчаслівай падзеі, то я проста загнулася б.

— У мяне ёсць пытанне пра канкрэтную песню з новага альбома — "Ляці, мая душа". Адразу зачапіла ў ёй беларускае слова — "под облаками блакитными". Як яно з'явілася ў песні?

— А не ведаю, так напісалася. Я не ведаю, як я пішу песні, і ведаць не хачу. Памятаю, што гэта быў Піцер, сонечны поўдзень, і ў мяне нешта ў душы перавярнулася чарговы раз. Дарэчы, я пачала неяк усё болей сумаваць па Мінску, цяпер імкнуся хоць бы некалькі разоў на год бываць у Беларусі. Можа, прыйшоў час не тое каб вярнуцца, але пачаць вяртацца туды, дзе нарадзілася, дзе прайшло маё дзяцінства. Карані ўсё ж маюць вялікае значэнне, я ўсё болей гэта разумею.

— Кажуць, што ў Вашых продкаў багатая беларуская гісторыя...

— Гэтыя "міфы і легенды старажытнай Грэцыі" лепей ведаюць мае родныя, і я ім веру. Аднак сама яшчэ не паглыблялася дэталёва ў гісторыю свайго рода. Ведаеце — я яе пакуль працягваю. У сэнсе — больш гляджу наперад, чым назад.

— Хачу вам пажадаць, каб нарэшце адбыўся канцэрт "Начных снайпераў" у Валожыне!

— Выдатнае пажаданне! Мне здаецца, што калі мы проста неверагодна сур'ёзна зоймемся гэтай справай, то ў нас атрымаецца. Мінулы раз было вельмі складана разабрацца з мноствам нейкіх дробязяў, якія аказаліся непераадольнымі. Дзякую!

Надзея УЛАДЗІМІРАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спявачка разам з гуртом "Начныя снайперы" адсвяткуе свой дзень нараджэння ў Мінску Папулярная расійская група "Начныя снайперы" ў Беларусі лічыцца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика