А чаму б павучыліся ў беларускіх настаўнікаў вы?
02.10.2010
—
Новости Общества
|
"Век жыві — век вучыся", — гучыць народная мудрасць. Напярэдадні Дня настаўніка "Звязда" вырашыла распытаць, чаму б павучыліся ў нашых настаўнікаў беларускія зоркі і ўвогуле, каго яны лічаць сваімі настаўнікам у жыцці? Ксенія Сітнік, спявачка і школьніца па сумяшчальніцтве: — Перш за ўсё ў нашых настаўнікаў я б павучылася цярпенню, бо праца з дзецьмі — не з лёгкіх. Я хачу сказаць вялікі дзякуй усім маім школьным настаўнікам, якія мяне калі-небудзь вучылі. Асабліва класнаму кіраўніку і майму педагогу па вакале. Можна толькі пазайздросціць іх стойкасці, цярпенню і стаўленню да працы. На другое пытанне цяжка адказаць адназначна. Такім чалавекам я б назвала сваю бабулю. Яна вельмі мудрая і ў яе заўсёды можна папрасіць парады. Яшчэ гэта, зразумела, мае мама і старэйшая сястра — да іх думкі я заўсёды стараюся прыслухоўвацца. Яўген Булка, вядучы, шоумэн: — Пры такіх зарплатах і ўмовах існавання, у якіх жывуць нашы настаўнікі, у іх трэба вучыцца пачуццю гумару. А настаўнікам па жыцці я б назваў зборны вобраз маіх сяброў. Саша Варламаў, дызайнер: — У беларускіх настаўнікаў сёння я ўжо б нічому не вучыўся — я дастаткова адукаваны чалавек. Сваімі ж настаўнікамі я лічу тых, з каго ў свой час браў прыклад, гэта доктар мастацтвазнаўства Юлія Чурко, шмат чаму я навучыўся ў дызайнера Тамары Рыдзіцэр. У жыцці часта сустракаюцца людзі, у якіх я чамусьці вучуся. Што датычыць школьных настаўнікаў, то я б хацеў, каб настаўнікі адказалі мне на адно пытанне: "Адукацыя — гэта перадача інфармацыі ці культуры?" Калі інфармацыі, то з гэтым цудоўна спраўляецца інтэрнэт, а калі культуры — то хто перадае яе вучням? Лейла Ісмаілава, вядучая дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010": — У нашых настаўнікаў я б павучылася дысцыпліне, адданасці справе, ініцыятыўнасці і бескарыслівасці, з якой яны робяць сваю працу. Самыя паважаныя прафесіі для мяне —выкладчык і ўрач. Таму да прафесіі "настаўнік" я стаўлюся з вялікай павагай, імкнуся браць прыклад са сваіх ліцэйскіх выкладчыкаў (Лейла скончыла ліцэй БДУ — Аўт.). Наконт другога пытання, то цяжка назваць адно імя. Мне вельмі шанцуе на добрых і мудрых людзей. Большасць знаёмых чамусьці хочуць падзяліцца са мной парадай. І я стараюся прыслухоўвацца да іхніх слоў. Але, напэўна, самы верны настаўнік па жыцці — гэта Біблія. Люся Лушчык, тэлевядучая: — Тыя, хто выбіраюць прафесію настаўніка, валодаюць неверагодным цярпеннем, прафесіяналізмам і любоўю да дзяцей. Гэта людзі, здольныя на суперажыванне і самаахвярнасць. Якраз гэтаму у іх і варта павучыцца. Калі б у кожным з нас такіх якасцяў было больш, свет быў бы дабрэйшы і лепшы. Мой настаўнік па жыцці? Як бы банальна не гучала, але лепшыя настаўнікі — гэта кнігі, а калі казаць пра дзяцінства — гэта казкі. Казка вучыць, выхоўвае характар. Менавіта там прапісаныя галоўныя жыццёвыя прынцыпы. У казках дабро заўжды перамагае зло. Да гэтага трэба імкнуцца і нам. Васіліна Калугіна, беларуская ўдзельніца "Місіс Свет-2010": — Нашы педагогі вельмі цярплівыя і чулыя — гэтаму ў іх і можна павучыцца. Па адукацыі я сама педагог. І таму магу пералічыць якасці, якімі, на мой погляд, павінен валодаць Беларускі настаўнік. Гэта — абавязкова любоў да сваёй працы, адукаванасць, граматнасць. І яшчэ вельмі важная якасць настаўніка — перадаць свае веды і жыццёвы вопыт сваім вучням. Сваім настаўнікам у жыцці я лічу сваіх родзічаў (маму, дзядзьку, бабулю, мужа, свякроў і свёкра), а таксама тых людзей, з якімі пашчасціла сустрэцца ў жыцці. Сяргей Вечар, дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры: — Свой шлях я пачынаў з пасады вясковага настаўніка гісторыі ў звычайнай школе. Таму ведаю па сваім вопыце, якая гэта няпростая і адказная праца. Трэба заўжды быць сканцэнтраваным і загартаваным. Таму ў дзень прафесійнага свята хачу пажадаць нашым педагогам перш за ўсё вытрымкі. Зміцер Сасноўскі, лідар гурта "Стары Ольса": — У беларускіх настаўнікаў варта вучыцца адданасці сваёй прафесіі, бо ў досыць неспрыяльных фінансавых умовах яны працягваюць выконваць сваю найвысакароднейшую місію! Мой настаўнік па жыцці — гэта мая мама. І дарэчы, яна таксама педагог! Падрыхтаваў Ілья ЛАПАТО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Век жыві — век вучыся", — гучыць народная мудрасць. Напярэдадні Дня настаўніка "Звязда" вырашыла распытаць, чаму б павучыліся ў нашых настаўнікаў...
|
|