Прывыкаем да новага дызеля. 21.by

Прывыкаем да новага дызеля

08.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасажыры першага дзённага рэйса дадатковага дызеля прыбылі са Смаргоні ў Маладзечна.

Ад 4 кастрычніка па буднях па маршруце Маладзечна–Смаргонь–Маладзечна–Вілейка–Маладзечна ходзіць дадатковы дызель. Карэспандэнт “РГ” адправілася ў першы рэйс цягніка.

Хоць на ўсіх прыпынках і віселі аб’явы аб новым рэйсе (яны відаць нават з акна цягніка), пасажыраў у Маладзечне зайшло няшмат. Наш вагон быў ці не самы “населены” – 14 чалавек. Але ж гэта – першы рэйс. “Першы ёсць першы – цяжка сказаць, колькі будзе пасажыраў, – сказала ў інтэрв’ю “РГ” начальнік станцыі “Маладзечна” Надзея Сталпінская за 10 хвілін да адпраўлення дызеля. – Мы разлічвалі, што такі графік будзе зручны для студэнтаў сярэдніх спецыяльных устаноў Вілейкі – тэлефанавалі туды, пыталіся, у колькі заканчваюцца заняткі”.

Адзін з самых "населеных" вагонаў. У ім сядзела 14 чалавек.

На Смаргонь ехалі людзі рознага ўзросту і прафесій: моладзь – са сталіцы, чыгуначнікі – з работы, бабулі – на дачу. Некаторыя прапаноўвалі падоўжыць маршрут да прыпынку “Ашмяны”.

Маладыя дзяўчаты ў выхадныя гасцявалі ў Мінску, у панядзелак вярталіся дадому, у Смаргонь. Назвацца яны не захацелі, а вось дадатковы дызель вельмі хвалілі: “Ён так патрэбны! Вось мы прыязджаем у Маладзечна без пятнаццаці 12 ці амаль у 13 гадзін. Бліжэйшы цягнік на Смаргонь – “Маладзечна–Гудагай” – аж у 15.53. Атрымоўваецца, гэты дызель “падстроіўся” пад электрычку, адпраўляецца недзе ў 13.30”.

Шлях ад Маладзечна да Смаргоні заняў крыху менш за гадзіну – як звычайна. Білет каштуе тыя ж 1850 рублёў у адзін бок. Спыняўся дызель на звычайных прыпынках – “Насілава”, “Асанава”, “Мароські”, “Беласельскі”... Так што жыхароў вёсак не абышлі, ім не трэба доўга дабірацца да цягніка.

Білетным касірам у вагонах у той дзень працавала Ірына Ганчарык. Яна расказала, што з 58 чалавек, якія селі ў Маладзечне, да станцыі Смаргонь даехалі 10, да прыпынку “Маладзёжны” (таксама ў Смаргоні) – 14.

Білетны касір Ірына Ганчарык.

Магчыма, з цягам часу пасажыраў стане больш, але пакуль што са станцыі ў цэнтр горада дабрацца гарадскім транспартам немагчыма. Прынамсі ў раскладзе, які вісеў на прыпынку каля вакзала, ніякіх аўтобусаў а палове трэцяй не было пазначана: “сямёрка” сыходзіць ужо ў 14.00, “шасцёрка” – у 14.20 – пасажыры прыедуць толькі ў 14.26 і не паспеюць. Бліжэйшыя рэйсы – у 17.05 і 17.18, толькі “шаснаццаты” (экспрэс) – у 16.25.

Расклад руху смаргонскіх аўтобусаў. Пакуль што выехаць у цэнтр горада няма чым.

Аб’ява ля білетных кас была яркая, прыгожа аформленая. Але ў чаканні зваротнага рэйсу цягнік сіратліва стаяў ля другой платформы. Сіратліва, бо, калі аб’явілі пасадку, да яго пасажыры не рушылі натоўпам, нават тонкімі нітачкамі не пацягнуліся да вагонаў. Адзін мужчына курыў ля дзвярэй ды мама з сынам-школьнікам праводзілі дачку і сястру. Дзяўчына аказалася студэнткай гродзенскага ўніверсітэта Аксанай Станкевіч. Панядзелак для яе – выхадны, так што яна вярталася на вучобу. У Маладзечне Аксана перасаджваецца на цягнік “Мінск–Гродна”. “Як даведалася пра дадатковы дызель? Напэўна, мама патэлефанавала на станцыю і спытала. Калі б яго не было, то бацькам давялося б везці мяне на машыне да Маладзечна. Так што вельмі дарэчы – я гэты год буду штомесяц так ездзіць. Толькі крыху дзікавата ў тым сэнсе, што пасажыраў няма. Я чалавек кампанейскі – хацелася б бачыць больш спадарожнікаў”.

Па словах білетнага касіра Ірыны Ганчарык, на станцыі Смаргонь зайшлі шэсць чалавек. Яшчэ чацвёра – на “Маладзёжным”. Заходзілі пасажыры і на іншых прыпынках. Адны ехалі на работу ў Маладзечна, іншыя – у Мінск. “Я падпрацоўваю ў Мінску. Езджу не часта – разы два на тыдзень. З такім штодзённым дызелем будзе лягчэй дабрацца ў сталіцу”, – сказаў Міхаіл Лук’яненка са Смаргоні.

Пасажыры заходзілі і на дробных прыпынках.

Дачнікі вярталіся дадому. Ад дадатковага цягніка яны былі ў захапленні. “Ён вельмі патрэбны! Асабліва цяпер, калі нам няма льгот. У нас дачы ў Мароськах: раніцай можна паехаць і да чатырох вярнуцца дадому – каля шасці гадзін маем для работы”, – расказалі карэспандэнту “РГ” Тамара Мартышкіна і Ірына Квяткоўская.

На Вілейку дызель таксама адпраўляўся амаль пусты. Але на станцыі “Маладзечна” былі гатовыя да гэтага. “Хутчэй за ўсё так атрымаецца, што ў адзін бок для пасажыраў расклад будзе зручны, у другі – не, і вагоны паўпустыя, – патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” Надзея Сталпінская. – Але нам трэба ўлічваць графік руху ўсіх цягнікоў, каб “пракласці нітку”.

Па словах начальніка станцыі Вілейка Вольгі Паўлоўскай, да яе станцыі сапраўды даехаў адзін пасажыр. Затое ў Маладзечна пасля 17 гадзін паехалі двое і 52 чалавекі селі на прыпынку “Зеніт”. “Гэта ж толькі першы рэйс. Напрыканцы тыдня мы прааналізуем, колькі пасажыраў ездзіць, куды, рэнтабельны цягнік ці не, дадаліся пасажыры ці яны проста перайшлі на новы рэйс з цягніка, што адпраўляецца ў 19 гадзін. Пасажыры яшчэ не прывыклі да новага дызеля. Сама бачыла, як 4 кастрычніка двое стаялі ля раскладу, разважалі, праўда ці не. Пачуўшы пацвярджэнне, у апошні момант купілі квіткі і паехалі”, – расказала Вольга Паўлоўская.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Расклад руху цягніка па станцыях і прыпынках можна паглядзець тут.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад 4 кастрычніка па буднях па маршруце Маладзечна–Смаргонь–Маладзечна–Вілейка–Маладзечна ходзіць дадатковы дызель. Карэспандэнт “РГ”...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика