160 коней у вадзе. 21.by

160 коней у вадзе

12.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шыкоўны "Віцебск" пайшоў па пашыранай і паглыбленай Заходняй Дзвіне

Фактычна праз чвэрць стагоддзя пасля спынення пасажырскіх перавозак адбыўся спуск на ваду самага ўнікальнага беларускага цеплахода. Адным з самых першых пасажыраў прыгажуна-цеплахода, якому далі назву "Віцебск", стаў уласны карэспандэнт "Звязды".

Белы цеплаход адправіўся ў сваё першае плаванне пад гукі духавога аркестра.

Сведкі падзеі былі ў захапленні ад, дарэчы, даволі маруднага спуску вялікага цеплахода па доўгіх рэйках у ваду. Каб давезці цеплаход з Пінска па сушы ў Віцебск, фактычна праз усю краіну, распрацавалі спецыяльны маршрут. Картэж ДАІ забяспечваў "зялёнае святло" незвычайнаму грузу. Па дарозе спецыялісты прымалі рашэнні, як пераадолець розныя перашкоды: лініі электраперадачы і гэтак далей.

Судна асвяцілі праваслаўныя святары.

160 конных сіл, хуткасць да 16 кіламетраў у гадзіну — такія тэхнічныя паказчыкі цеплахода "Віцебск", які першы сярод беларускіх пасажырскіх суднаў абсталяваны шведскім фактычна бясшумным рухавіком ад кампаніі "Вольва". Памеры судна: вышыня 5,7 метра, даўжыня 25,5 метра і шырыня 5,5. Вага — 45 тон. Разлічаны на перавозку да 60 пасажыраў. На судне ёсць бар... Адрозненне ад сваіх братоў-судоў — нізкая асадка: усяго толькі 55 сантыметраў.

Цеплаход — гэта толькі маленькая частка праграмы, распрацаванай для развіцця індустрыі забаў і ўязнога турызму, прыцягнення інвестыцый. Каб цеплаход мог прайсці па Заходняй Дзвіне, знарок пашырылі і паглыбілі фарватар ракі да гарадскога парка адпачынку (у народзе яго называюць "Мазурына" — А.П.). — каля пяці кіламетраў. — На цеплаходзе можна святкаваць дні нараджэння, вяселлі. Цеплаход яшчэ на ваду не спусцілі, а без усякай рэкламы паслуг ужо пятнаццаць заявак паступіла на правядзенне розных мерапрыемстваў. Вось сёння на цеплаходзе праедуць новаспечаныя муж і жонка са сваякамі і гасцямі... — расказвае "Звяздзе" намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў. — У добрым сэнсе вакол цеплахода ажыятаж. Калі гаварыць пра перспектывы рачнога турызму, вядома, існуе праект "Дзвіна — Даўгава", які ажыццяўляецца пры ўдзеле Швецыі, Латвіі і Беларусі. Калі мы знойдзем падтрымку ў рамках праекта, магчымы водны маршрут ад Віцебска да Рыгі... Думаю, да наступнага музычнага "базару" больш канкрэтна і падрабязна ўсё абмяркуем...

— У Беларусі наш калектыў адзіны, які займаецца праектаваннем суднаў. Унікальнасць менавіта гэтага судна ў тым, што прымененыя самыя сучасныя падыходы, тое, што выкарыстоўваецца ў перадавым сусветным праектаванні. Улічылі ўсё дэталі: нават шкленне спецыяльнае, — расказвае "Звяздзе" дырэктар ААТ "Белсуднапраект" Уладзімір Клімкоў. — Праектавалі судна па часе больш, чым будавалі.

Каб гэты цеплаход мог спыніцца ў любым прывабным месцы, ён абсталяваны насавым трапам.

— Кошт цеплахода больш за 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў, — каментуе падзею Віктар Бруцкі, дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Пінскі ордэна Знака Пашаны суднабудаўнічы суднарамонтны завод". — Электраабсталяванне і іншая начынка дазваляе хадзіць цеплаходу і ў салёнай вадзе. Малайцы прадстаўнікі ўладаў Віцебска: настаялі на тым, каб рухавік быў не расійскі, а "Вольва"... Гэта павялічыла кошт на 70 мільёнаў рублёў, але вынік будзе варты лішніх расходаў. Нашай прадукцыяй, магчымасцямі прадпрыемства цікавяцца і замежныя заказчыкі: палякі, расіяне... Шмат запытаў ад патэнцыйных айчынных заказчыкаў. У віцебскім порце судна паставяць на зімоўку не ў вадзе, а падымуць...

— Тое, што сёння адбываецца, гэта вынік таго, што ў лістападзе мінулага года на ўзроўні аблвыканкама была зацверджана спецыяльная праграма аб адраджэнні водных зносінаў. Першапачатковы кошт праграмы — больш за 4 мільярды рублёў. Гэта і кошт паглыблення ракі, пабудовы трох прычалаў, пакупкі цеплахода, — расказвае "Звяздзе" Валерый Чэўнераў — дырэктар філіяла "Віцебскводтранс" рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства "Днепра-Бугскі водны шлях". — Прычалы, што адметна, пабудавалі мы самі ў Віцебску. Каб пашырыць раку, пачынаючы з мая, спецыялісты з Пінска працавалі фактычна круглыя суткі і па выхадных. Больш за 35 тысяч тон грунту дасталі з дна... Калі суднаходны сезон, можам хадзіць і да Полацка! На жаль, з боку Латвіі стаіць "глухая" плаціна, якую судны прайсці не могуць. Будзем спадзявацца, што беларускія плаціны будуць мець шлюзы. У нас восем суднаў. Выйшлі з прапановай пабудаваць водную веранду на 150 пасажыраў, якую будзе цягнуць буксір. На ёй можна адкрыць танцавальную пляцоўку, кавярню, бар, рэстаран. Упэўнены, гараджанам і турыстам вельмі будзе цікава правесці час на рачной верандзе...

Стаж капітана Вячаслава Драбышэўскага, які ўпраўляе "Віцебскам", больш за трыццаць гадоў. Ён з дынастыі рачнікоў, самы вопытны сярод калег з віцебскага рачнога порта.

— Па вадзе ў Гродзенскай, Гомельскай абласцях вадзіў судны, — гаворыць капітан. — У асноўным буксіры. Асаблівасць Заходняй Дзвіны — камянёў шмат. Пасля таго, як пашырылі фарватар, упершыню ў рубцы. Нармальна ідзе цеплаход. Добрае судна!

Калі "Віцебск" прычаліў да прыстані ля плошчы Перамогі, дзясяткі людзей сустракалі яго на беразе. Цікавіліся, калі можна будзе купіць білеты, як часта будзе выходзіць на водны маршрут. Гэтыя нюансы хутка высветляцца. Дык прыязджайце ў Віцебск, на борт "Віцебска"!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шыкоўны "Віцебск" пайшоў па пашыранай і паглыбленай Заходняй Дзвіне Фактычна праз чвэрць стагоддзя пасля спынення пасажырскіх перавозак адбыўся спуск на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика