Жыхары мінскага двара задумалі бунт супраць саміх сябе
12.10.2010
—
Новости Общества
|
"Падпалім машыны гэтых багаценькіх! Падкладзём бомбу!" — абураліся жыхары аднаго з дамоў у мікрараёне Уручча. З-за чаго распачаліся пратэстныя настроі? Вы бывалі калі-небудзь у кітайскім Шанхаі (там жыве каля 24 мільёнаў чалавек)? Калі не — прыходзьце на экскурсію ў мой двор, што ў сталічным мікрараёне Уручча (дакладны адрас дазвольце не называць). Толькі ў адным маім доме болей як 550 кватэр, машыны ў двары паркуюць амаль у тры паверхі. А за домам — міні-рынак. Калі кінеш машыну там, то зранку прыедзе яшчэ 300 машын, абдрапаюць дзверы, зробяць трайныя барыкады, што ў патрэбны момант немагчыма выехаць. Мяркую, з такой праблемай сутыкнуліся многія жыхары вялікіх беларускіх гарадоў. І вось аднойчы ў маім двары распачалося будаўніцтва паркоўкі. Для гэтага расчысцілі імправізаванае футбольнае поле і прыбралі элементы дзіцячай пляцоўкі. Не паверыце, у двары распачаўся сапраўдны бунт. Будаўніцтва паркоўкі, такой неабходнай аўтамабілістам, пачало абрастаць чуткамі. — Дзіцячую пляцоўку знеслі, дзеці гуляюць на руінах, — вяшчае на імправізаваным мітынгу маладая матуля з 15-га пад'езда. — І гэтую пляцоўку ўжо ніколі не вернуць! Яны адабралі ў нашых дзяцей дзяцінства. НЕ — злачыннай паркоўцы на тэрыторыі нашага двара! Каля 17-га пад'езда сабраліся мужыкі. У іх іншая, самая сенсацыйная інфармацыя. На фота злева: акуратная дзіцячая пляцоўка ў Барселоне. Дзеці з майго двара (на фота справа) таксама хочуць такую, але пакуль гуляюць у футбол на руінах. Па вялікім рахунку наяўнасць такіх пляцовак у нас залежыць ад нашай жа грамадскай актыўнасці. — Паркоўку будуюць не для нас, а для "багаценькіх" — з дома, што за лесам (да таго самага дома каля кіламетра пехатой. — "Звязда"), — выступае яшчэ адзін "актывіст" перад нашымі дваровымі выпівохамі. — Яны скінуліся па 500 баксаў і будуць пакідаць машыны ў маім двары! Анархія!— Дык я сваімі рукамі гэтыя машыны папалю! Я бомбу падкладу на тую паркоўку! — не шкадуе дэцыбелаў яшчэ адзін "актывіст". Закіпела і мая маладая кроў. Цяпер і я, не ведаючы сутнасці справы, гатовы ісці з арматурай на "багаценькіх" і іх памагатых. Ужо назаўтра, з самага ранку, звяртаюся ў раённую адміністрацыю Першамайскага раёна Мінска з гнеўнымі пытаннямі: "Хто дазволіў будаваць у маім двары паркоўку для багаценькіх?" і "Чаму ў дзяцей адбіраюць іх дзяцінства?" Праз паўгадзіны мне ператэлефаноўвае старшыня мясцовага ЖЭСа №121 Ірына Купрэйчык. — Ніякіх грошай ніхто ні ад якіх багаценькіх жыхароў не браў, — здзіўляецца Ірына Мікалаеўна. — Будуецца бясплатная паркоўка для часовага захоўвання аўтатранспартных сродкаў. Дамы ставіліся ў пачатку 90-х. Такой колькасці аўтамабіляў і блізка не было. Таму сёння трэба прымаць меры. Паркоўка будуецца для вас жа саміх. Пакуль чыноўніца абвяргае сенсацыйныя чуткі, я чырванею, як бурак, але працягваю задаваць пытанні: — А дзе будуць бавіцца дзеці? Пляцоўкі для іх па вялікім рахунку зруйнаваныя? —Хутка паўстануць новыя, сучасныя дзіцячыя пляцоўкі: пясочніцы, горкі, абсталяванне для гульні з мячом... Атрымліваецца, што бунт у маім двары распачаўся на пустым месцы. Ірына Купрэйчык тлумачыць, што, калі планаваўся сход жыхароў, прыйшлі толькі два актывісты. А як распачаліся працы па добраўпарадкаванні, разышліся недарэчныя чуткі. — Давялося самім абыходзіць пад'езды і распавядаць жыхарам пра добраўпарадкаванне, збіраць подпісы, што яны не супраць. Замест таго, каб нам дапамагаць, некаторыя людзі займаюцца вандалізмам. Мы пачалі рамантаваць лаўкі, і ўжо на наступны дзень каля сёмага пад'езда лаўку паламалі. Хоць у некаторых іншых дварах людзі больш актыўныя. Каб удасканаліць дзіцячыя пляцоўкі, яны самі здаюць грошы на дадатковае абсталяванне і сочаць, каб яго не паламалі вандалы... Адкуль у мяне, у маіх суседзяў і ў мільёнаў іншых беларусаў узялася такая недарэчная мода: лаяць усіх, а самім палец аб палец не стукнуць, каб палепшыць якасць свайго жыцця? Праяві жыхары майго дома грамадзянскую актыўнасць, выйдзі яны на сход, праблемы не было б. А мабыць, і дзіцячыя пляцоўкі збудавалі б для нашых дзяцей на заходнееўрапейскі ўзор. І з паркоўкай ужо даўно вырашылі б праблему. Але мы часта думаем, што нашы праблемы вырашацца самі сабой. І ва ўсім вінаватыя "дзядзькі і цёткі" з ЖЭСаў і райвыканкамаў, якія, як кажуць мужыкі ля 17 пад'езда, "хабарнікі, рабаўнікі і зладзеі". Быў здзіўлены, калі ўбачыў, як сур'ёзна ставяцца да дзіцячых пляцовак у Празе і Барселоне. Усё новае і сучаснае, нават пакрыццё зробленае са спецыяльнай мяккай гумы. Калі дзіця паваліцца на такую, то не пашкодзіць сябе. Такія пляцоўкі маглі б мець і мы. Але найчасцей не праяўляем грамадзянскай актыўнасці, сядзім, як амёбы, і толькі патрабуем. Праблема з тымі ж паркоўкамі ў цывілізаваных краінах ужо даўно далі рады. У праектах новых будынкаў загадзя прадугледжаныя падземныя гаражы. У нас жа новыя дамы штампуюць на ўзор 90-х і паркоўкамі не абсталёўваюцца. Зноў жа, які сэнс вырашаць праблему, калі грамадскасць (мы з вамі) маўчыць, як бяздумная, маргінальная амёба? Р.S. А што вы думаеце на гэты конт? Прапаноўвайце свае варыянты вырашэння праблем парковак і дзіцячых пляцовак. Усе ідэі будуць размешчаныя на сайце zvіаzdа.bу і накіраваныя кампетэнтным чыноўнікам. Яўген ВАЛОШЫН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Падпалім машыны гэтых багаценькіх! Падкладзём бомбу!" — абураліся жыхары аднаго з дамоў у мікрараёне Уручча. З-за чаго распачаліся пратэстныя настроі? Вы...
|
|