Дамініканцы і Даменіканы. 21.by

Дамініканцы і Даменіканы

12.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 1586 г. Нясвіж атрымаў магдэбургскае права і стаў буйным па тым часе эканамічным, палітычным і рэлігійным цэнтрам. Тут узводзіцца езуіцкі калегіум, і амаль у гэты ж час (1590-1595  гг.), будуецца кляштар бенядыкцінак, а праз тры гады закладзены кляштар бернардзінцаў. Манахі-дамініканцы аселі ў Нясвіжы значна пазней — у 1672 годзе, і яны нас цікавяць найперш.

Дамініканцы

Калі ў ХІІ стагоддзі ў Францыі ўзнік рух альбігойцаў, у якім у асноўным удзельнічала бедната (рамеснікі і сяляне), то перад каталіцкай царквою паўстала праблема. Справа ў тым, што альбігойцы не прызнавалі ўлады папы, супрацьпастаўлялі матэрыяльнаму свету (зямному) — свет духоўны (Божы), не верылі ў пекла...

Вось тут і ўзнікла ў Ватыкана неабходнасць стварэння манаскага ордэна, які змог бы даць адпор альбігойцам. А гэта было нялёгка, бо неабходна было мець справу з ніжэйшымі слаямі насельніцтва. І вось на пачатку ХІІІ стагоддзя манах Дамінік заснаваў ордэн, які павінен быў абараняць інтарэсы святога прастола.

Асаблівасцю Дамініканскага ордэна было тое, што ён быў жабрацкім. Манахі павінны былі жыць за кошт міласціны, здабываць сабе кавалак хлеба, але ім забаранялася мець уласнасць. Дарэчы, такі статут мелі і некаторыя іншыя ордэны.

Да ХVІ ст. дамініканцы былі магутным ордэнам, а калі з'явіліся езуіты, то дамініканцы адышлі на другі план, згубілі былую моц і пачалі займацца найперш місіянерствам і асветніцтвам.

У Нясвіжы пры дамініканскім кляштары працавала школа, у якой вучыўся беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля. Напомню, што ў дамініканскай школе, але ў Навагрудку, вучыўся і наш зямляк — паэт Адам Міцкевіч.

Але Вялікае Княства прыйшло ў заняпад, а потым дайшла чарга і да Рэчы Паспалітай — Польшчу падзялілі. І на беларускую зямлю прыйшоў царскі парадак.

Усе кляштары ў Нясвіжы былі зачыненыя, і гэта нягледзячы на тое, што большасць іх дзейнічала там амаль 300 гадоў. У 1872 годзе ліквідавалі і кляштар дамініканцаў.

Большасць дамініканцаў разам з манахамі іншых кляштараў падалася на Захад, а меншасць асела ў наваколлі Нясвіжа. Магчыма, ім надакучыла манаскае жыццё, а можа, нехта не хацеў ісці на чужыну, вось дамініканцы і ажаніліся з мясцовымі дзяўчатамі — сталі звычайнымі сялянамі. Відавочна, тут адыграла сваю ролю і тое, што для дамініканцаў каса і плуг (саха) былі звыклымі рэчамі.

Даменіканы

У в. Грускова, якая знаходзіцца каля Снова, а гэта ў 15 км ад Нясвіжа, Даменіканы — самае распаўсюджанае прозвішча. Хоць яго можна сустрэць і ў іншых мясцінах, але карані іх у Грускова.

Сёння ўсе Даменіканы лічацца праваслаўнымі, але ж манахі былі каталікамі і імёны яны мелі адпаведныя.

На мясцовых могілках некалькі гадоў таму я знайшоў на магіле сціплы помнік з каменю, на якім было выбіта "Францъ Даменіканъ". Здаецца (цяжка разабраць), ён пражыў 98 гадоў. А зусім нечакана падчас размовы са знаёмым, чыё прозвішча таксама Даменікан, даведаўся, што пад тым каменем ляжыць яго прадзед. Праўнукі Франца Даменікана нарадзіліся перад апошняй вайной і падчас яе, і не трэба было доўга вылічваць, каб устанавіць, калі прыйшоў у Грускава манах Франц. А пазней высветлілася, што сярод Даменіканаў быў і Казімір. У ордэне манахі прозвішчаў не мелі: быў брат Франц, брат Казімір, брат Ян, брат Міхал...

Некалі сяляне атрымлівалі прозвішчы, як правіла, па мянушках, якія ў вёсках мела кожная сям'я. Вось і з'явіліся прозвішчы: Жук, Муха, Буза..., а былых манахаў усе ведалі як Даменіканаў.

Я прыехаў у Грускова, каб сустрэцца з праўнукам Франца. Спыніўся каля крамы і спытаў у жанчыны, як праехаць да Ільі Даменікана. Кабета растлумачыла і дадала: "Вы яго хату адразу пазнаеце — гаспадар".

Цагляны дом, сапраўды, у парадку, на дворыку кветкі, а на сцяне дома — спадарожнікавая антэна. Прывабны і інтэр'ер — хораша і ўтульна. Разгаварыліся. Гаспадыня Надзея Кузьмінічна аказалася, як і яе муж, даволі камунікабельным чалавекам.

— У нас Даменіканаў многа, але мы не радня, проста маем адно прозвішча. 

Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Даменікана на Брэстчыне добра ведаюць. Ён доўгі час быў першым сакратаром Баранавіцкага райкама. Але і Ілья Даменікан — чалавек заслужаны: кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Сцяга, а медалі і граматы пералічваць не будзем. Ілья Іванавіч 40 гадоў адпрацаваў механізатарам, і ў асноўным на цяжкіх трактарах: гусенічных ды "Кіраўцы". Дык хто яны, сённяшнія Даменіканы?

— Я заўсёды лічыў, што калі начальнік загадаў, то трэба выканаць. Слухаўся, і мяне не крыўдзілі. Работу сваю я любіў, — адзначыў гаспадар.

— Няўжо ўсе Даменіканы такія? Няўжо сярод іх няма гультаёў і п'яніцаў?

Ілья Іванавіч на хвіліну задумаўся і пакруціў галавой.

— Даменіканы, прынамсі маё пакаленне, усе "трудзягі", усе любілі працаваць і галечы не ведалі. Не змахлюю, калі скажу, што Даменіканы — народ дружны.

— Многія крыўдуюць на савецкую ўладу і маюць рацыю, бо ў людзей забралі зямлю, маёмасць...

— А ў мяне крыўды на савецкую ўладу няма. Я працаваў і мяне паважалі. Сёння маю добрую пенсію, з'яўляюся ганаровым калгаснікам. Хоць прыходзілася цяжка. Нас у сям'і было пяцёра — чатыры браты і сястра, то нагараваліся, пакуль на ногі ўсталі...

З братам гаспадара, Леанідам, я знаёмы. Ён на два гады маладзейшы за Ілью Іванавіча, але хватку мае яшчэ тую. Дзесьці прыхапіў два лапікі зямлі і сёлета адзін з гаражоў заваліў бульбай — навазіў 4 тоны. Усё поркаецца, і яго 28-гадовы "Фальксваген" бегае. Аднойчы пытаюся: "Леанід Іванавіч, як ноч прайшла?"

— У тры гадзіны прачнуўся, паглядзеў па тэлевізары "заапарк", а світаць пачало — пабег у гараж.

Чалавеку пад семдзесят, а вып'е пару шклянак віна — і "ні ў адным воку". За ўсе гады знаёмства ніводнага разу не бачыў яго добра выпіўшым. Ну, вясёлы чалавек, але каб хістала, то не. Моцная закваска.

На асобе Мікалая Даменікана спыняцца не буду, бо пра Героя пісана-перапісана, а ўспомню яшчэ аднаго "дамініканца" — Міхася Даменікана. Дванаццаць гадоў таму ў артыкуле "Зноў зацвіце сад" ("Звязда", 25.04.1998 г.), я пра яго пісаў. Размова тады ішла пра тое, як чалавек змагаўся за свой хутар і адстаяў яго. А цяпер хачу ўспомніць эпізоды з жыцця М. Даменікана, якіх няма ў тым артыкуле.

Чалавек быў, як і ўсе Даменіканы, моцна прывязаны да зямлі, гаспадаркі. Бывала, зойдзе ў хлеў і пачынае вымяраць свіней. Пройдзецца пядзяю ад хваста да вушэй, затым упоперак на пярэдніх лапатках і задаволена пакрэкча. А сабаку не любіў. "О-о-о, каб ты здох, ты яшчэ і грушы ясі", — папракаў гаспадар сабаку, які быў навязаны пад дрэвамі і з галадухі еў грушы.

З савецкай уладай у Міхася Іванавіча адносіны не склаліся, хоць напачатку і агітаваў за яе, але потым расчараваўся і, здаралася, праклінаў Саветы, але ў чыстым полі.

— О, навала, прападзі ты пропадам.

А жонка азіралася па баках і супакойвала:

— Ціха, Міхаська, ціха.

Гаспадар зрабіў стаўку на ўнука, бо малы здаўся дзеду дужа ўдалым. Бывала, дзед арэ агарод, а ўнук ідзе следам па разоры і нешта напявае. Ну як такога ўнука не любіць?! А калі той вывучыўся на агранома, то і пытання не было, на каго адпісаць хату і гаспадарку.

Жонка памерла значна раней за старога, а калі і гаспадар аслабеў, то ўбачыў, што ўнук вырас  не зусім  такім, як хацелася дзеду.

І я памыліўся, калі напісаў, што на хутары Міхаіла Даменікана зноў зацвіце сад.

На месцы хаты сёння пустка. Адышоў у вечнасць гаспадар, а праз некалькі гадоў памёр яго сын. Любімы ж дзедаў унук наклаў на сябе рукі — пайшоў у хлеў ды павесіўся. Дзедаву хату новыя гаспадары разабралі і перавезлі ў іншую вёску.

Усё гэта я расказаў да таго, каб сказаць, што на пятым пакаленні не ва ўсіх сем'ях Даменіканаў усё гладка. У некаторых дух манахаў-прапрадзедаў выветрыўся, а той дамініканскай крыві засталося 5-10 працэнтаў. А нехта і яе разбавіў гарэлкай...

У сям'і Ільі Даменікана ўсё добра. Дочкі замужам, унучкі вучацца ва ўніверсітэтах. Чаму б не радавацца. Ногі яшчэ трымаюць, і ў хляве жывёла стаіць.

Жыццё ў Грускова непазнавальна змянілася. Абапал заасфальтаванай вуліцы выстраіліся новыя дамы. Іх многа, бо вёска знаходзіцца на тэрыторыі агракамбіната "Сноў" — адной з лепшых гаспадарак Беларусі. Мяняюцца і людзі. Сёння мы глядзім на свет праз экраны тэлевізараў і ведаем, што робіцца на другім баку зямлі, але ці не згубілі з гэтым мы нешта вельмі важнае, што было ў нашых прадзедаў?

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

Нясвіжскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1586 г. Нясвіж атрымаў магдэбургскае права і стаў буйным па тым часе эканамічным, палітычным і рэлігійным цэнтрам. Тут узводзіцца езуіцкі калегіум, і амаль у гэты ж...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика