Старажытны Полацк маладзее. Пра тое, якія перспектывы чакаюць старажытны горад, распавядае намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК. 21.by

Старажытны Полацк маладзее. Пра тое, якія перспектывы чакаюць старажытны горад, распавядае намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК

12.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Старажытны Полацк маладзее. 
Пра тое, якія перспектывы чакаюць старажытны горад, распавядае намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК

— Мікалай Сяргеевіч, амаль тры гады таму указам Прэзідэнта была зацверджана Комплексная праграма развіцця Полацка да 2012 года. Такая ўвага асобна ўзятаму гораду апраўдана? — За першыя пяць гадоў гэтага стагоддзя была рэалізавана дзяржаўная праграма па развіцці Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Калі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаў горад у сувязі з імпрэзамі з нагоды аднаўлення ракі святой Еўфрасінні Полацкай у 2005 годзе, ён высока ацаніў вынікі праведзенай работы. Было вырашана падтрымаць наступную мэтавую праграму. Наш горад, як буйны турыстычны цэнтр Беларусі, меў патрэбу ў такой падтрымцы. Ва ўказе пазначана і такая важная для нас падзея, як святкаванне 1150-годдзя Полацка ў 2012 годзе. Летась 1150-ы год адсвяткаваў старажытны рускі горад Ноўгарад, у 2012-м такі ж юбілей адзначаць у Смаленску, дзе падрыхтоўка ўжо ідзе поўным ходам. — Што ўдалося выканаць і над чым праца яшчэ толькі пачынаецца?

— У праграму ўключана 37 пунктаў. Адзін з іх датычыцца рэканструкцыі Лядовага палаца “Хімік” у Наваполацку, астатнія аб’екты — на тэрыторыі Полацка. У мінулым годзе завершана рэканструкцыя недабудаванага будынка крытага басейна пад дзіцяча-юнацкую спартыўную школу алімпійскага рэзерву. Стары даўгабуд у шматлюдным мікрараёне ператварыўся ў Палац барацьбы “Алімпіец” для дзюдаістаў і самбістаў. Урачыста прайшло адкрыццё помніка героям вайны 1812 года, які адноўлены на сваім гістарычным месцы. Дзякуючы сумеснай працы Міністэрстваў культуры, абароны Беларусі і Расіі, фінансавай падтрымцы Саюзнай дзяржавы выдатны помнік (а адлілі яго на полацкім заводзе “Тэхналіт”) стаў сапраўдным упрыгажэннем цэнтральнай плошчы горада. У рамках праграмы адкрыты інфармацыйна-турыстычны цэнтр. Каб турыст прыехаў і застаўся тут на некалькі дзён, трэба ўкладваць грошы ў інфраструктуру. Мы зацікаўлены, каб турысты маглі наведаць не толькі Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, але і ўсе нашы адзінаццаць музеяў. Многія з іх унікальныя: беларускага кнігадрукавання, дзіцячы, беларускага ткацтва і іншыя. Сёння ідзе праца над праектна-каштарыснай дакументацыяй па многіх аб’ектах.

Самы буйны з іх — Палац гульнявых відаў спорту. На беразе Заходняй Дзвіны ўзводзіцца вяслярны цэнтр. У Полацку пражывае асноўны трэнерскі састаў Федэрацыі акадэмічнага веславання, тут створана база для развіцця гэтага віду спорту. Сума, выдзеленая на будаўніцтва цэнтра, аказалася недастатковай, і ўжо вырашана пытанне аб прадастаўленні льготнага крэдыту для завяршэння дадзенага аб’екта. Мяркуем, што гэта будзе рэспубліканскі трэніровачны цэнтр. Там жа будуць і гасцініца, і кафэ. Праз некалькі дзён пачынаем работы па будаўніцтве новага радзільнага дома. Спадзяёмся, гэта будзе сучасная медустанова, якая прыкметна павысіць якасць аказання дапамогі маладым мамам і нованароджаным. Гэта істотны ўклад у вырашэнне дэмаграфічных праблем у нашым рэгіёне. Акрамя таго, у мікрараёне “Аэрадром” ужо ў наступным годзе будзе пабудаваны дзіцячы сад. У прыватным сектары Полацка запланавана заасфальтаваць 65 вуліц. Не можа ж геаграфічны цэнтр Еўропы быць з вуліцамі без тратуараў. Гэта асобны пункт праграмы. У праграме рэалізуюцца таксама экалагічныя праекты. Бо не сакрэт, на экалогію Полацка негатыўна ўплываюць выкіды прадпрыемстваў Наваполацкай нафтахімічнай прамысловасці.

Плануецца вынесці вытворчасць “Тэхналіт-Полацк” з цэнтра горада на ўскраіну. — А якія змены закрануць установы культуры вялікага Полацка? — У чацвёртым квартале пачынаем капітальны рамонт глядзельнай залы гарадскога Палаца культуры. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Але Полацку пры такіх тэмпах і размаху будаўніцтва жылля не хапае будаўніча-рамонтных арганізацый. Вядзём другі этап тэндэрнай працэдуры, каб знайсці дастойных падрадчыкаў. Рамонт доміка Пятра I быў прыпынены, таму што там выявілі новыя артэфакты, археолагі вялі свае даследаванні. Зараз аддзелачныя работы аднавіліся. Падрыхтаваны праект рэканструкцыі Дома афіцэраў пад музей гісторыі горада. Гэта ўнікальны будынак, які запатрабуе вялікай працы. Канцэпцыя музея распрацавана супрацоўнікамі музея-запаведніка, будынак перадаём у абласную камунальную ўласнасць. Завяршаецца стварэнне экспазіцыі прыродна-экалагічнага музея. Гісторыя кінатэатра “Радзіма” падобная да гісторый многіх іншых беларускіх кінатэатраў. Яго перадавалі ад аднаго ўласніка да іншага. Зараз кінатэатр адрэстаўрыруюць, у ім будзе ўстаноўлена новае абсталяванне, там ужо ідзе рамонт даху.

— Цікава, якім вялікі Полацк сустрэне сваё 1150-годдзе? — Лічу, нашы гараджане і госці ўжо пройдуць па новым пешаходным мосце да кургана Бессмяротнасці. Яго будаўніцтва праз Заходнюю Дзвіну — найскладаная справа. У нас два масты для аўтамабільнага руху — новы і стары, але з цэнтра горада вельмі доўга дабірацца да мікрараёна Марыненка. Таму гэты аб’ект такі важны. На левым беразе будзе добраўпарадкавана зона адпачынку. Пешаходны мост арганічна ўпішацца ў архітэктуру старога горада. Полацк сустрэне сваіх гасцей значна памаладзелым, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост. Абноўлены, напоўнены вясёлымі ўсмешкамі гараджан, горад ўпэўнена крочыць скрозь час і прастору.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Мікалай Сяргеевіч, амаль тры гады таму указам Прэзідэнта была зацверджана Комплексная праграма развіцця Полацка да 2012 года. Такая ўвага асобна ўзятаму гораду...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика