Пры "пагадненні бакоў" дапамогу не плацяць. 21.by

Пры "пагадненні бакоў" дапамогу не плацяць

14.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Звальненне — сітуацыя заўсёды няпростая. І часта тут узнікае шмат па-сапраўднаму пікантных момантаў. Ці павінны плаціць выхадную дапамогу ў выпадку, калі работнік вымушаны пакінуць сваё месца па стане здароўя, ці можа пенсіянер спыніць кантракт па ўласным жаданні і што рабіць, калі былы наймальнік упарта адмаўляецца праводзіць канчатковы разлік — вось толькі некаторыя, найбольш папулярныя пытанні. І разабрацца з імі мы паспрабуем з дапамогай намесніка начальніка аддзела працы і зарплаты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Яўгена Леанідавіча КАЗАКЕВІЧА.

Прапанова. А затым — звальненне

Падчас медабследавання ў мантажніка-вышынніка канстатавалі пагаршэнне стану здароўя, вынікам чаго стала заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі пра проціпаказанне да выканання ранейшых абавязкаў. Ці мае права наймальнік на падставе гэтага патрабаваць скасавання працоўнага дагавора "па пагадненні бакоў"?

— Скасаванне працоўнага дагавора ў сувязі з неадпаведнасцю пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны стану здароўя прадугледжана 42 артыкулам Працоўнага кодэкса, прычым у такім выпадку работніку павінна быць выплачаная выхадная дапамога ў памеры не менш за яго двухтыднёвы сярэдні заробак, — кажа Яўген Казакевіч. — Апроч таго, нялішне заўважыць: звальненне з прычыны стану здароўя можа адбыцца толькі ў выпадку, калі работніка, з яго згоды, немагчыма перавесці ў той жа арганізацыі на іншае месца — і ў тым ліку з перанавучаннем.

Між тым, калі ў падобнай сітуацыі адбылося звальненне па пагадненні бакоў і, адпаведна, не была выплачаная выхадная дапамога, то можна звярнуцца на працягу месяца ў суд па месцы рэгістрацыі арганізацыі. Прычым пры такім звароце неабходнасці аплачваць судовыя выдаткі ў работніка няма.

Матадказнасць — умова істотная

Крыху іншая сітуацыя. Кіраўніцтва арганізацыі настойвае, каб работнік заключыў дагавор аб матэрыяльнай адказнасці і выдае адпаведны загад. Работнік падпісваць такі дагавор не хоча. Якімі могуць быць наступствы?

— Тут неабходна адзначыць дзве акалічнасці, — распавядае Яўген Казакевіч. — Па-першае, паводле 405 артыкула Працоўнага кодэкса, пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці могуць быць заключаныя толькі з работнікамі ва ўзросце больш за 18 гадоў, якія займаюць пасады або выконваюць работы, непасрэдна звязаныя з захоўваннем, апрацоўкай, продажам, перавозкай ці выкарыстаннем у працэсе вытворчасці перададзеных ім матэрыяльных каштоўнасцяў у вызначаным заканадаўствам парадку. І па-другое. Заключэнне з работнікам дагавора аб матэрыяльнай адказнасці з'яўляецца змяненнем істотных умоў яго працы. А, значыць, тут неабходна выкананне пэўнай працэдуры.

У прыватнасці, пра змяненне істотных умоў працы наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка не пазней чым за месяц — і прычым пісьмова.

— У выпадку адмовы работніка ад працягу працы ў сувязі з істотным змяненнем яе ўмоў працоўны дагавор можа спыніцца — з выплатай выхадной дапамогі ў памеры не менш чым за двухтыднёвы сярэдні заробак, — працягвае Яўген Казакевіч. — Аднак зноў жа трэба зазначыць: калі наймальнік пісьмова не папярэдзіў пра змяненне істотных умоў працы не пазней чым за месяц, то настойваць на заключэнні дагавору аб матэрыяльнай адказнасці ён не мае права. Прычым у гэтым выпадку адмова падпісваць такі дагавор не з'яўляецца дысцыплінарным праступкам.

Пенсіянер не вырашае самастойна

Работнік дасягае пенсійнага ўзросту за чатыры месяцы да заканчэння тэрміну свайго кантракта. Заставацца на ранейшым месцы намеру няма. Ці абавязаны наймальнік задаволіць заяву пра датэрміновае скасаванне кантракта, інакш кажучы, ці мае права работнік-пенсіянер спыніць свае працоўныя адносіны ў любы дзень?

— Норма артыкула 40 Працоўнага кодэкса, паводле якой наймальнік абавязаны правесці звальненне ў "пажаданы" работнікам дзень пры наяўнасці абставін, што выключаюць або значна абцяжарваюць працяг працы (стан здароўя, пенсійны ўзрост, радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі і г.д.), датычыцца толькі выпадкаў працоўнага дагавору на няпэўны тэрмін, — зазначае Яўген Казакевіч. — Аднак у нашым выпадку гаворка ідзе менавіта пра кантракт. Падпісанне кантракта азначае, што работнік добраахвотна пагаджаецца працаваць да заканчэння вызначанага ў ім тэрміну. І, такім чынам, патрабаваць датэрміновае скасаванне кантракта пасля наступлення пенсійнага ўзросту работнік тут не можа.

За кніжку плацяць грошы

На жаль, даволі тыповы малюнак. Работнік звальняецца, аднак не можа забраць сваю працоўную кніжку. Ужо былы наймальнік яе проста не выдае — з тлумачэннем, маўляў, кніжка знаходзіцца ў іншым офісе. Што рабіць у такім выпадку?

— Паводле 50 артыкула Працоўнага кодэкса, працоўная кніжка павінна быць выдадзеная "на рукі" ў апошні дзень работы, — нагадвае Яўген Казакевіч. — Калі ж гэтага па віне наймальніка не адбылося, то за ўвесь час затрымкі працоўнай кніжкі работніку выплачваецца яго сярэдні заробак. Пры гэтым сама дата звальнення змяняецца на дзень выдачы працоўнай кніжкі.

У выпадку ўзнікнення праблем з атрыманнем працоўнай кніжкі работнік можа звярнуцца ў суд па месцы рэгістрацыі арганізацыі. Варта мець на ўвазе, што плаціць судовую пошліну тут не давядзецца. Аднак непасрэдна тэрмін звароту ў суд абмежаваны месяцам — з дня уручэння копіі загада аб звальненні, з дня выдачы працоўнай кніжкі з запісам аб падставе спынення працоўнага дагавора або з дня адмовы ад выдачы ці атрымання ўказаных дакументаў. І павялічыць гэты тэрмін магчыма толькі ў судовым парадку пры наяўнасці ўважлівых прычын.

Кантралюе толькі суд

Адно з жорсткіх патрабаванняў заканадаўства пры звальненні — правядзенне канчатковага разліку ў апошні дзень работы. У выпадку ўзнікнення праблем тут таксама трэба звяртацца ў суд. Аднак бывае і так: суд выносіць рашэнне пра безумоўную выплату грошай, якія належаць работніку. Але наймальнік выконваць гэта рашэнне не спяшаецца.

— Паводле 24 артыкула Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, судовыя пастановы, якія набылі законную сілу, абавязковыя для ўсіх юрыдычных асоб і ўсіх грамадзян, і ў тым ліку — для службовых асоб, — падкрэслівае Яўген Казакевіч. — Невыкананне ва ўстаноўлены тэрмін судовай пастановы цягне за сабой адказнасць, прадугледжаную заканадаўствам. Пры гэтым прымусовае выкананне пастаноў суда адносіцца да кампетэнцыі судовых выканаўцаў. Варта адзначыць, што кантроль за правільным і своечасовым выкананнем судовых рашэнняў здзяйсняецца суддзёй. Якія ж небудзь іншыя дзяржаўныя органы кантраляваць выкананне судовых рашэнняў проста не маюць права.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звальненне — сітуацыя заўсёды няпростая. І часта тут узнікае шмат па-сапраўднаму пікантных момантаў. Ці павінны плаціць выхадную дапамогу ў выпадку, калі работнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика