Два мільёны жыхароў будзе ў Мінску ў 2030 годзе. 21.by

Два мільёны жыхароў будзе ў Мінску ў 2030 годзе

14.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да 2030 года Мінск павінен дасягнуць колькасці насельніцтва ў 2 мільёны чалавек, а ў 2015 годзе жыхароў сталіцы будзе 1,9 мільёна. Пра гэта на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Рэсурсы буйных гарадоў — рэсурсы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і краіны" расказаў дырэктар праектна-даследчага КУП "Мінскграда" Аляксандр Пятроў. Пры гэтым павінна павялічыцца доля занятых у сферы абслугоўвання — з 60% да 65%, што звязана са сталічнай функцыяй горада.

Дарэчы, Мінск ужо неаднойчы прымушаў праекціроўшчыкаў карэктаваць свае планы: напрыклад, першы пасляваенны генеральны план развіцця горада быў зацверджаны ў 1946 годзе і прадугледжваў павелічэнне колькасці насельніцтва да 500 тысяч у 1960 годзе (у 1939 годзе ў Мінску пражывала 239 тысяч чалавек, а пасля вайны колькасць жыхароў скарацілася да 45 тысяч). Аднак лічба ў паўмільёна была дасягнутая значна раней, і генплан двойчы карэктаваўся ў 50-я гады — планаваная колькасць жыхароў была павялічана да 850 тысяч чалавек. У 1965 годзе быў распрацаваны новы генплан, згодна з якім у 1980 годзе прагназавалася дасягнуць аднамільённай адзнакі, але праекціроўшчыкі і тут не ўгадалі — мільённы жыхар з'явіўся ў сталіцы ў 1972 годзе, а ў 1980 годзе ў Мінску пражывала 1 мільён 350 тысяч чалавек.

— Горадабудаўнічая палітыка апошніх гадоў ажыццяўлялася ў адпаведнасці з Генеральным планам, які быў зацверджаны кіраўніком дзяржавы ў 2003 годзе, — расказвае Аляксандр Пятроў. — Параметрамі развіцця горада былі ўстаноўлены прырост насельніцтва 7 тысяч чалавек штогод, а прырост жылога фонду — 630 тысяч квадратных метраў кожны год. Аднак гэтыя параметры былі перасягнутыя: рэальны прырост насельніцтва склаў 15 тысяч чалавек, а прырост жылога фонду — 1—1,1 мільёна квадратных метраў штогод. Таму з 2006 года пачалася чарговая актуалізацыя горадабудаўнічай палітыкі Мінска і карэктуры асноўных палажэнняў Генеральнага плана з улікам тых паказчыкаў, якія рэальна складваюцца ў Мінску.

Аляксандр Мікалаевіч заўважыў, што на сёння ў сталіцы пражывае 1,83 мільёна чалавек, а тэрыторыя горада складае 308 тысяч квадратных кіламетраў:

— Па сваіх параметрах Мінск з'яўляецца самым кампактным горадам Еўропы сярод гарадоў з насельніцтвам больш за 1 мільён чалавек. Кампактнасць горада шмат у чым дапамагае нам, бо скарачае транспартныя і інжынерныя камунікацыі, але з іншага боку, і стварае пэўныя цяжкасці, бо рэсурсы для манеўра ў горадзе практычна адсутнічаюць. Нягледзячы на дастаткова свабодную планіроўку, горад наш сёння дасягнуў пэўных тэрытарыяльных межаў, — лічыць дырэктар "Мінскграда".

Згодна з новым генпланам, жылы фонд да 2030 года павінен павялічыцца на 28 мільёнаў квадратных метраў і дасягнуць 62 млн. За кошт такіх тэмпаў будаўніцтва павінна вырасці і забяспечанасць жылым фондам з сённяшніх 19,5 да 31 квадратнага метра агульнай плошчы на чалавека.

— Сфера жыллёвага будаўніцтва пастаўленая ў цэнтр горадабудаўнічай палітыкі Мінска. Прыярытэтнасць яе развіцця вызначана колькасцю тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў — на сёння іх 250 тысяч чалавек. А паказчык забяспечанасці жылым фондам у 19,5 квадратнага метра з'яўляецца больш нізкім, чым аналагічны сярэдні паказчык у еўрапейскіх сталіцах і нават у абласных цэнтрах Беларусі, — канстатаваў Аляксандр Пятроў. — Для развіцця жыллёвага будаўніцтва горадабудаўнічымі планамі зарэзервавана каля 17 тысяч гектараў, што дазволіць у перспектыве размясціць жылля больш за 50 мільёнаў метраў квадратных. Да 2015 года плануецца выйсці на забяспечанасць жылым фондам у 24 квадратныя метры на чалавека пры штогадовым уводзе жылля не менш чым 1,2 мільёна квадратных метраў.

Усяго ж для развіцця Мінска зарэзерваваны прыгарадныя тэрыторыі плошчай у 24 тысячы гектараў, але, як падкрэсліў Аляксандр Пятроў, гэта не значыць, што ўсе 24 тысячы будуць асвоены да 2030 года. Напрыклад, для капітальнага будаўніцтва да 2015 года спатрэбіцца дадаткова толькі 3,5 тысячы гектараў.

— Перспектыўная гарадская мяжа, якую мы ўключаем як рэзерв развіцця горада, тэрытарыяльна складае амаль такую тэрыторыю, якая знаходзіцца ўнутры МКАДа. Гэта вялізная тэрыторыя, практычна пазбаўленая інжынерных і транспартных камунікацый, таму яе асваенне патрабуе вялікай канцэнтрацыі намаганняў горада і самае галоўнае, на наш погляд, трэба пазбегнуць распылення сродкаў у розных напрамках і асваенне ажыццяўляць мэтанакіравана і кропкава: браць канкрэтны жылы раён, рэалізоўваць яго поўнасцю і толькі потым пераходзіць да наступных раёнаў, — сказаў дырэктар "Мінскграда".

Ён жа заўважыў, што ў межах існуючых тэрыторый зямля практычна выкарыстаная, зараз забудоўваюцца апошнія раёны Каменная Горка і Лошыца, а потым застанецца толькі тэрыторыя так званага раёна "Паўночны". Магутнасць гэтага раёна складае 2 мільёны квадратных метраў жылля, але пры вызначаным уводзе жылля 1,2 мільёна квадратных метраў штогод яго асваенне працягнецца не болей за 2 гады. Менавіта таму, лічыць Аляксандр Мікалаевіч, трэба ўжо сёння рыхтаваць тэрыторыі за МКАДам і заводзіць туды інжынерныя і транспартныя камунікацыі.

Што тычыцца транспартнага развіцця, то Генеральны план прадугледжвае захаванне ў Мінску радыяльна-кальцавой структуры вуліц і дарог. Будзе працягнута фарміраванне планіровачнага каркаса горада дзесяццю радыяльнымі напрамкамі і чатырма кальцавымі аўтадарогамі — тры кальцы ўнутры і знешняя МКАД. Гэта павінна пазбавіць цэнтральную частку горада ад транзітных плыняў:

— Даследаванні паказваюць, што ў цэнтральнай частцы горада да 70% транспарту з'яўляецца транзітным, які проста праязджае праз цэнтр, бо няма аб'язных магістраляў. Будаўніцтва 1-га кальца, якім мы сёння займаемся, дазволіць пазбегнуць гэтага транзіту, пусціць яго ў аб'езд цэнтральнай і гістарычнай часткі горада, — сказаў Аляксандр Пятроў. — Акрамя таго, перагружанасць МКАД з'яўляецца таксама вынікам адсутнасці ўнутраных кольцаў. Сёння знешняя кальцавая аўтадарога выкарыстоўваецца як унутранае кальцо, бо, напрыклад, даехаць з Захаду ва Уручча прасцей па МКАД, чым праз цэнтр. І калі мы зможам арганізаваць 2-е і 3-е ўнутраныя кольцы, то людзі будуць перамяшчацца па іх, а не па знешнім кальцы.

Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што палітыка развіцця вулічна-дарожнай сеткі патрабуе штогадовага будаўніцтва і рэканструкцыі не менш за 15 кіламетраў асноўных магістраляў і дублюючых вуліц, а таксама будаўніцтва 3-4 транспартных развязак. Што тычыцца пасажырскага транспарту, то далейшае развіццё атрымаюць не толькі традыцыйныя віды накшталт метро, аўтобусаў, трамваяў і тралейбусаў, але з'явіцца і новы від — гарадская электрычка, якая дазволіць на працяглых маршрутах павысіць камфортнасць перасоўвання і скараціць час дарогі.

У бліжэйшай перспектыве павінен знікнуць дэфіцыт паркавых тэрыторый: іх колькасць павялічыцца з 6,5 тысячы да 15,5 тысячы гектараў, а доля прыродных тэрыторый ад агульнай плошчы горада складзе 29%. У прыватнасці, у склад паркавых тэрыторый агульнагарадскога значэння мусіць быць уключаная паўднёва-ўсходняя частка берага Мінскага мора.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 2030 года Мінск павінен дасягнуць колькасці насельніцтва ў 2 мільёны чалавек, а ў 2015 годзе жыхароў сталіцы будзе 1,9 мільёна. Пра гэта на міжнароднай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика