«Мы апярэджваем расійскамоўныя класы»
25.10.2010 15:59
—
Новости Общества
|
Як прайшла першая чвэрць у 1-х беларускамоўных класах Баранавічаў, Гродна і Магілёва.
Сёлета ў трох гарадах Беларусі з’явіліся беларускамоўныя класы. Адметнасць падзеі ў тым, што класаў з беларускай мовай навучання тут не было ўжо некалькі гадоў, а таксама тое, што класы гэтыя налічваюць ад аднаго да трох вучняў. У Баранавічах беларускамоўны клас утварыўся дзякуючы сям’і Таццяны і Алега Малашчанкаў. Пазней да іх дачкі Ясі далучыліся яшчэ дзве дзяўчынкі — Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук. Таццяна Малашчанка расказвае, што першая чвэрць у іхнім незвычайным класе прайшла спакойна і паспяхова. «Гэта нават лепш, што іх ня шмат — так забяспечваецца індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці», — кажа яна. Канфліктаў з іншымі дзецьмі няма, да настаўнікаў прэтэнзіі адсутнічаюць. Адзінае, што засмучае бацькоў — англійская мова выкладаецца па-расійску. Ды ў настаўніцы спеваў слабаватая беларуская мова. «Але яна стараецца. Я ёй дыск з беларускімі песнямі прынесла», — расказвае Таццяна Малашчанка. У настаўніцкай баранавіцкай школы №14, дзе вучацца дзяўчаты, «НН» расказалі, што беларускамоўны клас у іх не выклікае пытанняў і клопатаў. «Было б лепш, натуральна, калі б дзяцей было паболей, каб хлопчыкі ў гэтым класе займаліся. Але маем, што маем». Новых заяў на беларускамоўнае навучанне тут пакуль не атрымлівалі. «Але мы заўсёды гатовыя прыняць усіх ахвочых», — запэўнілі ў школе №14.
Святлана Астроўская з Гродна першую чвэрць адвучылася адна. Каб дамагчыся для сваёй дачкі права займацца па-беларуску, яе бацькі Алесь і Аксана Астроўскія зладзілі несанкцыянаваны пікет пад вокнамі гарвыканкаму. Цяпер Света вучыцца ў 32-й школе. Да яе прыходу тут быў апошні ў горадзе набор у беларускамоўныя класы. Частку заняткаў дзяўчынка наведвае адна, рэшту — з іншымі дзецьмі. «Ёй падабаецца, каб можна было, то хадзіла б у школу і ў выходныя», — смяецца мама Светы Аксана Астроўская. Яна кажа, што дачку хваляць настаўнікі, з іншымі дзецьмі пытанняў не ўзнікае. «У групе падоўжанага дня яна займаецца з дзецьмі з розных класаў. Завяла сабе сяброў». Аксану Астроўскую трошкі непакоіць узровень валодання мовай некаторых настаўнікаў. Але ў цэлым яна выглядае задаволенай. У школе №32 пра Свету Астроўскую адгукаюцца добра. «Вельмі разумная і здольная дзяўчынка. З іншымі дзецьмі ладзіць добра, займаецца ў групе падоўжанага дня. Ніякіх праблемаў з ёй не маем».
Ялінка Салаўёва з Магілёва, як і Яся Малашчанка, пачынала вучыцца адна. Праз месяц да яе далучыліся Аляксей і Люба Уласавы. Мама дзяўчынкі Надзея Салаўёва цешыцца поспехамі дачкі і яе маленькага класа. Дзякуючы таму, што вучняў толькі тры, яны здолелі апярэдзіць аднагодкаў з расійскамоўных класаў. «Матэматыку ўжо за другую чвэрць вывучылі». Надзея Салаўёва кажа, што настаўніца ў дзяцей вельмі адказна падыходзіць да сваёй працы. «Яна падабаецца дзецям, а яны — ёй». Тое, што дачка займаецца ў маленькім класе, бацькоў не палохае. У Ялінкі няма праблемаў з іншымі дзецьмі. «У групе падоўжанага многія дзеці пытаюць у яе, як па-беларуску будзе тое ці іншае слова». Па словах Надзеі Салаўёвай, пакуль што да іх класа ніхто не далучыўся. Але Салаўёвы не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. На гэтым тыдні яны будуць інфармаваць іншыя скм’і на бацькоўскіх сходах. «Магчыма, многія не ўсё ведаюць пра наш клас. Некаторыя бацькі думалі, што гэта платны факультатыў», — кажа Надзея Салаўёва. Настаўніца, па яе словах, не супраць, каб да класа далучаліся іншыя дзеці. Гэта можна зрабіць і цягам гэтага года, і ў наступным навучальным годзе. У магілёўскай школе №1 не захацелі размаўляць без згоды гарадскога ўпраўлення адукацыі. *** Пра ўмовы паступлення ў 1-ыя класы з беларускай мовай навучання звяртацца па адрасах: г. Баранавічы, вул. Піянерская, 98, тэл.: 8 (0163) 42-51-50, 8 (0163) 42-51-50. г. Гродна, вул. Ліможа, 11, тэл.: 8 (0152) 43-64-03, 8 (0152) 70-29-49. г. Магілёў вул. Першамайская, 24, тэл.: 8 (0222) 31-07-85, 8 (0222) 22-12-64. Падзяліцца навіной:
Сямён Печанко Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як прайшла першая чвэрць у 1-х беларускамоўных класах Баранавічаў, Гродна і Магілёва.
|
|