Мы і тэхніка бяспекі
28.10.2010
—
Новости Общества
|
Прычыны, якія прывялі да трагедыі на ЗАТ "Пінскдрэў", яшчэ будуць высвятляцца, і адпаведныя інстанцыі паставяць кропку над і. Але зразумела, што гэтая трагедыя не была выпадковай. На кожным прадпрыемстве ёсць служба тэхнікі бяспекі, аддзел ці інжынер, які адказвае за бяспеку. Усё адпавядае нашаму заканадаўству. Але хоць па законе інжынер па тэхніцы бяспекі з'яўляецца адказнай асобай, на самай справе кіраўніцтва прадпрыемства часам да яго ставіцца як да надакучлівага супрацоўніка, які лезе куды не трэба і перашкаджае працаваць. Не толькі кіраўніцтва, але і рабочыя часам ставяцца да работніка, які адказвае за тэхніку бяспекі, паблажліва. Маўляў, чалавеку няма чаго рабіць, дык без справы і сноўдаецца па цэхах. Прычына такога стаўлення да работнікаў ТБ склалася даўно, а з прыходам прыватнага капіталу іх доля значна пагоршылася. Валянцін К. працаваў на заводзе інжынерам па ТБ, а сёння пенсіянер, хоць на родным прадпрыемстве зрэдку і бывае. — Здаралася, убачыш даволі сур'ёзнае парушэнне, скажаш пра гэта галоўнаму інжынеру, а ён ледзь не матам пакрые: "Што, з-за цябе цэх спыняць? У мяне план!" Вось і даводзілася прыстасоўвацца, хоць парушэнняў на вытворчасці хапала. Безумоўна, інжынер па ТБ можа праявіць прынцыповасць і "заваліць" высокія інстанцыі дакладнымі, але ў такім разе на прадпрыемстве яму месца не будзе. А сёння ж — не заключаць кантракт, і ніхто таго інжынера не абароніць. Так было і так ёсць. Служба, якая адказвае за здароў'е людзей і іх жыцці, часам пастаўленая ў бяспраўнае становішча, бо цалкам залежыць ад кіраўніцтва прадпрыемства — яму падпарадкоўваецца. Ёсць інспекцыя працы. Напрыклад, ёсць яна і ў Баранавічах, але 8 супрацоўнікаў павінны трымаць пад кантролем тры раёны: Баранавіцкі, Ляхавіцкі і Ганцавіцкі. Каб эфектыўна працаваць, штат супрацоўнікаў інспекцыі працы неабходна павялічыць у разы. Мне давялося сутыкнуцца з прыватным прадпрыемствам, якое знаходзілася на тэрыторыі хімкамбіната. Фірма вырабляла зубную пасту сумесна з чэшскімі прадпрымальнікамі. І які інжынер па ТБ мог "качаць" правы, калі намеснікам дырэктара фірмы быў сын дырэктара хімкамбіната? Пра якую тэхніку бяспекі можна гаварыць на нейкім ПУПе, калі гаспадар гэтага прадпрыемства знаходзіцца ў Мінску і толькі зрэдку наведваецца ў правінцыю на сваё прадпрыемства, і справу мае найперш з дырэктарам — даверанай асобай. І цікавіць яго прыбытак, а не тэхніка бяспекі. Людзі іншым разам баяцца паставіць пытанне, чаму ў гэтым месяцы заробак іх рэзка ўпаў, а пра тое, чаму ў цэху не працуе вентыляцыя, дык і не смеюць заікнуцца. На любое незадавальненне адзін адказ: "Не падабаецца — звальняйся". Гэтая фраза сёння стала класічнай. Вось на адной з прыватных мэблевых фабрык за тэхніку бяспекі адказваў сын гаспадара гэтага прадпрыемства. Пытанні ёсць? Тэрыторыя іншага ПУПа з'яўляецца закрытай зонай, і што там адбываецца, мала хто ведае. Што датычыць сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) "Пінскдрэў — ДСП" можна сказаць толькі, спаслаўшыся на інфармацыю МНС. Калі прычынай (мяркуемай) з'яўляюцца адкладанні драўнянага пылу, то колькі часу трэба было не звяртаць на яго ўвагі, каб тыя адкладанні назапасіліся? Калі пацярпелыя так моцна абгарэлі, то ці адпавядала тэхніцы бяспекі іх спецадзенне? Гэта першае, што кідаецца ў вочы. Здарылася трагедыя, загінулых пахаваюць, выплацяць кампенсацыі... Зробяць татальныя праверкі дрэваапрацоўчых і мэблевых прадпрыемстваў. Але ці зменіцца сістэма арганізацыі тэхнікі бяспекі на нашых прадпрыемствах? Вось у чым пытанне. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прычыны, якія прывялі да трагедыі на ЗАТ "Пінскдрэў", яшчэ будуць высвятляцца, і адпаведныя інстанцыі паставяць кропку над і. Але зразумела, што гэтая трагедыя...
|
|