Працоўныя і баявыя шляхі генерала
28.10.2010
—
Новости Общества
|
У свой час Георгій Сечкін узначальваў лясніцтва на ўскраіне Белавежскай пушчы, але вайна рэзка змяніла яго жыццёвыя планы
Доўгі час я працаваў у Белавежскай пушчы, мне і цяпер цікава ўсё, што мае дачыненне да лясной гаспадаркі. Супрацоўнічаю з вядомым часопісам "Лесная новь", і неяк у Маскве даведаўся: перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Пружанскім раёне працаваў ляснічым Георгій Пятровіч Сечкін. Той самы, які пазней стаў вядомым навукоўцам, даслужыўся да звання генерал-маёра і прызнаны адным з заснавальнікаў пагранічнай навукі. Я засумняваўся: прозвішча для Пружаншчыны — гэта Брэсцкая вобласць — вельмі рэдкае і яўна не мясцовае. Нейкіх сваякоў Сечкіна ў тым раёне знайсці не ўдалося, і ў нашых пагранічнікаў звестак ніякіх. Аднойчы на міжнароднай канферэнцыі "Лясы Еўразіі ў III тысячагоддзі" я звярнуўся па дапамогу да лесаводаў. І “лясное брацтва” не падвяло, на велізарных прасторах ад Далёкага Усходу да Брэста па драбніцах шукалі сляды былога ляснічага. А ўрэшце знайшлі не толькі звесткі пра генерала, але і яго калег, нават у Брэсце. Іх успамінаў, думаю, хапіла б не на адну кнігу. Яшчэ і сёння па кнігах генерал-маёра Георгія Сечкіна вучацца курсанты пагранвучылішчаў. Ды наўрад ці з'явіліся б тыя падручнікі, калі б ён у свой час не прайшоў добрую падрыхтоўку ў лясной гаспадарцы: метады ж аховы лесу і аховы мяжы вельмі падобныя. У лясным беларускім краі майстэрства такое шліфавалася стагоддзямі. Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай Сечкін узначаліў адно з лясніцтваў у Пружанскім раёне, на ўскраіне Белавежскай пушчы. Папрацаваў на гэтай пасадзе нядоўга: грымнула вайна, ляснічы сам удзельнічаў у баях і разам з воінскімі часцямі адступаў. Быў неўзабаве прызначаны палітруком пагранатрада, які змагаўся на Ленінградскім фронце. Невялікі ростам, энергічны, ён заўсёды паспяваў туды, дзе патрэбна была падтрымка. З ім, успаміналі аднапалчане, ахвотна ішлі ў разведку, на выкананне самай рызыкоўнай задачы. За мужнасць пад час цяжкіх баёў пад Мгой і Шлісельбургам Сечкіна ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Восенню 41-га, калі вакол Ленінграда сціскалася кальцо фашысцкай блакады, адзіным калідорам для забеспячэння жыхароў і абаронцаў горада заставалася Ладажскае возера. Яны з нецярпеннем чакалі маразоў. Калі возера скаваў лёд, наладжвалі ваенна-аўтамабільную дарогу ў Кабону, на ўсходні бераг. Пагранатраду, у якім ваяваў наш зямляк, быў загад: тайна падрыхтаваць абарончыя пазіцыі і ахоўваць яе ад дыверсантаў. Калі лядовую дарогу зрабілі, то першымі праверыць яе надзейнасць на трох грузавіках у Кабону адправіліся сорак пяць пагранічнікаў на чале з палітруком Сечкіным. Адна машына тады затанула разам з людзьмі — нікога ўратаваць не паспелі. Потым наляцела сем "юнкерсаў", пагранічнікі прынялі няроўны бой, пад час якога затануў яшчэ адзін грузавік. Урэшце тым, хто выжыў, удалося дабрацца да берага — яны былі першымі, хто адкрыў знакамітую Дарогу жыцця для машын. Георгій Пятровіч прайшоў усю вайну, двойчы быў паранены, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Пасля вайны Сечкін скончыў, у 1950 годзе, з залатым медалём Ваенны інстытут і ўзначаліў там навукова-даследчы і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел. Цалкам прысвяціў сябе навуцы, прычым яго публікацыі былі якасна новай з'явай у вывучэнні гісторыі войск. А дысертацыя "Дзеянні пагранічных войск напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны і магчымае іх скарыстанне ў пачатковы перыяд будучай вайны" (1957) цікавая і сёння. Прычым на ёй грунтуюцца і шматлікія публікацыі па гісторыі войск. У 58-м палкоўнік Георгій Сечкін быў прызначаны ў склад савета інстытута, стаў яго навуковым сакратаром, кіраваў кафедрай тактыкі пагранвойскаў. У канцы 50-х гадоў пачаліся ўскладненні на савецка-кітайскай мяжы. Там былі патрэбны вопытныя людзі, і ў 67-м Сечкіна прызначаюць намеснікам начальніка войск Забайкальскай і Ціхаакіянскай пагранакруг. Калі ж у 1969 годзе адбыўся канфлікт на востраве Даманскі, напад на савецкую тэрыторыю, то менавіта ён узначальваў створаную там опергрупу. Яму ж было даручана правесці навуковыя доследы па праблеме той міні-вайны. І ён цалкам задакументаваў, апісаў, а потым і біскуча прааналізаваў падзеі. З 1974 года Георгій Сечкін зноў выкладае ў Маскве, у Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, узначальвае кафедру пагранвойск. Там ён напісаў манаграфію "Савецкія пагранічныя войскі", абараніў доктарскую. Уганараваны званнем заслужанага дзеяча навукі Расіі, мае славу пачынальніка цалкам новай навукі. Усяго ж Георгій Пятровіч напісаў больш за сто навуковых прац, звязаных з праблемамі пагранвойск у мірны і ваенны час. А самая вялікая заслуга генерала — сотні прафесійна падрыхтаваных афіцэраў. Яны неслі і нясуць службу на далёкіх заставах і ў спецпадраздзяленнях. Дарэчы, першы склад контр-тэрарыстычнай групы "Альфа", створанай у 1974 годзе, узначальваў афіцэр-пагранічнік, які ў свой час атрымаў баявое хрышчэнне на востраве Даманскім, і касцяк групы складалі пагранічнікі. Што ж, з былога лесавода з Пружаншчыны атрымаўся добры генерал... Мікалай Чэркас, кандыдат біялагічных наук Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свой час Георгій Сечкін узначальваў лясніцтва на ўскраіне Белавежскай пушчы, але вайна рэзка змяніла яго жыццёвыя планы
|
|