"Але на пенсію дакладна сыходзіць не збіраемся"
30.10.2010
—
Новости Общества
|
"Мінскай праўдзе" — 60 Жартуе ў пачатку размовы галоўны рэдактар галоўнай газеты сталічнай вобласці Мікалай ЛІТВІНАЎ, які яшчэ дзевяць месяцаў таму быў творчым супрацоўнікам "Звязды". Дарэчы, што цікава, першым і папярэднім рэдактарам "Мінскай праўды" таксама былі "звяздоўцы" са стажам і таксама абодва Мікалаі — адпаведна Мікалай Дзмітрыевіч Пузікаў (працаваць у "Звязду" прыйшоў яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны) і Мікалай Аляксандравіч Шлома, які быў рэдактарам 22 гады. — Мікалай Пятровіч, як сёння абласная газета вытрымлівае канкурэнцыю з раённымі выданнямі, якія, як ні круці, бліжэй да людзей, хаця б па тэрытарыяльнай прыкмеце? — Сапраўды, тэрыторыя Мінскай вобласці складаецца з 23 адміністрацыйных адзінак (22 раёнаў і горада Жодзіна), кожная з якіх мае сваю асобную газету. Са старонак раёнкі чалавек можа даведацца, што адбылося альбо мае адбыцца ў яго вёсцы, на яго вуліцы, абласная ж газета, акрамя гэтага, знаёміць чытача з навінамі і цікавымі людзьмі з усёй вобласці. Іншымі словамі, з'яўляецца своеасаблівай аб'яднальнай пляцоўкай Міншчыны. Акрамя таго, на старонках нашай газеты з'явіліся пастаянныя рубрыкі "Суседзі" і "Міжнародная панарама", дзе паведамляецца аб падзеях, якія адбыліся ў іншых абласцях рэспублікі і за яе межамі. У той жа час я не сказаў бы, што сённяшняя "Мінская праўда" далёкая ад сваіх чытачоў. Мы імкнёмся адпавядаць слогану газеты, якая "быццам добры сусед — заўжды побач". Нашы карэспандэнты стараюцца знаходзіцца ў самай гушчы цікавых падзей, жыць клопатамі і імкненнямі чытачоў. Развіваем і сучасныя аператыўныя формы сувязі са сваёй аўдыторыяй: значным крокам наперад з'яўляецца тое, што сёння кожны чытач можа задаць пытанне, якое яго хвалюе, у рэжыме рэальнага часу. Цэнтральная газета цэнтральнага рэгіёна апрыёры павінна адпавядаць такому азначэнню. І мы дзень за днём працуем над гэтым. І ўжо ёсць вынікі. Я, напрыклад, быў прыемна здзіўлены, калі падчас наведвання аднаго з раёнаў вобласці адзін мужчына сказаў, што яго жонка пачала рабіць выразкі з "Мінскай праўды". Мне здаецца, калі чалавеку яшчэ раз захацелася вярнуцца да прачытанага, гэта дарагога каштуе. Гэта добры знак. — На пасадзе галоўнага рэдактара "Мінскай праўды" вы працуеце параўнальна нядаўна. З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся на новым месцы і што для вас асабіста значыць гэта газета? — За плячыма ў мяне добрая журналісцкая школа ў "Звяздзе", якая, дарэчы, перш чым з'явілася "Мінская праўда", выконвала ў тым ліку і функцыі мінскай абласной газеты. Менавіта "роднай газеце на роднай мове" я абавязаны сваім сталеннем як журналіста. Спадзяюся, з часам у дачыненні да свайго фарміравання як кіраўніка рэдакцыйнага калектыву я тое самае змагу сказаць і пра "Мінскую праўду". Бадай, асноўная цяжкасць, з якой сутыкнуўся на новым месцы працы — гэта недахоп адміністрацыйнага вопыту. У астатнім жа вопыт, набыты за гады працы ў рэспубліканскім выданні, дзе я, дарэчы, працаваў аглядальнікам па Мінскай вобласці, дапамагае мне і па сёння. За гады працы ў журналістыцы родную вобласць (Мікалай Літвінаў сам родам са Слуцка. — Н. Д.), такую багатую на цудоўных людзей, аб'ездзіў усю ўздоўж і ўпоперак. Мне нават цяжка назваць месца, дзе я не быў на Міншчыне. Таму, калі трэба, зараз сваім творчым супрацоўнікам і тэму магу падказаць. — Падзяліцеся планамі на бліжэйшую перспектыву. На што робіце і будзеце рабіць стаўку ў развіцці газеты? — Мы ўзялі курс на амаладжэнне калектыву. У газету прыйшло адразу некалькі няхай і пачаткоўцаў, але перспектыўных журналістаў. Маладым, я прытрымліваюся такой думкі, трэба даваць прастор для рэалізацыі іх праектаў і, безумоўна, падказваць. Перакананы, што менавіта ў сімбіёзе — вопыт і маладосць — сакрэт паспяховага развіцця газеты. Мы таксама ўдасканальваем як знешняе так і ўнутранае напаўненне свайго выдання. Пачынаючы з верасня, павялічылі ў аб'ёме чацвярговы нумар, больш за тое, цяпер па чацвяргах і суботах газета выходзіць у поўнакаляровым выглядзе. Імкнёмся рабіць кожны нумар цікавым і змястоўным, разлічаным на задавальненне інтарэсаў як мага больш шырокай аўдыторыі чытачоў. З іншых новаўвядзенняў газеты адзначу істотную работу па актывізацыі сувязі з чытачамі. Зараз мы рэгулярна праводзім "прамыя лініі" з кіраўнікамі абласных ведамстваў і службаў, наладжваем "выязныя прыёмныя" ў рэгіёнах, пад своеасаблівым кантролем газеты знаходзіцца і рэалізацыя абласных і рэспубліканскіх галіновых праграм, выкананне рашэнняў абласнога выканаўчага камітэта і кіраўніцтва краіны. Газета сталічнага рэгіёна мае свой твар, свае багатыя традыцыі, якія мы абавязкова захаваем і будзем імкнуцца іх працягваць і ўдасканальваць. Пры гэтым будзем старацца ісці ў нагу з часам, мяняючыся выключна ў лепшы бок і ўдасканальваючы якасць матэрыялаў. Ставім за мэту рабіць газету больш цёплай, душэўнай, калі так можна сказаць, сямейнай. А наколькі гэта атрымліваецца, меркаваць чытачам. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць рэдакцыйны калектыў, а таксама ўсіх былых супрацоўнікаў газеты, нашых аўтараў і чытачоў з 60-гадовым юбілеем "Мінскай праўды". Зычу моцнага здароўя, поспехаў у працы, папулярнасці ў чытачоў і шпаркага пяра! Гутарыла Надзея ДРЫЛА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жартуе ў пачатку размовы галоўны рэдактар галоўнай газеты сталічнай вобласці Мікалай ЛІТВІНАЎ, які яшчэ дзевяць месяцаў таму быў творчым супрацоўнікам...
|
|