Рай для махляроў і прайдзісветаў?
09.11.2010
—
Новости Общества
|
Маецца на ўвазе крэдытны рай, які расцвіў з развіццём сістэмы крэдытавання ў краіне. Так, пасля ўкаранення заходняй моды на крэдыты ў нас паспела вырасці цэлая "плеяда" махляроў, якія зарабляюць на даверы сумленных людзей. Сістэма простая: аказваецца, можна набраць крэдытаў, пабудаваць дом ці кватэру, затым прадаць жыллё, памяняць альбо распарадзіцца ім нейкім іншым чынам, потым звольніцца з працы і жыць прыпяваючы. Вы будзеце здзіўляцца, але крэдыты можна не плаціць. Суд "павесіць" іх на паручыцеляў. І ўсё, больш ніякай абароны ці нават спагады не знойдзеш. Такіх плацельшчыкаў чужых крэдытаў у нас не дзясяткі і не сотні, а, пэўна, тысячы. Толькі ніхто пра гэта не кажа са старонак і экранаў СМІ, банкі ж не зацікаўлены ў распаўсюджванні такой інфармацыі. Яны могуць страціць шэраг кліентаў і частку заробку. А тое, што сістэма абароны кліента, якім аўтаматычна становіцца паручыцель, знаходзіцца недзе на першабытным узроўні, іх не хвалюе. Як, пэўна, чытач здагадаўся, аўтар гэтых радкоў таксама трапіў у шэрагі абавязаных плаціць чужы крэдыт. У 2007 годзе каляжанка па працы, праўда, з другога аддзела, якую ведаў многа гадоў, папрасіла выступіць паручыцелем за яе валютны крэдыт у мясцовым аддзяленні аднаго з банкаў. Цяпер, згадзіцеся, гэта — звычайная справа. Схадзіў у банк, падпісаў паперы. І нічога не падазраваў, пакуль не атрымаў паведамленне з суда, дзе мне прапаноўвалася да вызначанай даты пагасіць той самы крэдыт. Каляжанка тады яшчэ не хавалася, але горача завярала, што адчувае часовыя фінансавыя цяжкасці і вельмі хутка ўсю неабходную суму пералічыць у банк. Пасля наступлення ўказанай даты яе тэлефон замаўчаў, а з маёй зарплаты пачалі вылічваць яе крэдыт. Пазней высветлілася, што з работы яна звольнілася колькі месяцаў таму, памяняла кватэру, у суд не з'яўляецца. А за іншыя яе крэдыты таксама плацяць іншыя паручыцелі. Акрамя таго, яна набрала ў доўг нямала грошай ў супрацоўнікаў свайго аддзела і нікому не вярнула. Кола замкнулася. У міліцыі мне паспачувалі, сказалі, што органы ўнутраных спраў крэдытнымі справамі не займаюцца. Больш таго, адзін з супрацоўнікаў аддзела міліцыі, куды давялося звярнуцца, таксама плаціць даволі вялікі крэдыт за нядбайнага таварыша. Што называецца, прыехалі. Сістэма выбівання з добрасумленных грамадзян даўгоў нядобрасумленных дзейнічае бездакорна. Але ці правільна гэта? Зразумела, што падпісваў паперу, браў на сябе абавязацельства ў выпадку неплацежаздольнасці кліента ўзяць на сябе выплаты. Але ж становіцца неплацежаздольным чалавек у выпадку страты здароўя альбо, не дай Бог, смерці. А калі ён дзейнічае нахабна, дэманстратыўна звальняецца з работы, каб не плаціць, хіба не варта такога пакараць? Калі б за такія аферы пасадзілі аднаго-другога ў турму, трэці, мабыць, задумаўся б. А так застаецца хіба што самому звольніцца з працы і шукаць нелегальныя спосабы заробкаў? Прашу лічыць маё пісьмо ў газету зваротам да нашых заканадаўцаў. У гэтай сістэме трэба нешта мяняць. Маналог чытача Міхаіла Васільева запісала Святлана ЯСКЕВІЧ. Яго адрас і тэлефон знаходзяцца ў рэдакцыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маецца на ўвазе крэдытны рай, які расцвіў з развіццём сістэмы крэдытавання ў краіне. Так, пасля ўкаранення заходняй моды на крэдыты ў нас паспела вырасці цэлая...
|
|