Вобраз міліцыянера-коміка за грошы Мінкульта
10.11.2010
—
Новости Общества
|
Нарэшце трапіў на скандальную пастаноўку Сучаснага мастацкага тэатра "Мінск, я люблю цябе". Кранальнае каханне, эротыка, хуліганская лексіка, тэлевядоўцы Люся Лушчык і Яўген Булка ў топавых ролях, міліцыянер-комік... Цікава, што грошы на пастаноўку выдаткавала Міністэрства культуры. І вынік атрымаўся ўзбуджальным. Калі даведаўся пра пастаноўку "Мінск, я люблю цябе", падумаў: і спектакль пагляджу, і артыкул разгромны ў газету ціскану. Але на разнастайных форумах пастаноўку здорава пясочылі: "Тое не так, гэта не гэтак, палітыкі зашмат, акцёрам не веру і гэтак далей". "Значыць, спектакль дакладна варты ўвагі", — падумаў я і паехаў у канцэртную залу "Мінск", дзе Сучасны мастацкі тэатр арандуе адно з памяшканняў. На маё дзіва, зала ў 250 чалавек была амаль запоўненая, я узяў апошні білет за 25 тысяч рублёў. — Так сварацца на гэты спектакль, што мама дарагая! — абмяркоўвалі дзве сяброўкі, якія ўзялі білеты побач са мной. — Такую рэкламу гэтай сваркай зрабілі, што нельга не прыйсці. Святло згасла, і на сцэне з'явіўся той самы вядоўца Яўген Булка ў вобразе бронзавага помніка... Пасля спектакля я даведаўся, што дырэктара Сучаснага мастацкага тэатра Канстанціна Ушакова неяк запрасілі на шоу "Наша раніца". Вядоўца Яўген Булка меў неасцярожнасць спытацца: — А ці мог бы ў вашым тэатры іграць звычайны чалавек, а не прафесійны акцёр? — Мог бы, збірай чамаданы і прыходзь! — адказаў дырэктар. Булка для адвагі прыхапіў з сабой Люсю Лушчык. І абое, як аказалася, без праблем уліліся ў кампанію прафесійных акцёраў. Пры гэтым зарабляюць вядоўцы нароўні з іншымі акцёрамі (па 100 тысяч рублёў за спектакль, нягуста). Атрымліваецца, іграюць "за ідэю". Пастаноўка складаецца з трох камедый. У першай — Помнік Яўгена Булкі даводзіць менеджару з Масквы, што галоўнае ў жыцці не грошы, а каханне. Масквіч раззлаваўся, ляснуў помніку па рэбрах і зламаў руку. Нясцерпны боль змяніў прыярытэты ў светапоглядзе менеджара. Драматург Андрэй Курэйчык стаў першым беларускім літаратарам, які паразважаў на тэму: у чым перавага размеранага мінскага ладу жыцця ў параўнанні з бурлівымі мегаполісамі, як, напрыклад, Масква. У другой камедыі ("Вяселля не будзе") міліцыянер, які прыехаў працаваць у сталіцу з вёскі, затрымлівае мінскага праграміста, які пераходзіць дарогу на чырвонае святло: — Ах ты сталічная канхвета! — пярэчыць старшы лейтэнант праграмісту, які ў дадатак да ўсяго спазняецца на ўласнае вяселле. У канцы камедыі нявеста пазнае ў міліцыянеры аднавяскоўца Мішку Крайко, сваё першае каханне. Вяселле з праграмістам адмянілася. У трэцюю камедыю ("Самы чысты горад") да забаўляльнага сюжэту дадаецца і цікавая харэаграфія. Нагадаю, што грошы на пастаноўку выдаткавала Міністэрства культуры (каля 50 мільёнаў рублёў). Нягледзячы на дзяржаўны след, рэжысёры і драматургі не абмяжоўвалі сябе жорсткай цэнзурай: у спектаклі сустракаюцца аж тры міліцыянеры-комікі, гей з Аляксандраўскага сквера, дзве медсястры, якія не супраць закласці за каўнер, і іншыя некласічныя персанажы. Спектакль адначасова і забаўляе, і прасякнуты наватарскімі ідэямі кшталту "як зрабіць лепшай якасць свайго жыцця?" У пастаноўцы задзейнічана новае пакаленне беларускіх акцёраў: Ілона Галыніна, Паліна Сыркіна, Максім Брагінец, Аляксандр Гіранок. Каларытныя хлопцы і дзеўкі! Па працы меў інтэрв'ю з многімі расійскімі акцёрамі, напрыклад, з Сяргеем Бязрукавым. Лічу, што патэнцыйна наша моладзь можа многім даць прыкурыць. Ім бы даць магчымасць раскруціцца. "Мінск, я люблю цябе" не мае прэтэнзіі на неверагодны псіхалагізм ці класічную неўміручасць. Месцамі сюжэт трошкі зацягваецца. Але ў цэлым пастаноўка выглядае годна. Я даю тры пальцы на адсячэнне, калі выкарыстаць у кіно гэтых жа акцёраў, аўтараў, укласці грошы і запрасіць добрага кінарэжысёра (скажам, Андрэя Кудзіненку), мы атрымаем першы беларускі серыял-блокбастар. Асэнсаванне такой магчымасці пакінула ўва мне надзвычай цёплае ўражанне. Яўген ВАЛОШЫН. Фота Андрэя ДАВЫДЧЫКА. "Узгадай сябе сперматазоідам" У пастаноўцы хапае яркіх псіхалагічных пасажаў. Напрыклад, гераіня камедыі "Вяселля не будзе" Стэла эфектна даводзіць сваёй сяброўцы Надзі, чаму не варта лічыць сябе няўдачніцай: <І>— Часам здаецца, што жыццё праходзіць міма нас. Паступаючы ў інстытут сваёй мары, мы пралятаем, як фанера над Парыжам. Таму што ў конкурсе абітурыентаў — 10 чалавек на месца. Сярод пяці прэтэндэнтаў на жаданую вакансію зноўку выбіраюць іншага. І нават твой уцякае з вяселля. Мы ўсе часам адчуваем сябе няўдачнікамі. Але ўзгадай сябе сперматазоідам. Аднойчы мы ўжо былі вельмі паспяховымі і прайшлі неверагодны кастынг, калі абагналі мільёны іншых сперматазоідаў і дасягнулі адной-адзінай яйцаклеткі. Ці яшчэ адзін забаўны механізм жаночай псіхалогіі. Нявеста Надзейка плача, бо на вяселле не з'явіўся яе жаніх Жэнечка. Сяброўка Стэла на чым свет стаіць бэсціць жаніха-уцекача: "Сволач, гад!" Раптам нявеста павесялела і ад задавальнення затупала ножкамі: — А ты лухту кажаш! Можа, ён у рэанімацыі ляжыць, можа, яго машына збіла... Што зацікавіць гурманаў? Па-першае, драматургі Андрэй Курэйчык і Дзіяна Балыка бязбоязна выкарыстоўваюць прыём білінгвізму — спалучэнне беларускай і рускай моў у межах адной пастаноўкі. Акурат як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у сваёй "Ідыліі". Праўда, сучасныя драматургі пракалоліся на тым, што беларускую мову яны ўкладаюць у вусны маладым вясковым жыхарам. А гэта састарэлыя тэндэнцыі. Сёння беларуская мова робіцца гарадской, элітнай. У вёсках жа і аграгарадках яе, літаратурную, могуць і не зразумець. Другая асаблівасць: драматургі не пабаяліся зрабіць пастаноўку забаўляльнай, папсовай. І гэта нармальны прыём. Як інакш прыцягнуць у залу гледача, разбэшчанага галівудскім і расійскім кіно? Дык вось Сучаснаму мастацкаму тэатру гэта ўдаецца. Пры гэтым наяўнасць філасофскіх думак выратоўвае на першы погляд легкадумную пастаноўку. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарэшце трапіў на скандальную пастаноўку Сучаснага мастацкага тэатра "Мінск, я люблю цябе". Кранальнае каханне, эротыка, хуліганская лексіка, тэлевядоўцы...
|
|