"Беларусь адчувае сябе ўпэўнена"
13.11.2010
—
Новости Общества
|
Анатоль Любчанка — старшыня Савета Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Ён родам з глыбінкі Чавускага раёна. Бацька закончыў 4 класы царкоўна-прыходскай школы, маці была непісьменная. Але трое з іх чатырох дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Анатоль Любчанка стаў інжынерам лясной гаспадаркі. Ён працаваў у камсамоле, партыйных і савецкіх органах. Ветэран вайны ў Афганістане. Шмат гадоў кіраваў абласнымі прафсаюзамі, а потым узначаліў ветэранскую арганізацыю Магілёўшчыны. — Усебеларускі сход — падзея неардынарная. Для мяне асабіста гэта і прыемна, і трывожна. Таму што я на сябе бяру адказнасць, якая стаіць за падняццем рукі і мандата. За што прагаласую — за тое абавязаны буду адказваць, садзейнічаць выкананню рашэнняў. <І>— Вы ўжо не першым раз будзеце браць удзел ва Усебеларускім сходзе? — Так. Я быў на самым першым сходзе. Гэта было даўно, і зразумела, што за гэты час шмат змянілася ў краіне і яе рэгіёнах. Я цалкам падтрымліваю нашага Прэзідэнта за яго патрабавальнасць, за яго справы. І за аб'ектыўны падыход да зробленага і да працы кожнага чалавека, асабліва што датычыцца чыноўнікаў. І калі казаць аб'ектыўна, што з часу ад першага Усебеларускага сходу мы і нешта страцілі. Асабліва наша ветэранская сям'я. — Што вы маеце на ўвазе? — У гэтым сезоне мы страцілі льготы на праезд, лекі, камунальныя плацяжы. Гэта ўсё нялёгка і адбіваецца на людзях. Варта сказаць пра гэтыя трывогі. Пенсія ў нас не вельмі вялікая, і чаму састарэлы чалавек павінен плаціць за ўсё так жа сама, як і чалавек, які зарабляе сёння мільён, два ці 500 долараў? Я ўжо адпрацаваў сваё і стварыў усё, што здолеў. А няўжо мы не заслужылі льготнага праезду? Нам, вядома, крыўдна. Але яшчэ больш крыўдна, калі на роўных з дзядзькам плаціць за праезд у аўтобусе дзіця. Яно займае у 5 разоў меней месца, але плаціць з бацькоўскага заробку, колькі і дарослы чалавек. Я размаўляў з людзьмі сярэдняга дастатку, і жанчына, якая працуе ў краме, расказала, што мае заробак у 700 тысяч рублёў і двое дзяцей. І яна яшчэ павінна добра пралічыць, ці набыць дзецям праязныя квіткі, каб адправіць іх у секцыю. Нам, ветэранам, за дзяцей крыўдна. — Але льготы на праезд у кампетэнцыі мясцовых Саветаў, а вы якраз дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. — Я падымаў гэтае пытанне на сесіі. Мне адказалі: прабачце, але на гэта не прадугледжаны сродкі ў бюджэце. Ад варот паварот. Але хачу, каб ведалі, што нас гэта хвалюе, турбуе. Няхай ужо мы, пенсіянеры, як-небудзь пражывем без гэтай ільготы, але дзеці — гэта ж сапраўды наша будучыня. — Вы гаворыце пра страты, але выказваеце шчырую падтрымку кіраўніцтву краіны. — Усе пазнаецца і ацэньваецца ў параўнанні. Я пражыў жыццё, мне неўзабаве 75 гадоў. Я ўсё бачыў: розныя рэжымы, усялякую палітыку. Я нямала бываў за мяжой і цяпер назіраю, як жывуць нашы блізкія і далёкія суседзі. Няма навокал такой краіны, якая б адчувала сябе так жа ўпэўнена, як наша Беларусь. Няма такой краіны, якой бы зайздросцілі, як нашай. Гэта наш гонар і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Нават пры недахопах і стратах. — Напэўна, заўсёды важнае пытанне для пенсіянераў — магчымасць працаваць. — Я браў удзел у з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў і на свае вушы чуў выступленне Прэзідэнта. Ён як на душу паклаў свой клопат пра ветэранаў вайны і працы. Сказаў, каб не чапалі пенсіянераў — дастаткова ў нас працоўных месцаў. І ўсім, хто хоча працаваць і адказна ставіцца да сваё працы, трэба дапамагчы, а не абмяжоўваць. Гэта правільна, але ёсць і іншы перакос. Напрыклад, мой працоўны каэфіцыент складае 2,87. Але як толькі я пераступіў парог працы — толькі 1,3. Чаму? Калі я зарабіў пенсію — заплаціце. Калі я магу яшчэ працаваць — аддайце мой заробак. Мне здаецца, што гэта варта паправіць. Але калі далей казаць пра здабыткі, то паглядзіце — колькі мы за апошні час пабудавалі ў Магілёўскай вобласці! Лядовыя палацы ў Магілёве і Бабруйску, лёгкаатлетычны і гімнастычны комплексы ў абласным цэнтры. А колькі жылля! Зроблена столькі, што заслугоўвае добрай ацэнкі. І ўпэўненасці, што мы здолеем зрабіць яшчэ болей. Таму і на Усебеларускім сходзе, я ўпэўнены, мы прымем добрую праграму на будучыню, а потым і выканаем яе. У Магілёўскай вобласці сёння 34% ад усіх выбаршчыкаў складаюць ветэраны, пенсіянеры. Пытанні ў іх ёсць, але і пазіцыя на выбарах цвёрдая. — Сёлета мы адзначалі 65-ую гадавіну Перамогі. — Ніводны са сведак вайны не застаўся забытым, нікога з ветэранаў вайны не абмінулі. Безумоўна, зноў былі просьбы і крыўды, але 90% былі выказаны не ветэранамі, а іх дзецьмі, унукамі, сваякамі. Некаму, напрыклад, захацелася атрымаць міні-трактар. Аднак выявілася, што ў самога ветэрана зямлі толькі 6 сотак з пабудовамі. А просьбу насамрэч напісала ўнучка. Так што спекулятыўныя перакосы былі, і мы ўдзячныя абласной уладзе, што такія звароты аддавалі на справядлівы разгляд у ветэранскія арганізацыі. — Моладзь заўсёды прагне перамен да лепшага, а старэйшае і вопытнае пакаленне дбае пра захаванне здабыткаў. Як вам бачыцца сітуацыя з гэтай супярэчнасцю ў нашым грамадстве? — Няма сумненняў, што ў першую чаргу трэба захаваць тое, што ёсць. Ветэраны — за стабільнасць нашай дзяржавы. А лепшая будучыня — хто ж яе не жадае для сябе і сваіх дзяцей? Усе, і мы таксама. Мы спадзяёмся, што павялічыцца пенсійнае забеспячэнне. Эканамічныя падставы, я лічу, для гэтага ёсць. Ёсць упэўненасць, што заўтра будзе лепей, чым сёння. Хоць, калі шчыра, і сёння нармальна. — Калі ў вас будзе магчымасць выступіць на сходзе, што вы скажаце яго ўдзельнікам і кіраўніцтву краіны? — Падзякую за тое, што маем. Выкажу надзею, каб больш не было страт. Што было — тое было, будзем жыць і працаваць далей. Я б звярнуўся да людзей: няхай кожны робіць усё магчымае, каб адчуваць сябе лепей у нашай незалежнай і квітнеючай краіне. Гутарыла Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль Любчанка — старшыня Савета Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Ён родам з глыбінкі Чавускага раёна. Бацька...
|
|