Імператар разбурыў, а мы адбудуем?..
17.11.2010
—
Новости Общества
|
Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў правёў экскурсію для журналістаў па будучыні Брэста Брэсцкі мэр Аляксандр Палышанкоў запрасіў журналістаў на прэс-канферэнцыю і правёў яе каля стэндаў з эскізамі будучых атэляў, гандлёвых цэнтраў, жылых забудоў, мастоў і іншых аб'ектаў, якія пакуль што існуюць толькі ў чарцяжах праекціроўшчыкаў. Кіраўнік гарадской улады пераходзіў ад аднаго стэнда да другога, знаёміў са зместам карцінкі, расказваў пра планы яе правядзення ў жыццё, пра інвестараў і іншыя крыніцы фінансавання. Некаторыя праекты выглядалі вельмі цікава. Масты Масты — гэта ці не праблема №1 у Брэсце. Заторы на дарогах, якія ўтвараюцца кожны дзень у гадзіну "пік", сталі вынікам у тым ліку і недахопу мастоў праз Мухавец. Новыя пуцеправоды для сувязі зарэчнай часткі горада з цэнтрам проста неабходныя. Больш за тое, мы даведаліся, што плануецца ўзвядзенне так званага Заходняга аб'езда ад "Варшаўскага моста" на вуліцу Зубачова, затым на вуліцу Смірнова. Будаўніцтва на гэтым шляху двух мастоў будзе прафінансаванае Міністэрствам транспарту і камунікацый, спадзяюцца ў гарвыканкаме. А жыхары паўднёвай часткі горада вельмі чакаюць гэтых мастоў, бо дабрацца зараз на працу як сваім, так і грамадскім транспартам выходзіць удвая даўжэй, чым было яшчэ гады два-тры таму. А яшчэ мэр паведаміў, што будзе адноўлены мост праз Буг да польскага Цярэспаля. Тады суседзі змогуць прыйсці да нас (мост стане пешаходным) наведаць нашы гандлёвыя цэнтры, паплаваць у нашых басейнах, пазаймацца ў трэнажорных і іншых спартыўных залах. І мы, значыць, атрымаем магчымасць наведаць Польшчу без памежных чэргаў. Спорт і турызм Калі чакаем гасцей і робім стаўку на турызм, то відавочна, павінны развіваць спартыўную базу і далей, хоць Брэст у гэтым сэнсе і без таго наперадзе іншых абласных цэнтраў. Зусім хутка ў горадзе з'явіцца адкрыты штучны лёд. Ён будзе заліты паміж палацамі спорту — лядовым і водных відаў. Інвестар з Германіі ўкладвае ў абсталяванне каля 500 000 еўра. Запланавана мадэрнізацыя фізкультурна-аздараўляльнага комплексу ў мікрараёне "Усход". На гэты конт ёсць прапанова брэсцкіх архітэктараў і іх літоўскіх калег. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў старых сценах з'явяцца аквапарк, боўлінг, а таксама рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў. У гарадской улады ёсць намеры мадэрнізацыі школьных стадыёнаў, каб на іх маглі займацца не толькі школьнікі, але і жыхары бліжэйшых кварталаў. Пакуль у праекце тры такія спартыўныя міні-цэнтры, далей — будзе болей. У Брэсце не хапае гасцініц. І ў гэтым кірунку патрэбна працаваць. Будаўніцтва атэляў плануецца па вуліцах Чырванасцяжнай, Савецкай, на рагу вуліц Гогаля і Фаміна, магчыма, на вуліцы Ленінградскай. А на Савецкай плануецца ўзвядзенне пяцізоркавага атэля з удзелам чэшскага капіталу. Жыллё Аляксандр Палышанкоў на пытанне пра жыллёвае будаўніцтва найперш прывёў такія лічбы: на пачатак бягучай пяцігодкі ў абласным цэнтры была 17-гадовая чарга на атрыманне жылля, цяпер тэрмін чакання скараціўся да 7-8 гадоў, а за наступныя пяць гадоў чарга павінна мець адрэзак чакання ў тры гады. Пяць гадоў таму ў Брэсце было 6400000 квадратных метраў жылля. За ўказаны час мы прыраслі на 20 адсоткаў, а ў наступныя пяць гадоў запланавана пабудаваць яшчэ больш. Плануецца асвоіць новы сучасны метад будаўніцтва — гэта так званая няздымная апалубка. Такая тэхналогія дазволіць узводзіць якасны 60-кватэрны жылы дом за пяць тыдняў. Ужо налета пачнецца забудова старога раёна Трышына ўздоўж вуліцы Маскоўскай. Мінская кампанія "КМК-Інвест" пабудуе тут 50000 квадратных метраў жылля. З узвядзеннем новага жылля заўсёды паўстае праблема парковак. У будучым годзе нам паабяцалі пабудаваць першыя 10 паркінгаў на 99 машын кожны. Калі праект сябе апраўдае, то наступным крокам стане будаўніцтва яшчэ 44 такіх жа паркінгаў. Паміж мінулым і будучым Што і казаць, бліскучай атрымалася экскурсія мэра па аб'ектах старога Бярэсця. Наш гораданачальнік ведае на памяць усе даты, усіх гістарычных асоб даўніны. "Горад быў пабудаваны візантыйскімі майстрамі і па прыгажосці мала чым саступаў Кракаву і Празе таго часу, — гаварыў Аляксандр Сяргеевіч. — Менавіта Брэст першым з беларускіх гарадоў атрымаў Магдэбургскае права. Тут чаканілі грошы, збіралі падаткі, у нас была свая друкарня, свой Сейм. У Брэсце распрацавалі план ваеннай кампаніі 1410 года, вынікам якой з'явілася Грунвальдская бітва і перамога. У ХІV—ХVІ стагоддзях Бярэсце было найбуйнейшым горадам ВКЛ. Наш горад плаціў у казну княства болей, чым Коўна, Уладзіміра-Валынск, Мінск і Смаленск разам узятыя. Узносы Бярэсця перавышалі ўзносы Кіева. Калі расійскім імператарам было прынята рашэнне аб пераносе горада, у Бярэсці пачаліся масавыя хваляванні. Свядомыя гараджане патрабавалі сабраць чарцяжы і схемы пабудоў старога горада. І яны захаваліся. Таму старое Бярэсце не страчана канчаткова, яно можа быць узноўлена", — падвёў рысу мэр пад гістарычным экскурсам. Разам з узвядзеннем цярэспальскага моста плануецца прывесці ў парадак востраў Пагранічны — месца старога горада. Там запланавана ўзнавіць некалькі гістарычных комплексаў — манастыроў брыгітак, ён існаваў да 1946 года, бернардынцаў і бернардынак. У гэтых будынках могуць размясціцца Дом грамадзянскіх абрадаў, музей горада, кавярні, гасцініцы. Бетону больш, а зеляніны... Сапраўды, многія праекты і задумкі гарадской улады і архітэктараў падаліся вельмі прывабнымі. Ну як не парадавацца таму, што рачны порт будзе вынесены за рысу горада і прама па цэнтральных вуліцах перастануць дыміць шматтонныя грузавікі з пяском і шчэбнем? Але і на прывабных эскізах, калі прыгледзецца, відаць як горад паступова і настойліва апранаецца ў бетон а трава і дрэвы знікаюць. Гарадскія ўлады патрацілі гады і нервы на пошук інвестараў для рэканструкцыі ачысных збудаванняў. Перабудова і паляпшэнне гарадскіх ачысных павінна прывесці да таго, што з вуліц знікне непрыемны пах, ад якога горад літаральна пакутуе апошнімі гадамі. Але гэты смурод, магчыма, не так адчуваўся б, каб у горадзе было больш зялёных астраўкоў. А іх усё менш. Вось і Дом друку нядаўна абгарадзілі па самы ганак жоўтым жалезным плотам. Некалі нядрэнны архітэктар намаляваў гэты дом у выглядзе раскрытай кнігі. Відаць, той самы праекціроўшчык прадугледзеў, што форму кнігі працягвае зялёны лужок з дрэвамі, які дастаяў да гэтага часу. Дрэў тут патрэбна яшчэ больш, бо ўлетку ў гэтым месцы на самым ажыўленым участку адной з цэнтральных трас вісіць сапраўдны смог. "Тут будзе ўзведзены будынак усіх падатковых інспекцый горада. Пытанне вырашана", — адказаў карэспандэнту "Звязды" мэр. І ўжо наступнае пытанне наконт адпаведнасці гэтай высознай каробкі архітэктуры вуліцы Малая, якую яна закране, задаваць не было каму. Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў правёў экскурсію для журналістаў па будучыні Брэста
|
|