Або раней, або "прыбаўка". 21.by

Або раней, або "прыбаўка"

18.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Як вядома, з пачатку мінулага года ў Беларусі замест сістэмы датэрміновых пенсій за работу ў асаблівых умовах і за выслугу гадоў было ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне. Прычым, нягледзячы на даволі працяглы час з моманту новаўвядзенняў, незразумелых нюансаў тут застаецца шмат. Каго датычыцца прафесійнае страхаванне, хто павінен плаціць на яго ўзносы і якія віды прафесійных пенсій прадугледжвае наша заканадаўства — вось толькі некаторыя і па-сапраўднаму папулярныя пытанні. Разабрацца ж з імі мы паспрабуем з дапамогай намесніка кіраўніка Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталлі Мікалаеўны ШАЎЛОЎСКАЙ.

Шахцёр, жывёлавод, артыст

Для пачатку варта заўважыць: прафесійнае пенсійнае страхаванне датычыцца работнікаў, якія занятыя ў асаблівых умовах працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці. У прыватнасці, гэта грамадзяне, занятыя на вызначаных Спісам № 1 і Спісам № 2 работах, работніцы тэкстыльнай вытворчасці паводле спецыяльнага пераліку, некаторыя катэгорыі медыцынскіх і педагагічных работнікаў, артыстаў, работнікаў лётнага і лётна-выпрабавальнага саставу, жывёлаводы, даяркі, трактарысты ў сельгасвытворчасці і г.д.

— Тут нялішне звярнуць увагу на наступны і вельмі важны момант, — зазначае Наталля Шаўлоўская. — Пры прафесійным пенсійным страхаванні выкарыстоўваюцца Спісы №1 і №2, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў №536 ад 25 мая 2005 года, а таксама пералікі работ, прафесій і пасад работнікаў, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў №1490 ад 9 кастрычніка 2008 года.

Па розных "кошыках"

Выплата прафесійных пенсій робіцца з самастойнай, строга мэтавай крыніцы. Гэтай крыніцай з'яўляюцца пенсійныя зберажэнні застрахаванай асобы, якія складаюцца са спецыяльных узносаў работадаўцаў, а таксама з даходаў ад размяшчэння гэтых узносаў у банку. Прычым агульныя сродкі сацыяльнага страхавання на прафесійныя пенсіі не накіроўваюцца. І ў сваю чаргу сродкі прафесійнага пенсійнага страхавання на выплату іншых відаў пенсій таксама не ідуць.

— Узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне плацяць работадаўцы, якія прадстаўляюць работу ў асаблівых умовах працы паводле працоўных дагавораў, — адзначае Наталля Шаўлоўская. — І тыя ж работадаўцы абавязаныя падаваць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва звесткі аб застрахаваных асобах, неабходныя для вядзення прафесійнай часткі індывідуальных асабістых рахункаў. Маюцца на ўвазе звесткі аб перыядах занятасці ў асаблівых умовах працы і аб выплаце ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне за гэтыя перыяды. Падобныя звесткі заносяцца Фондам у індывідуальныя рахункі застрахаваных і з'яўляюцца падставай для выдачы дакументаў аб працягласці прафесійнага стажу.

Памеры вызначаць узносы

Непасрэдна памеры прафесійных пенсій у любым выпадку вызначаюцца зыходзячы з сумы зберажэнняў на прафесійнае пенсійнае страхаванне. Звесткі аб суме гэтых зберажэнняў утрымліваюцца зноў жа на індывідуальным асабістым рахунку кожнай застрахаванай асобы.

Прычым цікава: заканадаўствам прадугледжваюцца два віды прафесійных пенсій — датэрміновая і дадатковая.

— Датэрміновая прафесійная пенсія можа выплачвацца да дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту, які, як вядома, складае 60 гадоў для мужчын і 55 гадоў — для жанчын, — распавядае Наталля Шаўлоўская. — Каб атрымаць права на датэрміновую прафесійную пенсію, застрахаваная асоба павінна мець пэўную працягласць прафстажу. Для кожнай катэгорыі гэта працягласць свая. У прафстаж залічваецца работа ў асаблівых умовах, а таксама час працоўнага водпуску (калі такі водпуск быў непасрэдна за работай у асаблівых умовах). Аднак трэба падкрэсліць: робіцца залік толькі той работы і тых водпускаў, за перыяд якіх работадаўцам плаціліся ўзносы.

Што ж да дадатковай прафесійнай пенсіі, то яна прызначаецца ўжо пасля дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту — зыходзячы з "прафесійных" зберажэнняў і ў дадатак да пенсіі з "агульных" сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

"Старыя правілы" пакуль не зніклі

Прызначэнне і выплата дадатковых прафесійных пенсій у Беларусі ўжо распачаліся. Іншая гаворка — аб датэрміновых прафесійных пенсіях. Пакуль яны не прызначаюцца. І па вельмі простай прычыне: права на гэтыя пенсіі ўзнікае пры наяўнасці не менш чым паловы неабходнага прафесійнага стажу. А фарміраванне прафесійнага стажу распачалося не так даўно — з 1 студзеня мінулага года.

— Разам з тым прафесійны стаж улічваецца пры прызначэнні датэрміновых працоўных пенсій па ранейшых правілах: пры ўмове, што застрахаваная асоба дае згоду на пералічэнне сваіх пенсійных зберажэнняў (іх часткі) для кампенсацыі выдаткаў на выплату датэрміновай працоўнай пенсіі ў перыяд да дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту, — кажа Наталля Шаўлоўская. — Адзін з прыкладаў. Для прызначэння пенсіі па выслузе гадоў настаўніцы-жанчыне неабходна мець 25 гадоў спецыяльнага стажу ў школе. Па стане на 1 студзеня 2009 года працягласць такога стажу склала 23 гады і 6 месяцаў. Пасля 1 студзеня мінулага года жанчына працягвала працаваць настаўніцай у школе і, паводле заканадаўства, на яе стала распаўсюджвацца прафесійнае пенсійнае страхаванне — з выплатай узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне работадаўцам. У такіх варунках прафесійны стаж можа прымацца да ўвагі пры прызначэнні пенсіі па выслузе гадоў — пры згодзе настаўніцы на пералічэнне пенсійных зберажэнняў у агульную пенсійную сістэму.

Недакладнасці каштуюць грошай

Права на датэрміновыя і дадатковыя прафесійныя пенсіі не ў апошнюю чаргу залежыць ад таго, наколькі дакладна работадаўцы пададуць неабходныя звесткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Любыя "збоі" тут могуць мець самыя негатыўныя наступствы, і ў тым ліку — перагляд памераў пенсій ці нават спыненне іх выплат.

— Каб пазбегнуць падобных наступстваў, работадаўцы павінны вырашаць усе пытанні, датычныя прафесійнага пенсійнага страхавання, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам, — падкрэслівае Наталля Шаўлоўская. — Работадаўцы абавязаныя своечасова і якасна правесці ацэнку ўмоў працы на кожным працоўным месцы, скласці і зацвердзіць з удзелам прафсаюзаў пералік месцаў з асаблівымі ўмовамі працы, наладзіць улік працоўнага часу ў асаблівых умовах кожнай застрахаванай асобы, безумоўна і дакладна плаціць ўзносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне, падаваць у органы Фонду дакладныя звесткі пра перыяды занятасці застрахаваных асоб у асаблівых умовах і пра выплачаныя за гэтыя перыяды ўзносы. І, дарэчы, можна нагадаць: за непадаванне ў вызначаныя тэрміны дакументаў, справаздач, звестак і іншых матэрыялаў насуперак патрабаванням заканадаўства або за падаванне дакументаў, якія ўтрымліваюць загадзя недакладныя звесткі, у нас прадугледжаная адказнасць на падставе артыкула 23.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Пры гэтым пракантраляваць дакладнасць звестак могуць і самі работнікі. Так, права застрахаваных асоб на атрыманне ў работадаўца інфармацыі аб налічаных і выплачаных узносах на прафесійнае пенсійнае страхаванне, а таксама інфармацыі аб прафесійным стажы вызначана ў 18 і 19 артыкулах Закона аб прафпенсіях. Апроч таго, застрахаваныя асобы могуць пацікавіцца звесткамі аб стане свайго індывідуальнага асабістага рахунка непасрэдна ў органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Сапраўды, прафесійнае пенсійнае страхаванне — справа параўнальна новая, — адзначае Наталля Шаўлоўская. — І зразумела, што тут у работадаўцаў узнікаюць пытанні, звязаныя і з выкарыстаннем пералікаў катэгорый работнікаў, на якіх распаўсюджваецца прафесійнае пенсійнае страхаванне, і з крытэрыямі ацэнкі ўмоў працы. У сувязі з гэтым можна заўважыць: кантроль за правільнасцю выкарыстання гэтых пералікаў і крытэраў упаўнаважаныя здзяйсняць адпаведныя органы дзяржаўнага кіравання: напрыклад, у дачыненні медыцынскіх работнікаў — Міністэрства аховы здароўя, у адносінах да педагагічных работнікаў — Міністэрства адукацыі, у дачыненні работнікаў сельгасвытворчасці — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. І ў выпадку тых ці іншых сумненняў работадаўцам неабходна проста звярнуцца ў гэтыя органы па кансультацыю.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, з пачатку мінулага года ў Беларусі замест сістэмы датэрміновых пенсій за работу ў асаблівых умовах і за выслугу гадоў было ўведзена прафесійнае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика