Галоўная перавага беларускіх лекаў — іх кошт. 21.by

Галоўная перавага беларускіх лекаў — іх кошт

25.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...але галоўнае месца на вітрынах недзяржаўных аптэк займаюць замежныя аналагі

"Чаму ў прыватных аптэках праблематычна знайсці танныя беларускія лекі?" — са зваротаў, што паступаюць у Міністэрства аховы здароўя і тычацца лекавага забеспячэння насельніцтва, гэта пытанне — адно з самых распаўсюджаных. Як вядома, існуе пералік лекавых сродкаў беларускай і расійскай вытворчасці, абавязковых для наяўнасці ў аптэках усіх формаў уласнасці. Гэты пералік зацвярджаўся для таго, каб найбольш поўна задаволіць попыт насельніцтва на даступныя па цане лекавыя прэпараты. Аднак на самай справе мінімальны абавязковы асартымент беларускіх лекаў прысутнічае ў недзяржаўных аптэках далёка не заўсёды. Прычыны зразумелыя: прадаваць танныя айчынныя лекі, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, для ўладальнікаў прыватных аптэк нецікава. Прыбытку яны не прыносяць.

— Дзяржаўныя аптэкі прадаюць прыкладна 68 працэнтаў прадукцыі беларускіх вытворцаў, а прыватныя — толькі каля 11 працэнтаў, — паведаміла на рэспубліканскай нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням абароту лекавых сродкаў на беларускім фармацэўтычным рынку, начальнік упраўлення забеспячэння знешнеэканамічнай дзейнасці і маркетынгу канцэрна "Белбіяфарм" Таццяна ТУМЕЛЯ. — А ўсё астатняе рэалізуецца непасрэдна ўстановам аховы здароўя.

Яшчэ адна прычына зацікаўленасці прыватных аптэк у рэалізацыі, галоўным чынам, імпартных лекаў — добрая пазнавальнасць многіх замежных безрэцэптурных прэпаратаў, у рэкламу якіх укладаюцца вялізныя сродкі, плюс зацікаўленасць у іх прасоўванні медыцынскіх работнікаў, якія заахвочваюцца прадстаўніцтвамі замежных фармацэўтычных кампаній. Скажыце, ці часта вы бачылі на вітрынах у недзяржаўных аптэках беларускія лекі? Часцей за ўсё, каб набыць той ці іншы беларускі прэпарат, трэба пацікавіцца яго наяўнасцю ў фармацэўта. Але даволі часта пакупнік, калі няма на вітрыне беларускага прэпарата, набывае больш дарагі імпартны яго аналаг, выстаўлены на самым бачным месцы ў аптэцы...

— Сёлета мы істотна павялічылі аб'ёмы рэкламы айчынных лекавых сродкаў на тэлебачанні, у друкаваных СМІ і на транспарце, аднак доля безрэцэптурных прэпаратаў, якія дазваляецца рэкламаваць у неспецыялізаваных сродках масавай інфармацыі, складае ў нашым асартыменце толькі каля 30 працэнтаў, — дадала Таццяна Тумеля. — Для прасоўвання рэцэптурных прэпаратаў трэба больш актыўна задзейнічаць спецыялізаваныя медыцынскія выданні, ладзіць семінары для ўрачоў і ўладальнікаў аптэк на базе прадпрыемстваў нашага канцэрна, больш актыўна ўдзельнічаць у канферэнцыях для "вузкіх" спецыялістаў, што мы і плануем рабіць.

Па звестках экспертаў фармацэўтычнага рынку, адзін жыхар Беларусі, робячы пакупку ў аптэках, пакідае там у сярэнім1,8 долара. Сярэдні кошт адной упакоўкі імпартнага лекавага сродку склаў у 2009 годзе ў нашай краіне 3,18 долара ЗША, а беларускіх лекаў — 0,66 долара. Айчынныя лекі намнога больш танныя, чым іх імпартныя аналагі: цана на беларускі прэпарат можа быць меншай аж у 10 разоў. Дастаткова параўнаць цану беларускага і імпартнага рэмантадзіну, прызначанага для прафілактыкі і лячэння грыпу...

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко не бачыць сэнсу ў тым, каб у адной аптэцы былі прадстаўлены адначасова 10-15 аналагаў аднаго лякарства, тым больш калі ў Беларусі наладжаны выпуск свайго аналагу замежнага лякарства.

— Усе назвы джэнерыкаў не ведаюць нават урачы, таму, паважаныя кіраўнікі фірм-пастаўшчыкоў, прааналізуйце, калі ласка, рацыянальнасць вашых валютных выдаткаў! — падкрэсліў Васіль Жарко. — Не дапускайце іх росту, а яшчэ лепш — зніжайце іх!

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што і прадпрыемствы канцэрна "Белбіяфарм" не заўсёды своечасова задавальняюць заяўкі аптэчных сетак на пастаўку тых ці іншых сваіх прэпаратаў. Напрыклад, задавальненне заявак прадпрыемстваў сістэмы "Фармацыя" заводамі канцэрна "Белбіяфарм" склала за 9 месяцаў гэтага года толькі 85,6 працэнта (за аналагічны перыяд 2009 года 89,9 працэнта).

— Летась нашы склады былі запоўненыя мукасатам, а ў гэтым годзе заяўка на яго вырасла амаль на 150 працэнтаў! І, нягледзячы на тое, што на заводзе арганізаваны трохзменны рэжым выпуску гэтага прэпарата, мы ўсё роўна не можам задаволіць усе заяўкі, — канстатавала Таццяна Тумеля. — Нам проста не хапае вытворчых магутнасцяў, у тым ліку і магутнасцяў па вытворчасці субстанцый. Хачу патлумачыць, што мы самі вырабляем субстанцыі для такіх нашых прэпаратаў, як алахол, панкрэацін і мукасат. Зразумела, што такі рост попыту на мукасат ніхто не мог спрагназаваць. Здараецца, што задавальненне заявак на пастаўку нашых лекаў адкладваецца ў часе з-за таго, што бракуюцца субстанцыі для іх вытворчасці, якія мы вымушаны імпартаваць.

Усе добра памятаюць, што рабілася год таму ў беларускіх аптэках падчас эпідэмічнага пад'ёму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Беларусы былі не на жарт напужаныя распаўсюджваннем пандэмічнага віруса, таму літаральна бралі аптэкі штурмам, дзяжурылі пад іх дзвярыма ў чаканні падвозу рэмантадзіну, імуналу, аксалінавай мазі, марлевых павязак і іншых сродкаў, якія можа было б проціпаставіць каварнаму вірусу. А калі тыя з'яўляліся, то скуплялі іх мяхамі... Беларускі процівірусны прэпарат "Арпетол" раптам атрымаў такую шырокую вядомасць (прычым без дадатковай рэкламы), што за лічаныя дні быў раскуплены шматмесячны яго запас, якога павінна было хапіць на ўвесь прастудны сезон. Каб ліквідаваць нечаканы дэфіцыт, давялося пэўны час чакаць паступлення ў Беларусь субстанцый для наладжвання выпуску дадатковых партый прэпарата.

— Даходзіла да таго, што многія прыватныя аптэкі зачыняліся з-за адсутнасці ў іх большасці неабходных лекаў, якія карысталіся ажыятажным попытам у насельніцтва, — канстатаваў міністр. — Яшчэ большая колькасць аптэк вывешвалі на вітрынах пералік лекавых сродкаў, што адсутнічалі ў рэалізацыі. Мелі месца факты закрыцця аптэк на працяглы час для правядзення інвентарызацый, перападлікаў, рамонтаў і гэтак далей. І гэта падчас эпідэміі, калі трэба было працаваць з падвоенай сілай! Сітуацыю выратавалі зноў жа дзяржаўныя аптэкі сістэмы "Фармацыя". Людзі ў аптэках і на аптэчных складах працавалі без выхадных дзён з падоўжаным працоўным графікам. Гэта сведчыць пра тое, што аптэкі недзяржаўнай формы ўласнасці не вядуць планамернай работы па арганізацыі паставак і не маюць значных запасаў лекавых сродкаў.

— Наша аптэчная сетка ў гэтым годзе цалкам гатова да сезоннага пад'ёму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі, — запэўніў генеральны дырэктар РУП "Белфармацыя" Ігар КАВАЛЬЧУК. — Былі ўлічаны ўсе памылкі мінулага года. На складах сфарміраваны незніжальны запас лекавых сродкаў, прызначаных для прафілактыкі і лячэння вострых вірусных інфекцый. Наладжаны штотыднёвы кантроль за наяўнасцю ў аптэках усіх наменклатурных пазіцый і рэалізацыяй лекавых сродкаў з мэтай своечасовага выяўлення тэндэнцый да павелічэння продажу і папаўнення запасаў. Паводле інфармацыі беларускіх вытворцаў, на заводах ёсць і рэмантадзін, і арпетол, і аксалінавая мазь, і прэпараты для комплекснага лячэння і прафілактыкі вірусных інфекцый, а таксама сыравіна для дадатковага выпуску гэтых лекаў па меры неабходнасці. Мінулагодняя сітуацыя не павінна паўтарыцца.

Ігар Кавальчук запэўніў, што падчас масавага ўсплеску прастудных захворванняў цэны на самыя "хадавыя" лекі не ўзрастуць: "Цэны залежаць ад цэн вытворцаў і курсу валют, а не ад эпідэмічнай сітуацыі, і аб'ектыўныя фактары іх росту пакуль не прадвяшчаюць".

На думку Ігара Кавальчука, для далейшага павелічэння долі айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку і скарачэння імпарту, трэба мінімізаваць дубляванне выпуску аднайменных лекавых сродкаў рознымі беларускімі заводамі і направіць іх намаганні на рэальнае пашырэнне наменклатуры за кошт засваення і выпуску запатрабаваных практычнай медыцынай сучасных прэпаратаў.

Кіраўнік РУП "Белфармацыя" паведаміў, што ў 2009 годзе сетка дзяржаўных аптэк павялічылася на 36 адзінак, за 10 месяцаў гэтага года было адкрыта яшчэ 35 аптэк. Асаблівая ўвага надаецца адкрыццю аптэк у новых мікрараёнах. Пэўным стрымлівальным фактарам для пашырэння аптэчнай сеткі з'яўляецца кадравая праблема. Укамплектаванасць кадрамі складае па сістэме "Фармацыя" 95 працэнтаў, а спецыялісты пенсійнага ўзросту складаюць 16 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў. Міністр аховы здароўя паведаміў, што ў наступным навучальным годзе будзе павялічаны набор у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і ў Магілёўскім медыцынскім каледжы, плюс адкрыта падрыхтоўка фармацэўтычных кадраў у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Намеснік старшыні Савета па пытаннях аналізу рынка лекавых сродкаў Рэспублікі Беларусь і стрымлівання росту цэн Міністэрства аховы здароўя, дырэктар ЗАТ "Уніфарм" Іван КОЗЫРАЎ падзяліўся сваім бачаннем прычын росту цэн на лекі.

— Хачу заўважыць, што ўсе кампаніі і вытворцы, у тым ліку і замежныя, якія далучыліся да мемарандуму па стрымліванні цэн на лекі, на працягу 2009—2010 гадоў не змянялі цэны прайс-ліста ў бок іх павелічэння. Аднак дастатковая колькасць кампаній, якія па тых ці іншых прычынах не падпісалі мемарандум, лічаць сябе цалкам свабоднымі ад нейкіх абавязацельстваў, таму цэны на іх прадукцыю растуць, і нярэдка вельмі істотна. Асабліва гэта тычыцца расійскіх і ўкраінскіх вытворцаў, — паведаміў Іван Козыраў. — Я лічу, што цяжка спыніць рост цэн на лекі толькі адміністрацыйнымі мерамі. Адным з пунктаў пагаднення, заключанага паміж Міністэрствам аховы здароўя і ўладальнікамі аптэк па стрымліванні рознічных цэн на лекі ў аптэчных сетках, было ўзаемадзейнічанне з кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі па забеспячэнні роўных магчымасцяў для аптэчных сетак усіх формаў уласнасці. Упэўнены, што немалаважным фактарам для стрымлівання цэн магло б стаць стрымліванне цэн на рознага роду паслугі, што аказваюцца аптэкам і аптовым прадпрыемствам. Прывяду толькі адзін прыклад: пазаведамасная ахова за 10 месяцаў гэтага года змяняла расцэнкі на свае паслугі для аптэк чатыры разы, у выніку яны выраслі ў кошце толькі ў гэтым годзе ўжо ўдвая. Між іншым, выбару ў аптэк няма: адмовіцца ад паслуг аховы немагчыма, паколькі гэта пагражае спыненнем ліцэнзіі на фармацэўтычную дзейнасць.

Таксама вельмі актуальная для аптэк і праблема высокай арэнднай платы.

— Вельмі хацелася б, каб Міністэрства аховы здароўя выступіла з ініцыятывай аб прымяненні паніжальных каэфіцыентаў да базавых ставак арэнднай платы, незалежна ад формы іх уласнасці, і аб адмене павышальных каэфіцыентаў. Давайце прапануем на час стрымлівання цэн на лекі замарозіць і цэны на ахову і камунальныя паслугі для аптэк, — звярнуўся да міністра Іван Козыраў.

Дарэчы, у бліжэйшы час Міністэрства аховы здароўя плануе размясціць інфармацыю аб конкурсных цэнах на лекі на спецыялізаваным сайце.

— Калі гэта будзе здзейснена, то ў аптавікоў і тых, хто працуе ў розніцы, будуць усе падставы заявіць замежнай кампаніі, якая завышае цэны, што ёсць пэўная конкурсная цана, па якой і трэба пастаўляць лякарствы ўсім удзельнікам фармрынку, незалежна ад формы іх уласнасці, — падзяліўся з калегамі сваім бачаннем сітуацыі Іван Козыраў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...але галоўнае месца на вітрынах недзяржаўных аптэк займаюць замежныя аналагі "Чаму ў прыватных аптэках праблематычна знайсці танныя беларускія лекі?" — са...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика