За сваё месца пад сонцам
17.12.2010
—
Новости Общества
|
— Скажыце, у якія часы беларусам жылося лепш, чым сёння? Хоць маладыя ківаюць на Германію, маўляў, там лепш... А чаго дабіваецца Масква? — спытала па тэлефоне Галіна Дыдышка з Ляхавічаў. Як і многія чытачы "Звязды" Галіна Канстанцінаўна цікавіцца палітыкай, а паколькі праз некалькі дзён адбудуцца выбары прэзідэнта Беларусі, то без палітыкі не абысціся. На мінулым тыдні адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, былі падпісаны двухбаковыя пагадненні, а таксама дамоўленасці ў фармаце АДКБ. Хоць Мінск і Масква прыйшлі да кансенсусу па эканамічных пытаннях, але стала зразумела, што ў кожнай краіны ёсць свае інтарэсы, якія часам не супадаюць, і асабліва гэта добра праглядваецца ў эканоміцы. І ў той жа час стала ясна, што Масква не можа адступіць ад Беларусі, якая з'яўляецца на постсавецкай прасторы адным з ключавых звенняў. Калі чуеш, што Беларусь не можа абысціся без Расіі, то і апошнюю, улічваючы яе палітычныя амбіцыі, немагчыма ўявіць без Беларусі. Спадзявацца, што ў межах Мытнага саюза будуць дзейнічаць добрасуседскія, не кажучы ўжо пра братэрскія, адносіны не прыходзіцца. Дыктаваць правілы гульні будзе рынак, і давядзецца канкурыраваць — кожнай краіне адстойваць свае інтарэсы. А "анішчанкі" заўсёды знойдуцца. Помніцца, як пры стварэнні Мытнага саюза кіраўніцтва Расіі неаднаразова заяўляла, што ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) Расія, Беларусь і Казахстан будуць уступаць разам. А потым аказалася, што Расія ў СГА ўступае самастойна і не ўспамінае ўжо пра партнёраў па Мытным саюзе. Расія атрымае прэферэнцыі ў гандлі з іншымі краінамі, а ў якой сітуацыі апынецца Беларусь? Гэта яшчэ адзін напамін, што ў нашым жорсткім свеце неабходна змагацца за сваё месца пад сонцам. І спроба замяніць расійскую нафту венесуэльскай — гэта імкненне выстаяць, даць адпор дыктату. Венесуэла далёка, даставіць нафту да Беларусі няпроста, але ў любым эканамічным праекце ёсць і палітычная падкладка. Калі побач такі магутны сусед, то ці шмат варыянтаў для выжывання ёсць у невялікай краіны? Можна было б збыць расійскаму капіталу нафтаперапрацоўчыя заводы і сядзець спакойна, але той капітал не супакоіцца, пакуль не прыбярэ да рук апошні малаказавод, моцны сельгаскааператыў... усё, што дае прыбытак. А вялікая колькасць прадпрыемстваў і гаспадарак застанецца незапатрабаванай, і тады абавязкова ў людзей знойдзецца вораг, які пазбавіў іх працы, надзеі, ілюзій. Нам неабходна не толькі адстойваць эканамічныя пазіцыі, але і думаць пра аўтарытэт краіны на палітычнай карце свету. І ў святле гэтага накіраванае кіраўніцтвам краіны і каталіцкімі епіскапамі запрашэнне Папу Рымскаму наведаць Беларусь неабходна толькі вітаць. Я разглядаю гэта не праз прызму рэлігійнасці, а праз суверэнітэт краіны. Прыезд пантыфіка будзе падзеяй і не пройдзе незаўважным у свеце — сыграе на аўтарытэт Беларусі. Ёсць такая краіна! Магчыма, камусьці такі крок не будзе па душы, але ў Тварца няма на планеце Зямля межаў, якія дзялілі б людзей па рэлігійных ці расавых прыкметах: гэта яны самі, насуперак волі Бога, усё заблыталі. Сустрэча ў Маскве ўнесла яснасць і ў выбарчую кампанію прэзідэнта Беларусі. З экранаў тэлевізараў той-сёй з кандыдатаў сцвярджаў, што Расія не прызнае выбары. Сёння стала відавочным, што такога пытання не існуе. У Крамлі вырашылі, што "ад дабра дабра не шукаюць", і ў апазіцыі ўжо не павінна быць нават ілюзій наконт выбараў 19 снежня. Адносна заўвагі чытачкі з Ляхавічаў, "калі яшчэ беларусы так добра жылі?", то на гэтае пытанне могуць адказаць не маладыя, а тыя, хто ўжо ў сталым узросце. І нядзіўна, што чым старэйшы чалавек, тым больш хваліць сённяшняе жыццё. А гэта звязана з тым, што яму давялося на сваім вяку пажыць пры розных уладах і зведаць "шчасця" польскага, нямецкага і савецкага, а мая бабуля памятала і царскае — лучыну замест лямпы. Самы стабільны перыяд быў пры Л. Брэжневе. Людзям пачалі даваць пенсіі, калгаснікам выдалі пашпарты... але давайце правядзём паралелі, параўнаем той час з сённяшнім днём. Некалі, калі жанчына нарадзіла дзіця, то да родаў знаходзілася на бальнічным, здаецца, 56 дзён і столькі ж пасля родаў — вось і ўсё. У наш час жанчына, нарадзіўшы дзіця, атрымлівае грашовую дапамогу на працягу трох гадоў і, як правіла, у гэты перыяд не працуе. У часы "застою" я працаваў у Мастацкім фондзе і атрымліваў добрую зарплату, але што я мог купіць? Мэблю размяркоўвалі па прадпрыемствах, і жонцы ўдалося "ўхапіць" спальны гарнітур. Дачы будаваць усім ахвотным не давалі, і я, купіўшы ў вёсцы хатку, не меў на яе дакументаў і толькі ў час "перабудовы" аформіў іх. Каб пабудаваць гараж, неабходна было мець аўтамашыну, якую трэба было ў чарзе чакаць гадамі. А ўжо купіўшы "Масквіч" ці "Жыгулі", твой статус у грамадстве падымаўся на некалькі ступеняў. Сёння ёсць усё — былі б грошы. А іх далёка не ўсе могуць зарабіць. Вось у гэтым і бяда многіх. Але, як ні дзіўна, людзі будуюцца, купляюць аўтамашыны, мэблю... У доме, у якім я жыву — адны пенсіянеры, але мяняюць драўляныя вокны на пластыкавыя, дзверы — на металічныя, прычым не самыя танныя. А калі чуеш, што сям'я жыве на адну пенсію, а другую адкладвае, то робіш вывад — на плошчу вывесці нашага чалавека можа толькі нейкая невядомая нам сіла. Давайце паглядзім на нашы райцэнтры, якімі яны былі і як непазнавальна змяніліся за часы незалежнасці. Паўсталі з руінаў і аднаўляюцца замкі і палацы ў Нясвіжы, Міры, Лідзе, Косава, Ружанах... У Савецкім Саюзе беларуская перыферыя была запушчанай, хоць пафасу хапала — крочылі "ад перамогі да перамогі". Я за Беларусь адноўленую — за тую, якая будзе. Што датычыць маладых, якія паглядзелі на жыццё ў Нямеччыне, то іх зразумець можна. Ім хочацца жыць добра і ў дастатку. Дачка маёй знаёмай даглядае ў Францыі нямоглага і атрымлівае па нашых мерках добрыя грошы. Сёлета наведала бацькоў і паскардзілася: "Яны там нас за людзей не лічаць". А каб лічылі, то неабходна найперш адчуць сябе грамадзянінам і будаваць годнае жыццё дома. Іншага шляху няма. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Скажыце, у якія часы беларусам жылося лепш, чым сёння? Хоць маладыя ківаюць на Германію, маўляў, там лепш... А чаго дабіваецца Масква? — спытала па тэлефоне Галіна... |
|