Дамоклавы... ледзяшы. 21.by

Дамоклавы... ледзяшы

06.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Куды звяртацца, калі на вашым даху вісіць вялізны лядзяш? Як павінны быць агароджаны месцы магчымага падзення лёду з дахаў? І што рабіць, калі ўздоўж дамоў "страшна хадзіць"?

Варта толькі падняць галаву ўгару, ідучы па вуліцы Хмяльніцкага, каб убачыць на карнізе пяціпавярховіка вялізныя ледзяныя іголкі. Мінакі па вуліцы праходзяць хуткімі крокамі, хто-ніхто прыкрывае галаву папкай ці сшыткам.

— Мне, па шчырасці, страшна тут хадзіць, — кажа на бягу студэнтка Алена. — Я аднойчы спяшалася на экзамен і перада мной упала глыба снегу разам з ледзяшамі. Было вельмі страшна... Я пасля толькі па цэнтры тратуара ўвесь дзень хадзіла.

— Гэта проста жах, — абураецца Марына. — Даводзіцца перасоўвацца кароткімі перабежкамі.

Падобная сітуацыя з ледзяшамі і ў дворыках па вуліцы Я. Коласа, а таксама каля студэнцкіх інтэрнатаў БНТУ. Тое ж можна заўважыць і на Кірава. Скардзяцца на ледзяшы жыхары амаль усіх раёнаў Мінска.

І самае цікавае, што агароджаў з яркімі стужкамі і таблічкамі — папярэджаннямі альбо няма, альбо яны размешчаны так, што заўважыць іх досыць складана.

Напрыклад, на той жа вуліцы Б. Хмяльніцкага стужка прымацавана наўпрост да сцяны. Тут жа вісіць аб'ява "Асцярожна, ледзяшы!". Прачытаць яе можна, толькі падышоўшы ўшчыльную (30-50 см).

— Пакуль прачытаеш, так і зваліцца што-небудзь, — жартуюць мінакі.

Затое на вул. К. Маркса шыльдачка пра небяспечнасць ледзяшоў стаіць нават летам...

— Ну, зрываюць жа гэтыя стужкі, — бурчыць дворнік Генадзь.

— Калі яе там не было, то як яе можна было сарваць! — уступаецца вадзіцель, што чысціць машыну ад снегу.

"Мінімальная адлегласць агароджы — чатыры метры"

— Адлегласць агароджы ад сцяны залежыць ад вышыні дома. Чым яна большая, тым на больш далёкай адлегласці і будзе агароджа, — каментуе сітуацыю начальнік вытворчага аддзела Генадзь Місуна. — Калі я не памыляюся, то мінімальная адлегласць — 4 метры. Але часта так бывае, што гэта тэхнічна немагчыма зрабіць, таму што тады пешаходы павінны будуць ісці па праезнай частцы. І давядзецца вуліцу перакрываць і рабіць пешаходнай... Што, як правіла, ізноў жа нязручна і для саміх грамадзян.

— Вы ж зразумейце, збіццё ледзяшоў — справа не аднаго дня. Тым больш у сённяшняе надвор'е, калі ледзяшы растуць досыць хутка ды і снег перыядычна выпадае, — працягвае Генадзь Місуна. — Нашы жыхары хочуць, каб як толькі была пададзена заяўка ў ЖЭС, то проста на іх вачах і ўмомант ледзяшы збілі. Але ў нас жа ёсць і свой план. Зараз у горадзе працуе ад 200 да 250 чалавек супрацоўнікаў ЖЭСаў і ЖРЭА, якія займаюцца ледзяшамі, а таксама 60 прамысловых альпіністаў.

Па словах спадара Місуны, ёсць і іншыя спосабы барацьбы з наледдзю на дахах.

— Магчыма прымяняць спецыяльныя рэагенты супраць абледзянення ці спецыяльныя сістэмы, што плавяць лёд. Але гэта будзе нашмат даражэй, чым праца прамысловых альпіністаў. Напрыклад, для таго, каб усталяваць сістэму, якая будзе плавіць лёд, патрэбна пракласці спецыяльныя кабелі. А гэта выдаткі на электраэнергію. І яны будуць "біць" па кішэні жыхароў.

Страшна хадзіць пад ледзяшамі — звяртайцеся ў суд

— Калі ўборка ледзяшоў уваходзіць у аплату па жыроўцы (аплата ўборкі ледзяшоў робіцца за кошт грошай бягучага рамонту. — Аўт.), то на такія сітуацыі распаўсюджваецца закон аб правах спажыўцоў, — кажа старшыня ГА "Абарона спажыўцоў" Ірына Канапліцкая. — Ёсць два моманты, з якімі можна звяртацца ў суд у сітуацыях з ледзяшамі. Першае, гэта калі непасрэдна вы былі траўмаваны лёдам, што ўпаў з даху. Не дай Бог, вядома! Тады вы з медыцынскімі заключэннямі ідзяце ў суд. Другі момант — "іск па абароне нявызначанага кола асоб". Гэта іск, калі траўмаў і ўрону не было прычынена, але вам і вашым дзецям, напрыклад, страшна штодня хадзіць пад такімі ледзяшамі... Гэтыя іскі маюць права падаваць Міністэрства гандлю, упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў, якія ёсць пры кожным райвыканкаме, а таксама грамадскія арганізацыі... Напрыклад, наша арганізацыя пасля 2-3-х такіх зваротаў таксама можа падаць іск. У выніку суд па гэтым іску прадпіша абслугоўваючай арганізацыі на працягу 3-х дзён прыбраць ледзяшы. Аднак тут ёсць адзін нюанс. Суд мае права разглядаць іскі па абароне нявызначанага кола асоб на працягу двух месяцаў. Таму цалкам верагодна, што за час разгляду вашы ледзяшы растануць самі. Да нас перыядычна звяртаюцца з такой праблемай. Але на практыцы... Складваецца такое ўражанне, што пакуль нехта ізноў не атрымае сур'ёзную траўму, як гэта было летась, праблема з ледзяшамі так і застанецца на тым жа месцы.

Настасся Занько.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Куды звяртацца, калі на вашым даху вісіць вялізны лядзяш? Як павінны быць агароджаны месцы магчымага падзення лёду з дахаў? І што рабіць, калі ўздоўж дамоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика