Дваровыя пабудовы. Лазня
08.02.2011
—
Новости Общества
|
З даўніх часоў славяне будавалі невялікія драўляныя пабудовы для мыцця — лазні. Паводле народных павер'яў, лазня — неабходнае ў сялянскім быце ачышчальнае і аздараўленчае месца адначасова, — стала прытулкам дэманічных істот. Гэта можна патлумачыць тым, што ў лазні сустракаюцца дзве прыродныя стыхіі — вада і агонь. Лазню лічылі нежылой прасторай, таму сюды ніколі не прыносілі абразоў, свечак, хлебную дзяжу і іншыя прадметы, якія былі ў хаце. Часцей за ўсё лазню ставілі на ўскрайку сядзібы, на памежку паміж сваім дваром і суседскім. А пры добрых суседскіх адносінах лазню маглі збудаваць, як кажуць, "на дваіх" (г. зн. на дзве, а то і тры сям'і.) Разам з тым, у лазні заўсёды падтрымлівалі чысціню і парадак, бо ў ёй даводзілася не толькі мыцца, але і выконваць некаторыя сямейна-родавыя абрады — напрыклад, прымаць роды, "правіць" народжанае дзіця. У дзявочы вечар перад вяселлем нявесту таксама прыводзілі ў лазню. А яшчэ тут варажылі, лячылі хворых. Лазнік — дух лазні, у беларускіх вераваннях лічыўся найбольш злосным і шкодным сярод астатніх хатніх і сядзібных духаў. Верылі, што лазнік абавязкова пакарае калецтвам або хваробай таго, хто будзе мыцца і парыцца пасля поўначы. Каб задобрыць лазніка, прыносілі пачастункі (хлеб, соль, цукар, закопвалі пад парогам лазні чорных пеўня або курыцу), стараліся ў лазні не працаваць. Напрыклад, гаварылі, што лазнік вельмі не любіць, калі ў лазні апрацоўваюць лён і падлогу засыпаюць кастрыцай. У такім выпадку лазнік збяжыць, а сама лазня згарыць або разваліцца. Калі дамавіка запрашалі ў новую хату, то лазніка — ніколі. У адносінах да лазні ў культуры славянскага народа было выпрацавана шмат правілаў, парушаць якія катэгарычна забаранялася. Лічылася, што непаважлівыя адносіны да самой лазні і да яго духа — лазніка — адмоўна адаб'юцца на здароўі ўсіх членаў сям'і. Перад уваходам у лазню абавязкова хрысціліся. Пры ўваходзе ў лазню прасілі ў гаспадара-лазніка дазволу папарыцца — палепшыць здароўе, а калі выходзілі — дзякавалі: "Табе, лазенька, на стаянне, а нам на здароўе". У лазні забаранялася гучна размаўляць, спяваць, сварыцца. У лазню не ўносілі крыжы і іконы. Не хадзілі ў лазню ў святочныя ("святыя") дні. На месцы былой (зруйнаванай, разбуранай) лазні ніколі не будавалі хату. Забаранялася ўваходзіць у лазню з "трэцяй" парай: нашы продкі былі ўпэўнены, што ў гэты час парыўся сам лазнік. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З даўніх часоў славяне будавалі невялікія драўляныя пабудовы для мыцця — лазні. Паводле народных павер'яў, лазня — неабходнае ў сялянскім быце ачышчальнае і...
|
|