Свет дзяцінства — самы лепшы!
24.02.2011
—
Новости Общества
|
Выпадковасць гэта ці не, але пэўны сімвалізм у тым, што VІІ міжнародная спецыялізаваная выстава "Свет дзяцінства 2011" пачалася менавіта 23 лютага — у Дзень абаронцаў Айчыны — напэўна, ёсць. Памятаеце: "павінны смяяцца дзеці, а неба — мірным быць?!" Не ведаем, што з самай раніцы рабілі ў выставачным павільёне ў Мінску па вуліцы Янкі Купалы, 27 курсантаў (на жаль, яны сышлі раней, чым мы паспелі з імі паразмаўляць), аднак маладыя хлопцы ў камуфляжы на фоне дзіцячых калысак, пялюшак і цацак, цяжарных жанчын і матуль з малымі дзеткамі на руках выглядалі ў пэўным сэнсе кранальна... Выстава арганізавана пад патранажам міністэрстваў гандлю, адукацыі, аховы здароўя і Мінгарвыканкама. Яе мэта — прасоўванне на беларускі рынак высакаякасных экалагічна бяспечных тавараў дзіцячага асартыменту ад айчынных і замежных вытворцаў, рэалізацыя новых перспектыўных тавараў, а таксама, у прыватнасці, азнаямленне спажыўцоў з сучаснымі высокаэфектыўнымі распрацоўкамі ў галіне тавараў і паслуг для дзяцей і будучых матуль. Калі гаварыць больш проста: усё лепшае — дзецям! Узброіўшыся гэтымі словамі як дэвізам, мы і рушылі на выставу ў пошуках гэтага ўсяго самага лепшага. ...Драўляныя цацкі — цяжкае дзяцінства. Памятаеце гэтую фразу, якая з цягам часу страціла свой першасны сэнс і набыла некалькі грубаватае, негатыўнае адценне — як адзін з сімвалаў не такога і далёкага жыцця? Але калі разабрацца па сутнасці, у некага з ранейшых пакаленняў сапраўднага дзяцінства і не было, а цацкі калі і былі — дык па большасці драўляныя, самаробныя... — На шчасце, мы пасталелі. Ды і цяперашнія пакаленні пазбаўленыя гэтых стэрэатыпаў. І зараз драўляныя цацкі ўспрымаюцца цалкам натуральна, больш за тое, яны цэняцца найперш за экалагічнасць, прыгажосць — многія з нашых вырабаў могуць стаць сапраўдным упрыгажэннем інтэр'еру, — расказвае індывідуальны прадпрымальнік з Брэста Валерый АБРАМУК. Ён пастаўляе на наш рынак драўляныя канструктары — зборныя мадэлі. Каб было больш зразумела, гэта як тыя пазлы, толькі аб'ёмныя. Уявіце сабе лісты фанеры, на якіх выразаны патрэбныя дэталі, што трэба скласці па схеме, якая даецца да канструктара. Разлічаны драўляныя канструктары, у асноўным, на дзетак ад пяці гадоў і больш. Некаторыя мадэлі можна сабраць толькі з дапамогай дарослых, якія, дарэчы, па словах суразмоўцы, таксама часам не супраць прыгадаць дзяцінства. Напрыклад, канструктар "Будынак венгерскага парламента", у якім 200 дэталяў. А можа быць і зусім невялікая, з некалькіх дэталяў канструкцыя — для дзетак, якім больш за тры гады. Апошняя каштуе ў розніцу тысячу рублёў. Больш складаныя і вялікія ў асноўнай масе — да 20 тысяч. Гаворка ідзе пра кітайскія вырабы, ліцэнзійную вытворчасць. Валерый Абрамук кажа, што нашы прадпрыемствы падобныя драўляныя канструктары не выпускаюць. А калі б наважыліся, яны каштавалі б у два-тры разы больш за імпартныя мадэлі. Былі спробы ў Расіі наладзіць вытворчасць зборных канструкцый, але поспеху не мелі. У выставе індывідуальны прадпрымальнік удзельнічае ўпершыню, хоць працуе ў гэтым накірунку ўжо пяць гадоў і прадукцыю ад яго можна набыць у крамах па ўсёй Беларусі. Кажа, што такім чынам хацеў бы папулярызаваць гэты накірунак сярод аптовых заказчыкаў. ...Сучасная дзіцячая калыска мае модульны тып. Прычым можна ўстанаўліваць розныя варыянты люлькі — як для немаўляці, так і для больш старэйшага дзіцяці, або маленькае крэсліца. Надзейнасць, трываласць і прастата адначасова дазваляюць спраўляцца з калыскай нават адной матулі, без старонняй дапамогі, што часам бывае так важна. — Ва ўсім свеце зараз ідзе вяртанне да рэтра, да тых калясак, якімі карысталіся некалі нашы матулі, дакладней, матэрыялаў, з якіх яны вырабленыя, — натуральных, экалагічных, — кажа наш наступны суразмоўца, камерцыйны дырэктар лідскай кампаніі "Татабел" Андрэй ДРАЖЫН. Яна з'яўляецца эксклюзіўным дыстрыб'ютарам польскай кампаніі "Тако" (татачка). — Мы працуем з 2008 года і бачым, як змяняецца стаўленне людзей да прадукцыі. Так, гэтыя калыскі — не танныя, але ў краіне з'яўляецца ўсё больш людзей, што гатовыя аддаваць грошы за натуральныя матэрыялы, ручную працу, новыя тэндэнцыі. Напрыклад, зараз модным з'яўляецца выкарыстанне, напрыклад, лёну, натуральнай скуры. Прадукцыя выпускаецца калекцыямі або тэмамі: калі ў адным стылі можна падабраць шмат аксэсуараў. Важна, што мы на працягу года даём гарантыйныя абавязацельствы. На жаль, прадаецца ж і кантрабандны тавар, — распавёў суразмоўца. Валерый АБРАМУК дэманструе драўляныя канструктары. Упадабаная намі адна з мадэляў з выкарыстаннем натуральнай скуры выглядала вельмі шыкоўна, шкада, што фотаздымак не можа перадаць усіх нюансаў, якія заўважае вока. Каштавала такая калыска 1,8 мільёна рублёў. "У параўнанні з італьянскімі гэта — танна", — адказалі на наша пытанне. РУП "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні" прадставіў на выставе ўсе віды прадуктаў харчавання для дзяцей: хлеб, кандытарскія вырабы, мясныя прадукты, кансервы... Але нас (пра ўсё ж расказаць немагчыма) найперш зацікавіла навінка, якую з канца студзеня пачало вырабляць РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" — ёгурты для дзіцячага харчавання (ад года да трох гадоў) "Заюшка". Нам з гонарам зазначылі, што такі прадукт выпушчаны ў Беларусі ўпершыню, ён ужо паступіў у гандлёвую сетку. — Да нас ужо падыходзілі наведвальнікі, пазнавалі прадукцыю, казалі, што паспелі яе пакаштаваць. Шчыра кажучы, мы яе самі яшчэ на паліцах не бачылі, — расказалі нам. Але чаму лічыцца, што такі прадукт выпушчаны ўпершыню, калі на паліцах у крамах і дагэтуль можна было знайсці ёгурты? — Наш — экалагічна чысты, без дабавак, а таму вадкі — пітны. А людзі ж прызвычаіліся, што ёгурт трэба есці лыжкай. На такіх прадуктах нідзе не пазначана, што яны прызначаныя для дзіцячага харчавання, паколькі не адпавядаюць санітарным нормам і правілам, — патлумачыла нам навуковы супрацоўнік РУП "Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі Беларусі па харчаванні" Таццяна ТРАФІМАВА. — І дзетак ім кормяць, як кажуць, пад сваю адказнасць. Таму наш ёгурт і з'яўляецца першым, што адпавядае ўсім неабходным патрабаванням. Мы паспыталі навінку — сапраўды, смачна. Убачыце, набудзьце для сваіх дзетак. ...— У чым вы бачыце сэнс жыцця? — ужо нас спыняюць пытаннем на адным са стэндаў чароўныя жанчыны. — Пытанне не такое простае, як падаецца... Калі гаварыць пра бліжэйшы час: аператыўна зрабіць сваю працу — вярнуцца ў рэдакцыю і хутка і цікава напісаць пра выставу. Калі ў глабальным сэнсе, напэўна, годна пражыць сваё жыццё, прынесці працай плён... А цяпер раскажыце пра сябе. Аказалася, гэта былі прадстаўнікі аднаго з васьмі мінскіх цэнтраў, прыязных падлеткам, — самага маладога медыцынскага моладзевага цэнтра "Ювентус", які працуе на базе 17-й дзіцячай гарадской клінічнай паліклінікі. У цэнтры пастаянна працуюць і кансультуюць падлеткаў ад 10 да 18 гадоў, а таксама і дарослых — бацькоў, падлеткавы ўрач, псіхолаг, уролаг-андролаг, дэрмавенеролаг, гінеколаг, валеолаг. — Часцей за ўсё да нас першымі прыходзяць бацькі, маці, якія самастойна не могуць справіцца з дзецьмі. Яны заўважаюць, што з тымі нешта не так, яны паводзяць сябе інакш. Мы кансультуем іх — і індывідуальна, і разам з дзецьмі і членамі сям'і, і па тэлефоне, і пры вочных сустрэчах — па розных праблемах, што ўзнікаюць, прапануем варыянты выхаду з крызіснай сітуацыі. Усё цалкам бясплатна і ананімна, — распавялі суразмоўцы нам. ...Тэматыка выставы — надзвычай шырокая. Тут можна азнаёміцца з навінкамі дзіцячай мастацкай і вучэбнай літаратуры, пабачыць цацкі і гульні, у тым ліку і развіццёвыя, электронныя. Пабачыць тавары для будучых і кормячых маці, сродкі і абсталяванне медыцынскага прызначэння для догляду за дзецьмі, тавары для здароўя і фізічнага іх развіцця. Азнаёміцца з узорамі мэблі і абсталявання для дома і навучальных устаноў. Даведацца пра студыі дзіцячай творчасці і спартыўныя секцыі... Словам, на выставе пад адным дахам сабрана ў "канцэнтраваным" выглядзе ўсё тое, што і павінна складаць па-сапраўднаму шчаслівае дзяцінства! Застаецца толькі дадаць для ахвотных патрапіць на гэты прадстаўнічы форум, што выстава будзе працаваць да 26 лютага ўключна. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выпадковасць гэта ці не, але пэўны сімвалізм у тым, што VІІ міжнародная спецыялізаваная выстава "Свет дзяцінства 2011" пачалася менавіта 23 лютага — у Дзень... |
|