“Яны ж, нават моцныя, — крышку мімозы...”. ТОП-7 жанчын у беларускай гісторыі. 21.by

“Яны ж, нават моцныя, — крышку мімозы...”. ТОП-7 жанчын у беларускай гісторыі

05.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ на самым пачатку нашага праекта хтосьці з навукоўцаў, якіх запрасілі да абмеркавання пытання, каго ці што лічыць цудам Беларусі, даволі слушна заўважыў: “Ці не з’яўляюцца галоўным цудам Беларусі нашы жанчыны?”. Чаму пра гэта ўспомнілі? Ды проста, рыхтуючы публікацыю “з нагоды” жаночага свята, зазірнулі ў кнігі гісторыкаў. І ахнулі! Якія лёсы, страсці, інтрыгі!.. Шэкспір адпачывае! І гэта пры тым, што ў летапісах жанчынам удзялялі ўвагі значна менш, чым мужчынам. Каб трапіць у рукапісную гісторыю, трэба было вельмі таго заслужыць: шчасцем — на зайздрасць усяму свету, няшчасцем — таму ж свету на гаворку, смеласцю, прыгажосцю...

Самая ганарлівая —  Рагнеда РагвалодаўнаНевядома, колькі гадоў было дачцэ знакамітага полацкага князя Рагвалода, калі палітычныя разлікі прывялі сватацца да яе кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча. Ганарыстая і няўрымслівая князёўна ўспыхнула ад адной думкі, што сын рабыні (Уладзімір быў незаконным сынам князя Святаслава і паланянкі Малушы) адважыўся пасватацца да яе. Без усялякіх цырымоній кінула князю: “Не хачу разуці рабычыча...” Абражаны Уладзімір захапіў Полацк. Уся княжацкая сям’я загінула, а Рагнеду князь згвалтаваў прама на плошчы, а пасля забраў у Кіеў. Полацкая князёўна не скарылася і там — яна ўзняла на князя кінжал. Выратаваў яе ад пакарання смерцю толькі сын Ізяслаў. Скончыла жыццё непакорная княгіня ў манастыры ля Заслаўя пад іменем Анастасія.

Самая авантурная — Ганна ЯраславаўнаНягледзячы на прыгажосць, Ганна, сярэдняя дачка Яраслава Мудрага і ўнучка Рагнеды, засядзелася ў дзеўках аж да 25 гадоў. Выратаваў Ганну ад лёсу старой дзевы французскі кароль Анры І, які зрабіў яе сваёй каралевай. Але сапраўднае каханне прыйшло да яе пасля смерці мужа: Рауль, граф  Крэпі і Валуа, даведаўшыся, што Ганна чакае ад яго дзіця, пасадзіў яе на каня і, як простую пастушку, звёз у сталіцу свайго графства. І хоць быў ужо жанаты (першую жонку Рауль выгнаў, даведаўшыся пра яе здраду), захапіў нейкага клірыка і абвянчаўся з Ганнай. Французы ахнулі, даведаўшыся пра ўчынак любай каралевы. Такое магла дазволіць сабе — абвянчацца з жанатым, усяго толькі графам, ды такім ганебным чынам! — толькі варварка. Але маладыя кахалі адзін аднаго і, нягледзячы нават на вымову самога Папы Рымскага, працягвалі жыць разам.

Самая непрыступная — Лізавета ЯраславаўнаЯшчэ адна ўнучка Рагнеды апета ў сагах, вершах і прыгодніцкіх раманах  як “Герда з Гарда”. Менавіта ў гэтую самую прыгожую  і адначасова непрыступную дачку князя Яраслава Мудрага закахаўся малады нарвежац Харальд, які кіраваў княжацкай славянска-варажскай дружынай. Закахаўся, меў бяду. “Ты, Харальд, хлопец талковы і паходжання добрага, — сказаў яму Яраслаў. — Але ж у цябе ні дзяржавы, ні багаццяў. А калі так, то, каб шлюб твой не здаваўся няроўным, ты павінен праславіць сваё імя і здабыць багацце”... Харальд на развітанне падарыў каханай залатую грыўну і прасіў не здымаць, пакуль  не вернецца. Хутка слава пра Харальда Суровага і яго баявыя поспехі разнеслася па ўсім Міжземнамор’і і наваколлях. Тым больш што ўсе свае перамогі Харальд, да таго ж выдатны скальд (бард), уславіў у сваіх песнях. Дарэчы, як і сваю непрыступную каханую: “...А руская дзяўчына з залатою грыўнай мяне не хоча”. Безумоўна, калі Харальд вярнуўся з караблямі золата і каштоўнасцей, маладыя згулялі вяселле.

Самая творчая — Францішка Урсула РадзівілФранцішка з дзяцінства пісала вершы. Яна літаральна засыпала свайго мужа любоўнымі лістамі і рыфмаванымі прызнаннямі. Да літаратурнай дзейнасці дабавілася ў хуткасці тэатральная. У 1746 годзе Францішка ўзяла пад сваё кіраўніцтва нясвіжскі тэатр. Пісала для яго ўласныя п’есы, перарабляла французскія камедыі і трагедыі. Паспрабавала сябе нават у напісанні оперных лібрэта. Яе сталі называць Нясвіжскай Мельпаменай. Клапацілася князёўна і пра развіццё Нясвіжа. Дзякуючы ёй аднавіла дзейнасць замкавая друкарня, пачала выходзіць газета, узнікла “Кніга партрэтаў Радзівілаў”.

Самая няшчасная — Ганна КобрынскаяГанна Сямёнаўна Кобрынская па дамове брата ў выніку палітычных перамоў была выдадзена замуж за князя Фёдара Іванавіча Бельскага. Аднак жонкай Бельскага, які ёй вельмі спадабаўся, хоць выбар рабіла не яна, Ганна пабыла ўсяго толькі адзін дзень.  У шлюбную ноч малады князь уцёк, бо была раскрыта дзяржаўная змова: на вяселлі хацелі забіць караля, і жаніх быў сярод змоўшчыкаў. Уцёк Бельскі далёка — да маскоўскага князя. Маладая жонка Фёдара засталася дома, хоць і марыла раздзяліць лёс свайго суджанага на чужыне. Але Казімір Ягелончык — кароль, на якога і быў зроблены замах, пакінуў Ганну Кобрынскую-Бельскую у заложніцах, разлічваючы, што малады вернецца за ёю і тады будзе абавязкова схоплены і пакараны. За Бельскіх нават заступаўся маскоўскі князь Іван ІІІ, які патрабаваў выдаць Ганну яе законнаму мужу, аднак з Вялікага Княства Літоўскага прыйшоў адказ: “Няхай едзе і забірае”. Зразумела, што паехаць на радзіму князь Фёдар не мог — там яго чакала шыбеніца. Фёдар змагаўся за Ганну сямнаццаць гадоў — амаль трэцюю частку свайго жыцця. Палову жыцця, дваццаць адзін год, захоўвала вернасць каханаму Ганна. Інтарэсы дзяржавы аказаліся вышэй за пачуцці двух людзей.

Самая прыгожая — Барбара РадзівілПравільныя рысы твару, роўны нос, прыгожы абрыс броваў, глыбокія бяздонныя вочы колеру сапраўднага піва (так пісалі пра яе летапісцы)... Пра каханне Барбары і караля Жыгімонта, пра інтрыгі пры каралеўскім двары, ахвярай якіх стала нясвіжская прыгажуня, напісаны кнігі, пастаўлены спектаклі, дагэтуль ходзяць па зямлі беларускай незвычайныя легенды, так падобныя да праўды, што яно, можа, праўда і ёсць. Адна з такіх легенд — нібыта па загаду Жыгімонта, які смуткаваў па сваёй каралеве, на абразе Маці Божай Вастрабрамскай пры яго аднаўленні, твар святой напісаны з прыжыццёвага партрэта Барбары. Кожны, хто бачыў абраз, пагодзіцца: падабенства ёсць. Дый твар у Багародзіцы занадта зямны, незвычайна прыгожы і... крышачку грэшны...

Самая смелая — Эмілія ПлятэрБылі ў беларускай гісторыі і свае Жанны д’Арк. Дачка Вітаўта Соф’я, княгіня Маскоўская, падняла горад на абарону ад татар. А Эмілія Плятэр, маладзенькая рамантычная графіня, якая збірала беларускі фальклор і пісала вершы, далучылася да паўстання 1831 года, сваёй адвагай заслужыла павагу ў мужчын і цалкам рэальнае званне капітана. Памерла гераіня вельмі празаічна: не на полі бою, а ад звычайнай прастуды, якую падхапіла ў паходзе...Што ж, мае рацыю класік: “Яны ж, нават моцныя, — крышку мімозы” ...А памятаеце, як далей: “Іх трэба любіць на гэтай зямлі...”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ на самым пачатку нашага праекта хтосьці з навукоўцаў, якіх запрасілі да абмеркавання пытання, каго ці што лічыць цудам Беларусі, даволі слушна заўважыў: “Ці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика