Святочны партрэт, альбо Жыццё, падоранае людзям. 21.by

Святочны партрэт, альбо Жыццё, падоранае людзям

11.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Няма, напэўна, большага цуду на Зямлі, чым нараджэнне чалавека. Ён з’яўляецца на свет, і жанчына, прайшоўшы праз боль, часам пакутлівы і невыносны, забываецца на ўсе нягоды: яна спазнае самае галоўнае шчасце – быць маці.

Мая сённяшняя гераіня – не шмат-дзетная маці, чый жаночы подзвіг адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі і званнямі. Хаця, па праўдзе кажучы, яе таксама можна так назваць: не адзін дзесятак гадоў і не аднаму пакаленню нашых землякоў яна дапамагала з’явіцца на свет. Цудоўная жанчына – жонка, маці, бабуля, выдатны прафесіянал – у нядаўнім мінулым вядомы на ўвесь раён акушэр-гінеколаг, ганаровы жыхар Дзяржынскага раёна – усе гэтыя словы толькі, як кажуць, лёгкія “штрыхі” да партрэта Ванды Станіславаўны Ксяневіч. Нагода “намаляваць” яго выпала якраз напярэдадні 8-га сакавіка.

…“Ну, можа не трэба пра мяне пісаць?” – сціпла аднекваецца маладжавая, надзвычай энергічная і па-дзявочаму рухавая (ніяк нельга назваць яе пенсіянеркай) Ванда Станіславаўна. І тым не менш, частуючы мяне духмяным чаем і адмыслова спечанымі булачкамі, у лёгкай, нязмушанай гутарцы расказвае пра сваё жыццё: пра мінулае і сучаснае, пра дом, сям’ю і канечне, пра працу, якой аддадзена 45 гадоў.

Казахстанская маладосць

Яна з дзяцінства ведала, што будзе ўрачом. Пах бальніцы, які ў многіх з нас выклікае разгубленасць і страх, вясковай дзяўчынцы з прыгожым, шляхетным іменем Ванда, наадварот, здаваўся незвычайна зманлівым і прыцягальным. І мара збылася: у пачатку 60-ых гадоў мінулага стагоддзя ўраджэнка Стаўбцоўскага раёна апынулася ў Мінску: яна стала студэнткай прэстыжнага і па сённяшні дзень медыцынскага інстытута.

Падчас вучобы адбылася і самая галоўная ў яе жыцці сустрэча – з будучым мужам. (Забягаючы наперад, адзначу, што Казімір Паўлавіч Ксяневіч – асоба ў раёне не менш вядомая і славутая. Доўгі час ён узначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і, безумоўна, таксама варты таго, каб стаць героем асобнага нарыса).

Студэнцкія гады прамільгнулі як адзін дзень, і вось ужо 1966 год – момант адліку трохгадовага казахстанскага перыяду. У далёкі край выпускніца медінстытута трапіла невыпадкова. Яна паехала ўслед за сваім абраннікам: яго, учарашняга студэнта інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, накіравалі туды на працу.

Зусім іншая, непадобная да беларускай прырода, складаныя ўмовы надвор’я, вялікія адлегласці, якія ёй, участковаму доктару, даводзілася пераадольваць, каб дабрацца да хворых, – маладосць, а таксама дабрасумленнасць і адданасць справе дапамагалі справіцца з усімі цяжкасцямі. Той час Ванда Станіславаўна і зараз памятае надзвычай выразна і ярка. Напрыклад, выпадак, калі яна выратавала жыццё хворай на запаленне лёгкіх дзяўчынцы: несла яе, каб паспець да бальніцы, некалькі кіламетраў на руках. Потым шчаслівая маці ў знак удзячнасці падарыла доктару… банку гусінага тлушчу і папрасіла пры гэтым прабачэння: “Я б прынесла Вам кветкі, але ж хіба знойдзеш іх позняй восенню сярод стэпу…”. Дарэчы, пасля гэтым тлушчам змазвалі апёкі хворым.

Быў у тыя гады для маладога спецыяліста і прыклад для пераймання. У тым, што Ванда Станіславаўна менавіта “жаночы” доктар, вялікая заслуга Валянціны Антонаўны Анджэеўскай – акушэра-гінеколага, з якой пашчасціла працаваць разам.

Праца, прапушчаная праз сэрца

І ўсё ж родная зямля вабіла, клікала дадому маладых беларусаў. У 1969-м Ксяневічы, ужо не ўдваіх, а ўтраіх – разам з сынам – вярнуліся на бацькаўшчыну. Менавіта Дзяржынск стаў для іх тым месцам, дзе яны знайшлі сваё і сямейнае, і прафесійнае шчасце.

Неўролаг, гінеколаг, загадчык радзільнага аддзялення (каля 25 гадоў), акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі – сваю прафесійную біяграфію (дарэчы, яна заслужана ўшанавана знакам “Выдатнік аховы здароўя”) Ванда Станіславаўна “пісала” ў Дзяржынскай райбальніцы. За кожнай пасадай – гады напружанай працы, якая заўсёды патрабавала не толькі фізічных, а перш-наперш душэўных сіл. Да кожнай жанчыны, што звярталася па медыцынскую дапамогу, так важна было знайсці падыход і патрэбныя словы. Дарэчы, мая субяседніца і зараз выдатна памятае імёны многіх сваіх пацыентак, дакладныя даты, калі яны станавіліся мамамі. “Напэўна, цяжка было кожны выпадак прапускаць праз сэрца?” – цікаўлюся падчас гутаркі. “А хіба ж можна інакш?!” – шчыра здзіўляецца суразмоўца. І расказвае далей, як ёй, чалавеку глыбока веруючаму, даводзілася адгаворваць наведвальніц ад самага цяжкага для жанчыны граху – аборту, як пасля дзякавалі маці, што шчыра радаваліся поспехам сваіх дзетак. “А здаралася, што не адгаворыш ад непапраўнай памылкі, і цяжар чужой легкадумнасці кладзецца і на твае плечы…” – разважае Ванда Станіславаўна на такую далікатную тэму.

Шчасце – прыносіць радасць іншым

І тым не менш добрага, станоўчага ў нялёгкай працы вядомага на Дзяржыншчыне спецыяліста, безумоўна, было болей. Яна дапамагала з’явіцца на свет новаму жыццю, і ўдзячны лёс падарыў ёй за гэта цудоўную маладосць і незвычайную энергічнасць. Ванда Станіславаўна і зараз, як кажуць, не сядзіць на адным месцы. Яна разводзіць шыкоўныя кветкі, што зімой упрыгожваюць інтэр’ер яе дома, а летам – прысядзібны ўчастак вакол яго; сочыць за культурнымі падзеямі і пастаянна наведвае сталічныя тэатры і канцэртныя залы; цікавіцца разнастайнымі праявамі сучаснага жыцця і, канечне, ніколі не адмаўляе ў дапамозе, па якую так часта звяртаюцца да яе людзі. А яшчэ шчыра радуецца поспехам сваіх сыноў, нявестак, унучак: побач з імі, а таксама поруч з надзейным спадарожнікам жыцця – Казімірам Паўлавічам – яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

“А як Вам удавалася паспяваць адразу на двух “франтах” – і дома, і на працы?” – не магу не задаць актуальнае для нашых сучасніц пытанне. “Напэўна, Бог дапамагаў, – зноў хаваецца за сціпласцю гэта абаяльная жанчына. – А калі шчыра, муж (а ён таксама шмат часу аддаваў сваёй рабоце) заўсёды разумеў спецыфіку маёй дзейнасці – напружаны графік, познія выклікі, вялікую адказнасць, якую даводзілася браць, бо табе давяралі жыццё людзей. А таму спрэчак і канфліктаў у нас ніколі не ўзнікала”.

…Кожны раз, сустракаючыся з героямі сваіх будучых публікацый, цікаўлюся – як яны разумеюць чалавечае, сямейнае шчасце? “Прыносіць радасць людзям, рабіць іншых шчаслівымі”, – іншы адказ з вуснаў Ванды Станіславаўны Ксяневіч проста не мог прагучаць. Бо дарыць шчасце людзям – мацярынскае, бацькоўскае – хіба гэта не самае высокае прызванне?

Ірына ДРАБЫШЭЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Няма, напэўна, большага цуду на Зямлі, чым нараджэнне чалавека. Ён з’яўляецца на свет, і жанчына, прайшоўшы праз боль, часам пакутлівы і невыносны, забываецца на ўсе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика